Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Славянскае адзінства пад покрывам таямніцы


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня ў Менску адкрываецца 9-ы Ўсеслявянскі зьезд, на які запрошаныя Зюганаў, Барадзін, Сіманенка ды іншыя вядомыя славяне. Аднак шмат якія пытаньні арганізацыі зьезду ягоныя ініцыятыры не афішуюць. Сярод іншага застаецца таямніцай фінансавы бок “агульнаславянскага сходу ”.

“Гэй, славяне!” Магчыма, такім будзе лёзунг, які сёньня вывесяць у малой залі кінаканцэртнага комплексу “Менск”. Там адкрыецца 9-ы Ўсеславянскі зьезд, на які зьбяруцца прадстаўнікі славянскіх народаў. Аднак пад якім дакладна лёзунгам будзе праходзіць зьезд і якая ў яго праграма — невядома. Журналістаў недзяржаўных мэдыяў не акрэдытавалі, не былі шматслоўнымі арганізатары і па тэлефоне. Увогуле адмовіўся ад інтэрвію кіраўнік аргкамітэту зьезду дэпутат беларускага парлямэнту Сяргей Касьцян, а другі вядомы сябра аргкамітэту, вядучы беларускага тэлебачаньня Яўген Новікаў абяцаў зьвесткі ў сьветлай будучыні.

(Новікаў : ) “Ніякай інфармацыі даць ня можам. Заўтра вы пра ўсё даведаецеся, дакладней, пасьлязаўтра з прэсавага рэлізу. Глядзеце беларускае тэлебачаньне, там усё пабачыце і ўсё зразумееце”.

Між тым некаторыя зьвесткі пра сьвята славянскага адзінства прасачыліся. У прыватнасьці, беларускі аргкамітэт запрасіў на яго лідэра расейскіх камуністаў Генадзя Зюганава, адказнага сакратара Саюзу Расеі й Беларусі Паўла Барадзіна, лідэра ўкраінскіх камуністаў Пятра Сіманенку ды іншых вядомых славянаў. Праўда, на ўчорашні вечар яшчэ не было дакладна вядома, ці прыедуць гэтыя асобы ў Менск. Усяго зьедуцца каля 250 дэлегатаў з 18 краінаў. Беларуская дэлегацыя налічвае 30 чалавек. Як падбіраліся гэтыя людзі і хто дэлегаваў славянаў на менскі зьезд у іншых краінах — арганізатары таксама не тлумачаць.

Зьезд пройдзе на дарагой пляцоўцы — кінаканцэртным комплексе “Менск”. Для дэлегатаў зьнятыя нумары ў найлепшых гатэлях беларускай сталіцы. Усім удзельнікам будуць аплачаныя выдаткі на пражыцьцё і дарогу. А хто фінансуе гэтае мерапрыемства, якое, паводле папярэдніх падлікаў, абыйдзецца амаль ў сто тысячаў даляраў? Пакуль гэтае пытаньне застаецца бяз пэўнага адказу. Удалося толькі высьветліць, што з арганізатараў ня возьмуць плату за тры дні арэнды малой залі ў кінаканцэртным комплексе “Менск”. Яго супрацоўніца так тлумачыць сытуацыю:

(Жанчына: ) “Арэнда ў нашай залі каштуе 70 эўра за гадзіну. Але гэта калі камэрцыйнае мерапрыемства, а калі некамэрцыйнае, то можа быць бясплатным. А гэта дзяржаўнае палітычнае мерапрыемства, я так разумею”.

Чаму менавіта афіцыйны Менск узяўся арганізоўваць чарговы збор актывістаў славянскіх арганізацыяў? Палітоляг Уладзімір Падгол лічыць, што беларуская дзяржава апякуецца зьездам з палітычных прычынаў, сярод якіх найперш асабістыя інтарэсы кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.

(Падгол: ) “Пуцін не прэтэндуе на ролю кіраўніка славянаў, а Лукашэнка ўсе гады свайго праўленьня прэтэндуе. Таму ў адну скарбонку зьбіраецца і лінія Сталіна, і Ўсеславянскі зьезд, і будучы Славянскі базар".

У Нацыянальным прэсавым цэнтры Беларусі мне паведамілі, што Усеславянскі зьезд заяўлены як мерапрыемства, якое пройдзе пад эгідай Палаты прадстаўнікоў. Такім чынам, выдаткі на славянскі зьезд цалкам пакрыюць за кошт усіх беларускіх падаткаплатнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG