Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны лекар Тураўскага шпіталю можа застацца бяз працы


Казімер Яноўскі, Гомель Кіраўніца Тураўскага раённага шпіталю Ірына Сяргейчык, якая нядаўна разам з амбасадарам Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Джорджам Кролам урачыста адкрыла новы рэабілітацыйны цэнтар, можа застацца бяз працы. Сёньня калегія Гомельскага абласнога суду скасавала рашэньне Жыткавіцкага суду наконт аднаўленьня на працы Ірыны Сяргейчык.

Галоўнага лекара Тураўскага шпіталю Ірыну Сяргейчык звольнілі яшчэ ў студзені на той падставе, што нібыта досьвед і веды галоўнага лекара не адпавядаюць займанай пасадзе. Прадстаўнік Жыткавіцкага мэдычнага аб''яднаньня ў судзе, адвакат Міхаіл Карабейнік распавядае:

(Карабейнік: ) “На падставе характарыстык і матэрыялаў начальніцы атэстацыйнай камісіі прыйшлі да высновы, што Сяргейчык не адпавядае займаемай пасадзе менавіта галоўнага лекара”.

У красавіку Жыткавіцкі раённы суд паводле пазову Ірыны Сяргейчык прызнаў перадузятымі высновы атэстацыйнай камісіі і загад кіраўніка мэдычнага аб''яднаньня Канстанціна Грамака на звальненьне. Спадарыні Сяргейчык павінны былі сплаціць звыш 1 мільёна рублёў заробку за вымушаны прагул. Акурат гэтае рашэньне і аспрэчвала цяпер у абласным судзе адміністрацыя мэдычнага аб''яднаньня з Жыткавічаў.

Як распавяла Ірына Сяргейчык, Канстанцін Грамак і раней звальняў яе з працы, але суд аднавіў.

Гэтым разам незадавальненьне раённага мэдычнага кіраўніка выклікаў калектыўны зварот тураўскіх медыкаў у міністэрства аховы здароўя ды іншыя інстанцыі. Яны абураліся патрабаваньнем раёну скараціць амаль напалову аддзяленьні шпіталю і пэрсанал.

Гаворыць Ірына Сяргейчык:

(Сяргейчык: ) “Мне тады і сказалі: паколькі я нібыта ня годна сябе паводжу, выказваю незадавальненьне, у тым ліку і ўладай, выказваю меркаваньні, якія адрозьніваюцца ад меркаваньняў кіраўніка ТМА, якому падпарадкавана, менавіта таму і нельга працаваць разам”.

Адвакат спадарыні Сяргейчык Міхаіл Матусевіч лічыць, што адміністрацыя мэдычнага аб''яднаньня, праўдападобна, не задаволена яшчэ і тым, што галоўны лекар усю фінансаваю дапамогу ЗША выкарыстала на будаўніцтва цэнтра рэабілітацыі, не падзялілася зь іншымі мэдычнымі ўстановамі раёну:

(Матусевіч:) “Сяргейчык не дала ніякай часткі замежнай фундатарскай дапамогі Жыткавіцкаму ТМА, таму, пэўна, і тут пайшлі разнагалосьсі”, – мяркуе адвакат Матусевіч.

Абласны суд вырашыў накіраваць справу наконт звальненьня Ірыны Сяргейчык на новы разгляд у Жыткавічы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG