Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы на расейскай Поўначы (Рэспубліка Комі)


Ганна Сурмач, Прага (14.06.2005). Расейская Поўнач здаўна стала мейсцам, дзе абжывалася прымусовая эміграцыя зь Беларусі. Удзельнікі паўстаньняў супроць царскіх уладаў, ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў, беларускія спэцыялісты, якіх засылалі на працу ў пасьляваенны час зрабілі свой значны ў асваеньне і разьвіцьцё гэтага рэгіёна Расеі. Сёньня там жывуць і працуюць іх нашчадкі. Новая перадача сэрыі "Беларускае замежжа". Удзельнікі: Мітрафан Курачкін (Сыктыўкар), Антаніна Філіпава (Эжва).

Рэспубліка Комі зьвязаная зь Беларусьсю асабліва моцнай повязьзю. Сюды ў перадваенны і пасьляваенны час трапіла шмат ссыльных беларусаў і многія зь іх засталіся там назаўсёды. Прыгадаем тут знакамітую Варкуту, Ухту і шматлікія лягеры спэцперасяленцаў у гэтых мясьцінах.

У 60-70 гады на Поўнач зь Беларусі ехалі на заробкі, а некаторыя трапілі туды і па разьмеркаваньні пасьля заканчэньня вучобы.

Колькі сёньня беларусаў налічваецца ў Комі? Гэтае пытаньне я задаю Мітрафану Курачкіну, журналісту з Сыктыўкара.

(Курачкін: ) "Цяпер 15 тысяч паводле апошняга перапісу, а раней было 27 тысяч. Многія ад''ехалі ў Беларусь. Усе нацыянальныя мяншыні тут колькасна за апошні час паменшыліся. Яшчэ прычына і ў тым, што ў нас адмянілі графу нацыянальнасьці і шмат хто не ўказваў пад час перапісу сваю нацыянальнасьць.

Усё роўна мы чацьвёртае ці пятае мейсца займаем па колькасьці сярод іншых нацыянальнасьцяў пасьля расейцаў, комі і некаторых іншых.

Беларусы ўсюды раскіданыя, больш за ўсё жыве ў гарадах, пераважна ў Сыктыўкары. У Варкуце шмат, высланых там больш, цяпер іхныя дзеці засталіся, там беларусаў больш за дзьве тысячы жыве".

Сёньня ў Комі існуе Беларуская нацыянальна культурная аўтаномія – грамадзкае аб’яднаньне, якое прадстаўляе інтарэсы ўсіх беларусаў рэспублікі.

(Курачкін: ) "У нас ёсьць аддзелы аўтаноміі – У Саснагорску, Ухце, Варкуце, галаўное – у Сыктыўкары. Мы патроху будзем далей ствараць аддзелы, там дзе ёсьць беларусы, каб усюды былі ў кожным раёне, у нас недзе 18 – 20 раёнаў. Дапамогу людзям аказваем, запрашаем іх на канфэрэнцыі.

Беларуская аўтаномія зараз рыхтуе кнігу пра ўклад беларусаў ў разьвіцьцё эканомікі і культуры Рэспублікі Комі, у кнізе будзе зьмешчана таксама 11 вершаў пра нашу родную Беларусь".

Сп. Мітрафан, як Вы самі трапілі ў Комі?

(Курачкін: ) "Я працаваў доўга ў Карэліі, скончыў унівэрсытэт, гістарычны факультэт у Петразаводску, а потым вучыўся яшчэ на журналіста радыё і тэлебачаньня. Калі тут была створана рэдакцыя новага часопіса, мяне запрасілі сюды на працу, мы з жонкаю сюды і прыехалі”.

А нарадзіліся Вы дзе, у Беларусі?

(Курачкін: ) "Так, канечне, Крычаўскі раён, недалёка ад Воршы, а жонка ў мяне зь Берясьця – Тамара Іванаўна. У 1973 годзе мы сюды прыехалі, зараз на пэнсіі, грамадзкімі справамі займаюся".

Спадар Курачкін зьяўляецца сябрам Рады Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі, узначальвае там прэс-службу. Піша артыкулы пра беларусаў Комі для мясцовай прэсы і друкуецца ў Беларусі. Менавіта ён распавёў мне пра беларускую жанчыну зь цікавым лёсам – Антаніну Філіпаву, якая жыве ў невялікім горадзе Эжва ў 20 км ад Сыктыўкара.

Антаніне Восіпаўне 81 год. Спадарыня Антаніна вельмі прыхільна паставілася да маёй прапановы аб размове пра ейнае жыцьцё на Поўначы.

Па бацьку Антаніна насіла прозьвішча Макоўская, нарадзілася яна на Вушаччыне. Бацькоўскі хутар Роўнае Поле быў заможнаю гаспадаркаю, бо сям’я не ленавалася працаваць. Тым і выклікала зайздрасьць бяднейшых суседзяў, што сталася прычынаю іх высылкі на Поўнач. Як вядома, у той час ворагам савецкай ўлады мог стацца кожны.

(Філіпава: ) "Ворагі, некаму мы не спадабаліся таму, што мы былі вельмі працавітыя і ў нас усё было, а сусед быў лянівы і вось ён заявіў на нас, папісаў пра тое, чым мы ніколі не займаліся, ён нагаварыў на нас начальству. Яны былі зацікаўленыя, каб нас выгнаць. Мы мелі гаспадарку, калгасы былі недзе далёка, а мы жылі на хутары. Яшчэ прычына была ў тым, што мы жылі паблізу ад мяжы, нам сказалі: Мы ачышчаем памежную паласу”.

Ці сям''я ў вас была вялікая?

(Філіпава: ) "Маці і трое дзяцей – я, сын і яшчэ дачка. Бацькі ўжо не было і ўсё роўна яны пасьмелі зачапіць гэтую сям''ю, калі бацька ўжо быў памёршы. Проста зьдзекаваліся зь сям''і, з удавы, зь дзяцей”.

Антаніна была сярэдняю ў сям’і, мела 10 гадоў, калі іх вывезьлі ў Комі.

Ці памятаеце той час, ці цяжка тады давялося вашай сям’і?

(Філіпава: ) "Ой, што Вы, мы "вошай кармілі", галадалі, чаго толькі не давялося перажыць".

Калі стала магчыма, не захацелі ўжо вярнуцца на Бацькаўшчыну?

(Філіпава: ) "Не было куды вяртацца, "разьбітае карыта". Там, дзе мы жылі, дзе быў наш дом, там немцы ўсё з зямлёю зраўнялі і нам ужо ў родную хату не было магчымасьці трапіць. Не было куды ехаць, Роўнае Поле – наш хутар увесь зьнішчаны, нічога там, кажуць, ужо няма”.

Вы, калі ад''ехалі зь Беларусі, больш там не бывалі?

(Філіпава: ) "Была адзін раз, у маладосьці была, езьдзіла, там у мяне засталася хросная маці ў Полацку. Калі мама была яшчэ жывая, мы зь ёю ў Літву езьдзілі, бо ў мамы сястра ў Літве жыла і да яе ў госьці езьдзілі.

Калі я ў той час, калі стала магчыма, зьвярнулася ў Беларусь, каб мне далі кампэнсацыю за наш дом, за зямлю. Дык мне заплацілі вельмі мала, троху "зайчыкаў" заплацілі, добра не памятаю, недзе 60 тысяч ці што. Калі потым у Маскве памянялі гэтыя "зайчыкі" на расейскія рублі, зусім мала што засталося".

Так і давялося сям’і Макоўскіх застацца на Поўначы назусім. Жылі яны ў Карткероскім раёне. Антаніна скончыла сямігодку, вывучылася на рахункавода і працавала ўвесь час рахункаводам – бугальтарам сельпо ў вёсцы Бакур Іжэмскага раёну, куды яе накіравалі пасьля вучобы. Там пазнаёмілася з мясцовым хлопцам Аляксандрам Філіпавым, які вярнуўся з вайны інвалідам, страціў на фронце руку.

Іх сямейнае жыцьцё было шчасьлівым. Выхавалі сямёра дзяцей – чатырох сыноў і тры дачкі.

(Філіпава: ) "Давялося мне ўсё на свае плечы браць і гаспадарыць. Цяпер, я гляджу, сем''і маюць аднаго-двух дзяцей і то кажуць, што ўжо занадта шмат. Калі некаму зь іх гавару, што ў мяне – сямёра, дык яны проста ад зьдзіўленьня аж прысядаюць".

Пра дзяцей як раз хачу запытаць, ці Вы імі задаволеная?

(Філіпава: ) "Задаволеная, яны ў мяне малайцы, усе пры справах, у мяне ўсе сыны – чатыры майстры спорту. Зараз вось ў той вёсцы, куды я замуж выйшла, запрасілі ў госьці нас – мяне і маіх сыноў – як вядомых майстроў спорту, іх землякоў. Іх там узнагароджвалі, такое сьвята наладзілі, з Сыктыўкара прыехалі іншыя спартоўцы".

Сыны спадарыні Антаніны – вядомыя ў Комі спартоўцы. Старэйшы Міхаіл – майстар спорту па лыжах, працаваў настаўнікам фізкультуры, цяпер жыве ва Ўхце. Яўген стаў майстрам спорту СССР па біятлёне ў 1972 годзе, цяпер дырэктар спартовай школы ў Сыктыўкары. Пётра і Ўладзімер працавалі пажарнымі, сталі абодва майстрамі спорту СССР ў галіне пажарна-прыкладнога спорту.

Дачка Тацьцяна працуе ў ашчадным банку, а другая дачка Алена – ў лесапрамысловым комплексе.

Муж спадарыні Антаніны памёр, і цяпер яна жыве ў сям’і Алены.

Усе дзеці маюць свае сем’і. Сп. Антаніна, ці нехта зь іх па Вашым прыкладзе таксама мае вялікую сям’ю? Колькі зараз маеце ўнукаў і праўнукаў?

(Філіпава: ) "У іх няшмат дзяцей, яны гавораць мне: "Як ты, мама, магла нас так шмат вырасьціць, а я кажу, што гэта праца, праца. І ўнукі і праўнукі ўжо ёсьць, трое праўнукаў, а ўнукаў недзе 11 ці 12".

Вашыя дзеці ведаюць, адкуль Вы родам, яны ўвогуле цікавяцца Беларусью?

(Філіпава: ) "Яны ведаюць, што я зь Беларусі, канечне".

Захаваліся ў Вас нейкія добрыя ўспаміны пра Радзіму, падабаюцца Вам беларускія песьні?

(Філіпава: ) "Вельмі нават падабаюцца, калі беларускія песьні сьпяваюць, я з цікавасьцю слухаю, мне падабаецца вельмі, я бясконца б слухала, калі слухаю, як бы вяртаюся ў Беларусь, разумееце, якое гэта пачуцьцё".

А хацелі б яшчэ пабываць на Бацькаўшчыне?

(Філіпава: ) "Хацела бы, але ж я ўжо не магу, у такія гады, куды ўжо".

Сп. Антаніна, жадаем Вам дачакацца яшчэ і прапраўнукаў!

(Філіпава: ) "Дзякуй, дзякуй, да пабачэньня".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG