Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Глеб Паўлоўскі: Наша віна, што мы мала цікавіліся жыцьцём суседзяў


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Маскве распачаў працу міжнародны форум “Эўропа: вынікі году пераменаў”. У працы форуму бяруць удзел вядомыя апазыцыйныя палітыкі з Беларусі Аляксандар Вайтовіч, Уладзімер Колас, Аляксандар Казулін, а таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч. Пра што ідзе гаворка на гэтым форуме – высьвятляў наш карэспандэнт.

Сябра аргкамітэту форуму, прэзыдэнт фонду эфэктыўнай палітыкі Глеб Паўлоўскі сказаў, што мэтай гэтага мерапрыемства ёсьць пашырэньне дыялёгу ў праблемах эўрапэізацыі палітычных працэсаў на постсавецкай прасторы.

(Паўлоўскі: ) “Віна нашай інтэлектуальнай эліты ў тым, што мы мала цікавіліся рэальным жыцьцём у нашых суседзяў. Цяпер мы спрабуем выправіць гэтую сытуацыю. Мы атрымоўваем уяўленьне пра палітычнае жыцьцё нашых саюзьнікаў, але нельга сказаць, што Расея ў гэтым вельмі актыўная – гэта толькі першыя крокі.”

На пытаньне, ці закранаецца на форуме праблема парушэньня правоў чалавека ў Беларусі Глеб Паўлоўскі адказаў, што беларускія ўдзельнікі не прапаноўвалі такую тэму, і яна не абмяркоўваецца.

А што да будучай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі, з кім будзе наладжваць дыялёг расейская эліта – прыхільнікамі “беларускага Юшчанкі” альбо “беларускага Януковіча”?

(Паўлоўскі: ) “Мы на форуме не выпрацоўваем нейкіх афіцыйных пазыцый. Тут не абмяркоўваецца, як будуць расейскія афіцыйныя колы ставіцца да выбараў прэзыдэнта ў Беларусі. Я думаю, мы зацікаўленыя ў свабодных і легітымных выбарах у Беларусі. Праблема легітымнасьці дэмакратычных працэсаў тут інтэнсіўна абмяркоўваецца.”

Напярэдадні форуму ў Маскве дырэктар інстытута краінаў СНД, дэпутат Дзярждумы Расеі Канстанцін Затулін заявіў, што ён накіраваў ліст прэзыдэнту Расеі з прапановай уключыць у расейскі бюджэт артыкул выдаткаў на фінансаваньне дэмакратычных працэсаў, падтрымку правоў чалавека за мяжой. Але тут не ідзе гаворка аб прамым фінансаваньні таго ці іншага кандыдата на выбарах у той жа Беларусі.

(Затулін: ) “ Гаворка ідзе аб падтрымцы дэмакратыі, якая можа быць зьвязана з удасканаленьнем выбарчых працэдур, з працай мэтадолягаў і вучоных, з падтрымкай прэсы, якая абараняе асноўныя правы і свабоды чалавека. Гэта можа быць зьвязана з падтрымкай нацыянальных цэнтраў і розных грамадзянскіх ініцыятываў.”

А ці могуць пайсьці гэтыя грошы на абарону правоў чалавека ў тым ліку ў Беларусі?

(Затулін: ) “Мы не абмяркоўвалі розныя краіны канкрэтна. Тэарэтычна, так, несумненна. Мне здаецца, што гэты бок таксама павінен быць улічаны. Нагадаю, ЗША маюць строга вызначаны бюджэт на гэтыя мэты і мы яўна не можам іх перагнаць. Але, калі мяне падтрымаюць, мы ўпершыню будзем публічна ўносіць гэтае пытаньне ў бюджэт Расеі.”
XS
SM
MD
LG