Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За фінансамі грамадзкіх арганізацыяў будуць сачыць асабліва пільна


Уладзімер Глод, Менск Згодна з новай рэдакцыяй закону “Аб грамадзкіх арганізацыях”, якая была ўхваленая Палатай прадстаўнікоў, грамадзкія аб’яднаньні могуць быць ліквідаваныя за “парушэньне патрабаваньняў, што прад’яўляюцца да выкарыстаньня замежнай бязвыплатнай дапамогі”. Старшыня парлямэнцкай камісіі Юры Кулакоўскі паведаміў, што гэта зроблена для выкананьня палажэньняў прэзыдэнцкага дэкрэту ад 28 лістапада 2003 году.

На прэсавай канфэрэнцыі ў Палаце прадстаўнікоў карэспандэнт украінскага радыё Юры Валошын запытаў спадара Кулакоўскага, ці не абражае нацыянальную годнасьць беларусаў новае палажэньне закону аб магчымай ліквідацыі грамадзкіх арганізацыяў за так званыя парушэньні пры выкарыстаньні замежнай дапамогі? На думку ўкраінскага журналіста, складаецца ўражаньне, што беларусы займаюцца грамадзкай дзейнасьцю толькі за замежныя фінансы, і таму іх патрэбна стрымліваць праз заканадаўства. Старшыня парлямэнцкай камісіі прызнаў гэтую норму своечасовай:

(Кулакоўскі: ) “Не аднойчы, асабліва на пачатку 1990-х гадоў, калі ствараліся розныя грамадзкія арганізацыі і ішлі фінансавыя патокі, прыходзілася прыцягваць да адказнасьці кіраўнікоў грамадзкіх арганізацыяў, якія скарыстоўвалі бязвыплатную дапамогу не па прызначэньні. Не хачу называць прозьвішчаў, вы ўсе ведаеце некаторых грамадзкіх дзеячаў, якія будавалі ў Менску катэджы, а затым прадавалі іх амбасадам. Таму, мабыць, і нарадзіўся такі дэкрэт, у якім дакладна ўсё рэглямэнтавалася. Дзяржава ўзяла гэта пад свой кантроль. Вось гэта адна з галоўных прычынаў. Ды я не адкрыю вам таямніцы — ідзе гуманітарная дапамога на дзіцячыя дамы, прытулкі, а яна насамрэч разносіцца ў торбах па хатах, нават папера для прыбіральні”.

Андрэй Завадзкі, кіраўнік рэвізійнай камісіі грамадзкага аб’яднаньня “Фонд імя Льва Сапегі”, сьцьвярджае, што скрасьці замежную дапамогу практычна немагчыма. Гуманітарныя праекты абавязкова праходзяць экспэртызу ў адмысловым дэпартамэнце:

(Завадзкі: ) “Там прадстаўляецца канкрэтны плян разьмеркаваньня грошай. І бязь візы дэпартамэнту банк не дае дазволу карыстацца грашыма. А падатковая інспэкцыя кантралюе мэтавае выкарыстаньне. Нават калі, прыкладам, грошы выдзеленыя на правядзеньне сэмінару, а за іх адрамантаваць ксэракс, дык гэта будзе прызнана нямэтавым выкарыстаньнем і будуць ужытыя штрафныя санкцыі”.

Начальнік упраўленьня палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў Міністэрства юстыцыі Алег Сьліжэўскі паведаміў, што зьмяненьні ў заканадаўстве запатрабуюць перарэгістрацыі некаторых зь іх:

(Сьліжэўскі: ) “У тых выпадках, калі асобныя палажэньні адсутнічаюць у статутах грамадзкіх арганізацыяў, ім патрэбна будзе прыняць адпаведныя зьмены і, без аплаты рэгістрацыйных збораў, прадставіць дакумэнты для рэгістрацыі”.

Да таго ж грамадзкія арганізацыі прымусяць штогод даваць справаздачу Міністэрству юстыцыі аб колькасьці сябраў, структураў, праведзеных мерапрыемствах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG