Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыка Генадзя Сагановіча звольнілі з Акадэміі навук (абноўлены)


Валянціна Аксак, Менск 30 чэрвеня вучоная рада Інстытуту гісторыі Нацыянальнае акадэміі навук вывела са свайго складу знанага дасьледчыка беларускага сярэднявечча, аўтара многіх папулярных кніг пра дачыненьні Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы, выдаўца незалежнага часопісу “Беларускі гістарычны агляд” Генадзя Сагановіча. Перад тым ён быў звольнены з працы.

Афіцыйную прычыну звальненьня Генадзя Сагановіча выканаўца абавязкаў дырэктара Інстытуту гісторыі Нацыянальнае акадэміі навук Аляксандар Каваленя нашаму радыё патлумачыць адмовіўся.

На пытаньне, які артыкул працоўнага заканадаўства Генадзь Сагановіч парушыў, спадар Каваленя адказаў:

(Каваленя: ) “Што парушыў? Папытайце ў яго, што ён парушыў. Што вы ў мяне пытаеце? У яго — таму, што я не пастрадаў, ён жа пастрадаў”.

Між тым, зь іншых крыніц стала вядома, што Сагановіча фармальна звольнілі за парушэньне працоўнай дысцыпліны, якое выявілася ў тым, што ён без дазволу дырэкцыі інстытуту паехаў у навуковую камандзіроўку ў Кракаў. Хоць і была тая паездка за ўласны кошт навукоўца, бо інстытут ня мае грошай на гэта.

Але калегі спадара Сагановіча кажуць, што сапраўдная прычына ягонага звальненьня палягае ў прынцыповай навуковай пазыцыі гісторыка. І спасылаюцца на напісаны ня так даўно на замову расейскага часопісу “Родина” артыкул пра сучасны стан беларускае гістарыяграфіі. У якім, у прыватнасьці, спадар Сагановіч зазначыў, што ў цяперашніх акадэмічных беларускіх гістарычных працах непажаданыя крытычныя ацэнкі войнаў Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай у XVI—XVIII стагодзьдзях. Вось як пракамэнтаваў звальненьне Генадзя Сагановіча ягоны калега прафэсар Захар Шыбека:

(Шыбека: ) “Лічу яго адным з самых вядомых і таленавітых і прафэсійных гісторыкаў Беларусі. Калі Інстытуту гісторыі не патрэбны такія гісторыкі, то я ня ведаю, хто ім патрэбен. Гэтае звальненьне, я думаю, не адаб’ецца на працы Сагановіча. Я думаю, такі чалавек такога ўзроўню і таленту, ён зможа працягнуць сваю працу па вывучэньні гісторыі, тым больш, што Генадзь піша гісторыю на эўрапейскім узроўні, і ён мае, на жаль, большую папулярнасьць за мяжой, чым тут у нас, у Беларусі”.

Рэакцыю самога Генадзя Сагановіча на гэтыя падзеі даведацца не ўдалося з прычыны ягонага ад’езду зь Менску.
XS
SM
MD
LG