Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як завабіць у Беларусь замежных турыстаў?


Браніслава Станкевіч, Віцебск Ад 1 ліпеня абавязковай умовай для атрыманьня ліцэнзіяў турыстычнымі фірмамі будзе разьвіцьцё ўязнога турызму. Чым можна зацікавіць замежнікаў у нашай краіне, разважаюць віцебчукі.

Віцебскія турфірмы прапануюць замежнікам наведаць музэй Марка Шагала, сядзібу Ільлі Рэпіна “Здраўнёва” ды полацкі Сафійскі сабор. Зь нядаўняга часу ў вобласьці пачаў разьвівацца агратурызм — адпачынак для аматараў этнаграфічнага калярыту з рыбалкай, лазьняй і натуральнай вясковай ежай. Што яшчэ можна прапанаваць, каб зрабіць Беларусь больш прывабнай для замежных турыстаў?

(Спадар: ) “Па-першае, трэба спрасьціць візавы рэжым, які існуе ў нашай краіне, бо ён, безумоўна, не прываблівае замежных турыстаў. А па-другое, абнавіць базы адпачынку. Канечне, нейкія рамонты на іх ужо пасьля савецкага часу рабілі, але ўсё засталося па-ранейшаму: прыбіральняў няма, памыцца няма дзе таксама”.

(Спадарыня: ) “Калі да нас прыяжджалі італьянцы, то, ім, казалі, усё падабалася, апрача нашых аўтобусаў. Бо ў іх брудна, у італьянскіх чысьцей. Вось каб навесьці парадак у грамадзкім транспарце, то замежнікам бы гэта спадабалася, і езьдзілі б яны да нас часьцей!”

(Спадарыня: ) “Трэба часьцей ладзіць імпрэзы міжнароднага ўзроўню, як “Славянскі базар”, каб з-за мяжы ехалі іх паглядзець. Трэба прапагандаваць ды культываваць беларускую кухню. І трэба сачыць, каб у гарадах былі парадак і чысьціня”.

(Спадар: ) “Трэба наладзіць кантакты з турыстычнымі фірмамі замежных краінаў, каб яны там рэклямавалі нашу краіну. І падвысіць узровень сэрвісу. І ўсё — турысты паедуць!”

(Дзяўчына: ) “Мне здаецца, што трэба зрабіць так, каб замежнікі пачувалі сябе цалкам бясьпечна. А то ў нас тут скінгеды, б’юць замежных студэнтаў. Турысты з-за мяжы ніколі да нас не паедуць, калі ў іх ня будзе гарантыяў асабістае бясьпекі!”

(Хлопец: ) “Трэба рэстаўраваць помнікі гісторыі, бо яны ў нас часам у занядбаным стане. Давесьці іх да ладу, а потым стварыць вакол іх сэрвісныя структуры: гатэлі, рэстарацыі, хаця б прыбіральні для пачатку”.

(Спадар: ) “Сёньня ў сьвеце пра Беларусь людзі чулі мала, а калі нешта і ведаюць, то для іх гэта хутчэй за ўсё нэгатыўны вобраз. Натуральна, што ён будзе мяняцца, калі ў краіне будзе дэмакратызавацца рэжым. Што рабіць да таго часу? Рэклямаваць нашу краіну! Бо ў нас ёсьць ня толькі адмоўнае — да прыкладу, цудоўная прырода”.

(Спадарыня: ) “У нас вельмі прыгожыя лясы, лугі. Можам перад усім сьветам пахваліцца сваімі азёрамі, але для гэтага трэба добраўпарадкаваць нашыя вёскі ды мястэчкі”.

(Спадарыня: ) “ Узяць, да прыкладу, Бярэзінскі запаведнік. Цяпер, як яго падпарадкавалі Кіраўніцтву справаў прэзыдэнта, дык справы там толькі пагоршыліся: і лясы вырубаюць, і “дзікія паляваньні” ладзяць... Мне здаецца, калі мы хочам, каб да нас паехалі замежныя турысты, то нам трэба старанна захоўваць тое, што мы маем!”
XS
SM
MD
LG