Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для Аляксандра Лукашэнкі ў Заслаўі арганізавалі “вайну” (фотарэпартаж)


Ігар Карней, Менск У чацьвер пад Менскам у прысутнасьці амаль 10 тысяч чалавек адкрылі “Лінію Сталіна”. Перад перапоўненымі трыбунамі, разьмешчанымі на былым калгасным полі, паставілі сапраўдны спэктакль — мабілізацыя на вайну, атакі нямецкіх танкаў, паветраныя тараны і, як лягічная кропка, — уцёкі нацыстаў ад сталінскіх “сокалаў”.

Той, хто рызыкнуў выправіцца на адкрыцьцё так званага гістарычна-культурнага комплексу “Лінія Сталіна” ня ў складзе арганізаванай калёны з вэтэранаў і актывістаў БРСМ, моцна пра гэта пашкадаваў. Прыватны транспарт на патрабаваньне ДАІ пускалі ў аб’езд праз Радашкавічы, што павялічвала шлях удвая. А ад аўтамабільнай стаянкі да месца падзеяў давялося яшчэ кілямэтраў пяць ісьці пешкі. Крыху меншы марш-кідок арганізатары падзеі прымусілі зрабіць і вэтэранаў: служба аховы А.Лукашэнкі забараніла аўтобусам паркавацца бліжэй, чым за кілямэтар ад імправізаванай сцэны.

На самой тэрыторыі комплексу самадзейнасьць таксама не віталася: спробы пагуляць паміж ваеннай тэхнікай прыпыняліся хлопцамі ў цывільным, а на пачатку 11-й усіх увогуле прымусілі заняць месцы на трыбунах. Зрэшты, зь месцамі арганізатары таксама не разьлічылі: замест заплянаваных 5 тысяч запрошаных, вэтэранаў і сябраў БРСМ прывезьлі ледзьве не ўдвая больш, у выніку чаго трыбуны вельмі нагадвалі гадзіну пік у перапоўненым транспарце. У такім дыскамфорце ўсе амаль гадзіну чакалі галоўнага госьця і гледача — Аляксандра Лукашэнку. І толькі аб 11-й, калі камэнтатар тэлеканалу ОНТ Аляксандар Аверкаў урачыста, “па-левітанаўску” абвясьціў, што можна павітаць прэзыдэнта, пачалася чаканая “вайна” — тэатралізаваны паказ “Нашэсьце”.

Сотні пераапранутых чырвонаармейцаў, фашыстаў і “мірных грамадзянаў”; дзясяткі танкаў Т-34 і “тыграў”, матацыклаў, грузавых “палутарак” і ўрадавых ЗіСаў; савецкія і нямецкія самалёты — уся гэтая сіла амаль гадзіну страляла, лятала і скрыгатала тракамі. У той час, як з транспартнага самалёта “сыпаліся” парашутысты, насустрач ім у неба ляцелі груды зямлі ад выбуховых імітатараў мінаў ды снарадаў. Калі “бомбы” пачалі рвацца ў непасрэднай блізіні ад трыбунаў, і на людзей пасыпаліся бруд і каменьні, сярод гледачоў ледзьве не пачалася паніка.

Пасьля завяршэньня “баявых дзеяньняў” я ўклініўся ў шэраг шматлікіх вэтэранаў з пытаньнем: ці чулі яны дагэтуль пра “Лінію Сталіна”?

(Былы партызан: ) “Не, я ня чуў”.

(Сталая жанчына: ) “А я чула раней. Праўда, толькі ад людзей, хоць і была ў спэцыяльных войсках…”

(Карэспандэнт: ) “А тое, што яе з такой помпай сёньня адкрылі?..”

(Былы партызан: ) “Ну, няхай сабе будзе ўспамін пра вайну”.

(Сталая жанчына: ) “Такі прыклад вучыць моладзь ваяваць, вучыць абараняць Радзіму”.

(Карэспандэнт: ) “Пра існаваньне “Лініі Сталіна” дагэтуль вы ведалі?”

(Вэтэран: ) “Пасьля вайны штосьці чуў, але да таго — не. Мясцовыя, можа, больш ведалі пра яе, а я дык і ня ведаў”.

(Вэтэран: ) “Гэта, канечне, грандыёзна, але, як бачыце, цалкам яе ў свой час недаўкамплектавалі, лінія адышла да Берасьця. Яна фактычна не патрэбная аказалася, бо мяжа пасунулася, запатрабаваліся новыя ўмацаваньні”.

(Карэспандэнт: ) “Такім чынам, вызначальнай ролі ў вайне яна ня мела?”

(Вэтэран: ) “Ну, натуральна ж. Вызначальнай ролі яна і не магла мець, бо вы ж ведаеце, як пачалася вайна — войскі не былі мабілізаваныя. Былі недахопы, тут хаваць няма чаго”.

Кіраўнік гістарычна-культурнага комплексу “Лінія Сталіна” Аляксандар Базарнаў, прадстаўнік фонду “Памяць Аўгану”, пад эгідай якога вяліся аднаўленчыя працы гэтага мэмарыялу, гэтак патлумачыў сэнс аб’екту:

(Базарнаў: ) “Маральных бакоў у дадзеным выпадку мы не кранаем. Нашая мэта — чыста паказаць подзьвіг вайны, паказаць тое, што мы здолелі збудаваць. Бо калі казалі, што ўсе ўмацавальныя раёны паўзрывалі, то гэта — звычайная спэкуляцыя. Матэрыялаў пра гэта было вельмі мала, і тых, хто рэальна бачыў дакумэнты, таксама адзінкі. А тое, што на ідэю ўсяго шмат спадарожна выліваецца, то да апошняга часу якраз такая практыка і была — кажы, што хочаш, усё роўна праверыць нельга”.

Сваім асноўным прыхільнікам рэаніматары “Лініі Сталіна” бачаць Аляксандра Лукашэнку. Расчулены ўбачаным, кіраўнік краіны наўпрост заявіў: неўзабаве аб’ект мусіць перайсьці на самаакупнасьць. Гэта значыць, што “лінія Сталіна” будзе ўключаная ў турыстычныя маршруты.

Фотарэпартаж

Лінія Сталіна

Лінія Сталіна

Лінія Сталіна

Лінія Сталіна

Лінія Сталіна

Лінія Сталіна

Лінія Сталіна

Гл. таксама • Кароль: "Нават за савецкім часам, калі ўся гісторыя вайны трактавалася менавіта з пазыцыі ўзвышэньня правадыра, гэтая лінія абароны ня згадвалася." • Мая Кляшторная: “Калі згадваюць Сталіна, я адчуваю на сабе надмагільле” • Як ставяцца людзі да вяртаньня імя Сталіна ў грамадзкае жыцьцё Беларусі?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG