Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мая Кляшторная: “Калі згадваюць Сталіна, я адчуваю на сабе надмагільле”


Ганна Соусь, Менск Урачыстае адкрыцьцё ў Беларусі комплексу “Лінія Сталіна”, а таксама рэабілітацыю імя аднаго з самых крывавых дыктатараў ХХ стагодзьдзя камэнтуюць гісторык Анатоль Грыцкевіч, старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька і вязень сталінскага ГУЛАГу Мая Кляшторная.

Паводле гісторыка, прафэсара Анатоля Грыцкевіча, сьвяточныя мерапрыемствы ў Беларусі з нагоды адкрыцьця “Лініі Сталіна” ўгрунтаваныя на прыдуманым міце.

(Грыцкевіч: ) “Пасьля заключэньня дамовы аб сяброўстве і мяжы паміж СССР і Нямеччынай пры канцы верасьня 1939 году і перанясеньня мяжы на захад за Беласток і на Буг гэтую лінію пачалі разбураць. А пасьля далучэньня да СССР Прыбалтыкі ў 1940 годзе (лінія й далей ішла) яна была цалкам дэмантаваная. Ніякіх баёў на гэтай лініі не адбывалася. Там усё было вывезена, што было да 1939 году. Трэба сказаць, што на новай мяжы ўжо паміж СССР і Нямеччынай не пабудавалі аналягічнай лініі, бо было сяброўства паміж дзяржавамі, а дакладней, двума дыктатарамі. Таму й не рыхтаваліся да вайны на старой мяжы”.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту, гісторык Тацяна Процька, якая дасьледавала гісторыю палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, лічыць, што кожная падзея ў краіне, адзначáная так публічна, мае найперш палітычны характар.

(Процька: ) “Па-першае, даваць назву Сталіна – няважна, ці гэта “Лінія Сталіна”, ці гэта былая Сувораўская вучэльня, – гэта палітычная падзея. Тое, што ў краіне адраджаецца памяць Сталіна, гаворыць ня толькі пра тое, што Сталін быў адным з любімых людзей ХХ стагодзьдзя. Калі надаюць імя, гэта гаворыць пра тое, што падтрымліваюць і дзеяньні, якія рабіў гэты чалавек. А ў сапраўднасьці ў нас адраджаецца вось тая сыстэма дзяржавы, якую будаваў Сталін, ува ўсіх кірунках. Нават у такой дробязі ідзе ўзнаўленьне таго, што было ў таталітарнай савецкай дзяржаве”.

Найбольш эмацыйна рэагуюць на адкрыцьцё “Лініі Сталіна” ахвяры палітычных рэпрэсіяў. Дачка расстралянага ў 1937 годзе паэта Тодара Кляшторнага Мая, якая сама амаль 18 гадоў правяла ў сталінскім ГУЛАГу, кажа, што нават ня магла спаць ноч перад адкрыцьцём “Лініі Сталіна”.

(Кляшторная: ) “Кожны раз, калі згадваецца імя Сталіна, я адчуваю на сабе гэткі надмагільле. Так, мне будзе цяжка стаяць на тым прыпынку ля Сувораўскай вучэльні. Я ўсё чакала, што перайменаваньне будзе самой вучэльні, а тут, бачыце, Сталіна туды вярнулі. Гэта ўсё роўна, што мяне прывязалі да таго будынку, і камянямі закідалі. У нашым бараку на бачным месцы партрэт Сталіна вісеў. Так мы і вырасьлі. Я не магу нават вымаўляць гэтага імя”.

Гл. таксама • Для Аляксандра Лукашэнкі ў Заслаўі арганізавалі “вайну” (фотарэпартаж з адкрыцьця "лініі Сталіна")
XS
SM
MD
LG