Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці загаворыць “Нямецкая Хваля” па-беларуску?


Іна Студзінская, Менск Старшыня грамадзкага аб''яднаньня "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Алег Трусаў накіраваў ліст амбасадару Нямеччыны ў Беларусі Марціну Гэкеру ў сувязі з плянамі радыё "Нямецкая Хваля" стварыць з кастрычніка 15-хвілінную перадачу "Беларуская хроніка" на расейскай мове.

Ліст гэты можна назваць лістом пратэсту. Кіраўнік ТБМ лічыць, што праграма “Беларуская хроніка” павінна гучаць абавязкова па-беларуску. У якасьці аргумэнту спадар Трусаў падае вынікі перапісу 1999 году, калі 76% грамадзянаў краіны назвалі беларускую мову сваёй роднай. Таму пазыцыя радыёстанцыі, на думку Алега Трусава, “уяўляецца максымальна непаважлівай у дачыненьні да беларускага народу, яго мовы й культуры”.

(Трусаў: ) “Нас вельмі зьдзівіла і абурыла тое, што гэтая перадача даручана рускай рэдакцыі “Deutsche Welle” і будзе на расейскай мове, таму што беларусы, маўляў, яе добра ведаюць. Мы лічым, што гэта імпэрскі падыход, і я ўяўляю, што б было, каб для немцаў пачалі рабіць перадачы на ангельскай мове, паколькі немцы цяпер ангельскую мову ведаюць някепска. Мы напісалі пратэст адпаведны і аўтару гэтай ідэі, а таксама кіраўніку “Нямецкай Хвалі”, свой ліст накіравалі амбасадару Нямеччыны ў Беларусі. Калі “Deutsche Welle” зьбіраецца рабіць перадачы на расейскай мове, то нам такая дэмакратыя не патрэбная”.

У выпадку адмоўнага адказу кіраўніцтва ТБМ арганізуе лісты сябраў аб''яднаньня ў амбасаду Нямеччыны з патрабаваньнем стварыць беларускамоўную рэдакцыю на "Нямецкай Хвалі".

Абураная ня толькі грамадзкасьць, але і журналісты. Вось меркаваньне гарадзенскага журналіста Міколы Маркевіча.

(Маркевіч: ) “Тры гады таму, яшчэ амбасадару Вінкельману я накіраваў запіску з просьбай, каб была ўтвораная напачатку ў межах Расейскай рэдакцыі беларуская перадача з далейшым разьвіцьцём у паўнавартасную беларускую рэдакцыю. Безумоўна, размова ішла пра беларускую мову выключна. І таму для мяне ўсё, што мы пачулі – гэта проста вельмі вялікі плявок у душу”.

Самае дзіўнае, што нават у самой Беларусі беларускамоўных радыёстанцыяў - лічаныя адзінкі. Дзяржаўнае радыё, напрыклад, ужо нельга назваць беларускім, якім яно было ў часы кіраваньня Генадзя Бураўкіна. Там большая частка вяшчаньня па-расейску. З дзясятка FM-cтанцыяў адна “Сталіца” беларускамоўная, і на Радыё Альфа раз на дзень выходзіць выпуск навінаў па-беларуску. На Польскім радыё шмат гадоў працуе Беларуская служба, вяшчае яна дзьве з паловай гадзіны ў суткі на беларускай мове. Ёсьць беларускія радыёпраграмы ў Літве, Латвіі, дзе даволі шмат беларусаў. Другі год штотыдзень выходзіць паўгадзінная праграма па-беларуску ў Швэцыі. Натуральна, “Радыё Ватыкан” таксама мае беларускую праграму. У Вільні працуюць “Балтыйскія хвалі”, якія рэтранслююць беларускія перадачы Радыё Палёнія і Радыё Свабода. Пару месяцаў таму прыйшло паведамленьне: з дапамогай Эўразьвязу зьявяцца радыёстанцыі, якія будуць вяшчаць з суседніх краінаў, магчыма, зь Літвы, Польшчы ці Ўкраіны. Нават гаворка ішла пра стварэньне беларускага тэлеканалу па-за межамі краіны. І мяркуецца, што ўсё гэта будзе па-беларуску. Праўда, пра рэальныя тэрміны пакуль нічога не вядома.

Вяртаючыся да пачатку нашай размовы наконт плянаў “Нямецкай Хвалі”, старшыня ТБМ Алег Трусаў выказаўся так:

(Трусаў: ) “Ёсьць шмат расейскамоўных рэдакцыяў: і “Голасу Амэрыкі”, і ВВС, і тая ж “Deutsche Welle”, дзе працуюць выхадцы з Расеі - зь імпэрскім поглядам на жыцьцё. Для іх украінцы і беларусы – гэта не зусім поўны народ. І цяпер мы праводзім работу, каб адчыніць беларускамоўную перадачу на ВВС. І амбасадар Брытаніі ў Беларусі абяцаў нам падтрымку ў гэтай справе. Таму што пераадолець гэты “імпэрскі момант” можна толькі дзякуючы грамадзянам Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG