Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выніку банкруцтва Полацкага мясакамбінату работнікі засталіся бяз працы


Вінцэсь Мудроў, Полацак У траўні сёлета гаспадарчы суд Віцебскай вобласьці абвясьціў аб пачатку працэдуры банкруцтва Полацкага мясакамбінату. Туды быў прызначаны часовы ўпраўляючы, які вызначыў, што прадпрыемства зьяўляецца неплатаздольным, і 3 чэрвеня гаспадарчы суд абвясьціў камбінат банкрутам.

За савецкім часам полацкі мясакамбінат працаваў з поўнай нагрузкай, пастаўляючы сваю прадукцыю ў Маскву і Ленінград. Але часіны зьмяніліся, сельгасвытворчасьць заняпала, зьявілася шмат дробных мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў, і буйныя мясакамбінаты сталі пакутаваць ад недахопу сыравіны. За апошнія пяць гадоў на полацкім камбінаце памянялі пяць дырэктараў, набралі шматмільённыя крэдыты, але сытуацыю не палепшылі. Так што банкруцтва прадпрыемства выглядае лягічным і ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці з прынятым у 2000 годзе Законам аб эканамічнай недзеяздольнасьці.

Якая цяпер сытуацыя на прадпрыемстве і які лёс яго работнікаў? На камбінаце пакінулі 90 чалавек тэхнічнага пэрсаналу, якія будуць забясьпечваць захаваньне і кансэрвацыю абсталяваньня. Усім астатнім прапанавалі альбо працаваць да 18 жніўня, калі камбінат будзе канчаткова зачынены, альбо звольніцца, атрымаўшы грашовую кампэнсацыю. У выніку больш за сто чалавек звольнілася, але грашовай кампэнсацыі яны дагэтуль не атрымалі.

(Былая работніца: ) “Я ўладкавалася на працу на Полацкі мясакамбінат у 1972 годзе. Адпрацавала на камбінаце 33 гады. Мне ніхто нічога не прапанаваў, і я вымушаная была звольніцца і пайсьці ў цэнтар занятасьці, дзе мне далі грашовую дапамогу: 50 тысячаў рублёў у месяц. Да гэтай пары я не атрымала разьлік за адпрацаваны час. Гэта значыць, за травень, а таксама грашовую кампэнсацыю за нявыкарыстаны адпачынак”.

Прадпрыемства мае вялікія даўгі, а паводле артыкулу 144 Закону аб банкруцтве ў першую чаргу неабходна задаволіць патрабаваньні фізычных асобаў за камунальныя, эксплюатацыйныя ды іншыя паслугі. І толькі потым ажыцьцяўляецца выплата грашовай дапамогі і аплата працы. Так што ва ўсёй гэтай гісторыі крайнімі аказаліся шараговыя работнікі.

(Былая работніца: ) “Я пры звальненьні павінна была атрымаць разьлік таго ж дня, альбо на наступны дзень. Але вось ужо мінуў тыдзень, а я не магу атрымаць разьліку за той тэрмін, што я адпрацавала. З грашовай дапамогай па звальненьні наагул цёмная справа: хочуць яе перакруціць зь пяцідзёнкі на трохдзёнку, каб людзям менш заплаціць. Мала таго, што людзей пакрыўдзілі, выкінуўшы на вуліцу, дык цяпер хочуць пакрыўдзіць фінансава”.

Бальшыня звольненых – гэта жанчыны сталага ўзросту. Спэцыяльнасьці ў іх спэцыфічныя – разьнік, вэтэрынар… Так што да гэтай пары на працу ўладкаваліся адзінкі. Цэнтралізавана гэтых людзей ніхто на новыя месцы не ўладкоўваў. Адно, што быў арганізаваны так званы кірмаш вакансіяў. Аднак прадстаўнікі аддзелаў кадраў полацкіх прадпрыемстваў, якія на ім прысутнічалі, калі й маглі што прапанаваць, дык гэта працу за 100 тысячаў у месяц.

(Былая работніца: ) “На кірмаш вакансіяў прадстаўнікі многіх прадпрыемстваў прыехалі, але ніякай працы не прапаноўвалі. Вагоннае дэпо, Гандлёвы дом… яны проста сядзелі “дзеля галачкі”, засьведчыўшы сваю прысутнасьць, а працы людзям не прапаноўвалі”.

Дачуўшыся, што іх прадпрыемства зьбіраюцца зачыняць, работнікі мясакамбінату напісалі калектыўны ліст кіраўніку дзяржавы з просьбаю захаваць камбінат альбо, у выпадку яго закрыцьця, забясьпечыць іх працаю. Пад зваротам падпісалася больш за 200 чалавек. Што з таго атрымалася, распавядае адна з маіх суразмоўніц:

(Суразмоўніца: ) “Работнікі нашага камбінату вазілі пісьмо ў адміністрацыю прэзыдэнта. Пісьмо гэтае было зарэгістраванае, але ў патрэбныя рукі ня трапіла: адказу на яго мы не атрымалі. Замест гэтага нам зачыталі адпіску Андрэйчанкі, які паведамляў у сваім адказе, што Віцебскай вобласьці наш камбінат не патрэбны”.

Спадар Андрэйчанка, пра якога тут гаворка – гэта кіраўнік Віцебскага аблвыканкаму. Адначасова работнікі камбінату зьвярталіся ў афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі, каб іх праблемы вынесьлі на газэтныя старонкі, але ніводзін карэспандэнт да іх так і не прыехаў.

Заўважым у якасьці пастскрыптуму, што афіцыйныя СМІ шмат апавядаюць пра Грузію, Польшчу, Украіну, Латвію, тым часам праблемы сваіх грамадзянаў, як бачым, іх мала абыходзяць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG