Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пад Заслаўем Аляксандар Лукашэнка адкрые “Лінію Сталіна”


Ігар Карней, Менск А 11-й гадзіне на 28-м кілямэтры шашы Менск-Маладэчна адкрыецца гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”. Увесь дзень спэцаўтобусамі ў ваколіцы Заслаўя будуць падвозіць вэтэранаў і сябраў Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі. Апроч таго, у цырымоніі возьме ўдзел Аляксандар Лукашэнка, кіраўнікі прэзыдэнцкай адміністрацыі й сілавых ведамстваў. Між тым, гісторыкі заяўляюць: рэанімацыя “Лініі Сталіна” – чарговы крок да апраўданьня на дзяржаўным узроўні злачынстваў сталінскай эпохі.

Усяго на тэрыторыі ў 40 гэктараў разгорнутая беспрэцэдэнтная выстава ваеннай тэхнікі. Тут жа збудаваны вялізны паркінг, прыбіральні, выкапаныя сотні мэтраў акопаў. У дотах цалкам адрэстаўраваная зброя – найперш, кулямёты. Чакаецца, што сёньня зьявяцца манэкены вайскоўцаў 30-40-х гадоў – паступова будзе фармавацца экспазыцыя ўніформы. У сваю чаргу, на вачох у гледачоў мусіць ажыць ваенная хроніка (дарэчы, плянуецца, што на адкрыцьцё падвязуць да пяці тысячаў чалавек). Як паведамілі ў фондзе “Памяць Афгану”, пад эгідай якога і вяліся аднаўленчыя працы, заплянаванае ваенізаванае шоў – гэткая імітацыя сутычкі паміж чырвонаармейцамі і фашысцкімі захопнікамі – зь піратэхнічнымі эфэктамі, выкарыстаньнем цяжкой ваеннай тэхнікі, авіяцыі... Тое, што гэткі спэктакль зусім далёкі ад гістарычнай праўды – арганізатараў, падобна, мала хвалюе. Між тым, гісторык Аляксей Кароль кажа пра трывожныя тэндэнцыі ў сувязі з рэабілітацыяй імя Сталіна на дзяржаўным узроўні. Да таго ж, на думку спадара Караля, ніякага дачыненьня да культуры складнік “культурны” у назове комплексу (“гісторыка-культурны”) ня мае.

(Кароль: ) “Што тычыцца “Лініі Сталіна”, то я бачу тут прачытаньне гісторыі ў найгоршых традыцыях сталінізму. Нават за савецкім часам, калі ўся гісторыя вайны трактавалася менавіта з пазыцыі ўзвышэньня правадыра, гэтая лінія абароны ня згадвалася. І цяпер яе рэанімацыю я тлумачу як спробу ўвесьці цішком зноў трактоўку на карысьць "правадыра", на карысьць Сталіна. Шмат на якіх табліцах ужо зьявілася прозьвішча Сталіна (як і гэтая “Лінія Сталіна”) па сутнасьці, у пазытыўным гучаньні”.

Спробы “прывязаць” “Лінію Сталіна” да 3 ліпеня, дня вызвалeньня Менску, сапраўды падаюцца досыць штучнымі. Агульнавядома, што ў канцы 30-х гадоў умацаваныя раёны былі папросту пакінутыя ці, у лепшым выпадку, закансэрваваныя. Калі больш канкрэтна, гэта здарылася адразу ж пасьля далучэньня ў верасьні 1939 году заходніх раёнаў Беларусі і Ўкраіны да СССР. Межы аўтаматычна пасунуліся на 300-400 кілямэтраў на Захад і ўмацаваньні, збудаваныя цягам 30-х гадоў ад Баранцава мора да Чорнага, аказаліся бессэнсоўнымі. Доты і капаніры Менскага ўмацаванага раёну 70 гадоў былі засыпаныя зямлёй і, калі б не актыўнасьць кіраўнікоў фонду “Памяць Афгану”, пра пахаваныя блізу шашы Менск-Маладэчна бэтонныя збудаваньні можа ніхто з сучасьнікаў і не даведаўся б. Між тым, кіраўнік комплексу Аляксандар Базарнаў так тлумачыць, чаму расфарбаваныя ў колеры “мілітары” доты ў раёне Заслаўя названыя ня проста музэем фартыфікацыі, а менавіта “Лініяй Сталіна”: (Базарнаў: ) “Мы прынялі такое рашэньне, нават ня гледзячы на тое, што людзі рэагуюць часта неадэкватна. Можна доўга на гэтую тэму спрачацца, але зноў жа: быў танк “ІС”. Усе чулі. Але ж гэта абрэвіятура – “Іосіф Сталін”. Пераймяноўваць яго пасьля гэтага? Разрэзаць, зьнішчыць? Была машына “ЗіС” – Завод імя Сталіна. Дык тут наўпрост назва – імя Сталіна. Машыны “ЗіС” усе ведаюць, езьдзілі такія”.

Цікава, што ініцыятыва аднаўленьня “Лініі Сталіна” належыць зусім не гісторыкам. Адзін з ідэолягаў праекту – звычайны інжынэр Уладзімер Камінскі. Яшчэ за часамі СССР пачынаў вывучаць умацаваньні з элемэнтарнай цікаўнасьці. Захапленьне скончылася больш, чым сур’ёзна – накіраваньнем ад Заслаўскага краязнаўчага музэю ў Расейскі дзяржаўны ваенны архіў. Адтуль прывёз мадэль будучага гісторыка-культурнага комплексу.

Маладэчанскі кірунак увогуле багаты перабольшаньнямі. Можна прыгадаць, што за 20 кілямэтраў ад Заслаўя, у Радашкавічах, стаіць помнік экіпажу самалёта Мікалая Гастэлы. Праз шмат гадоў пасьля вайны высьветлілася, што подзьвігу, хутчэй за ўсё, і не было. Некалькі гадоў таму якраз на гэтую тэму рэжысэр-дакумэнталіст Анатоль Алай зьняў выдатны фільм, які дагэтуль застаецца пад забаронай. Алай разьбіў шмат якія міты часоў вайны, сам выступаў у ролі дэтэктыва, перакапаўшы тоны дакумэнтаў у архівах. Аднак сучасная ідэалёгія ўпарта рэанімуе савецкія сымбалі, не пускаючы такіх, як Алай, на экраны, на старонкі дзяржаўных газэтаў, ня кажучы ўжо пра падручнікі гісторыі. Праўда, гісторык Аляксей Кароль лічыць, што параўноўваць “лінію Сталіна” і няхай сабе і перабольшаныя подзьвігі абаронцаў радзімы не зусім правільна.

(Кароль: ) “Што тычыцца Гастэлы, то ўжо высьветлена, што яму не ўдалося скіраваць самалёт менавіта на эшалён, але сам па сабе гераічны покліч не выклікае сумненьняў. І гэта зьява іншага шэрагу. А вось ажыўленьне “лініі Сталіна”?.. Каб там сапраўды былі моцныя абарончыя баі – хай бы было, з гісторыі не выкідваюцца імёны ці назвы. Але ў дадзеным выпадку гаворка пра скажэньне саміх падзеяў. Я вось паклаў перад сабой энцыкляпэдыі: няма тут згадак пра баі на так званай лініі абароны, “Лініі Сталіна”.

Дарэчы, само словазлучэньне “Лінія Сталіна” для шырокай публікі зьявілася досыць нядаўна, якраз у сувязі з адбудовай аднайменнага абарончага раёну. Дагэтуль, як ні дзіўна, пра яго практычна ня ведалі й вэтэраны. Так, Мікалай Варпаховіч ваяваў у партызанскім атрадзе на тэрыторыі тагачаснай Маладэчанскай вобласьці, і цяпер узгадаць – а ці было штосьці на “Лініі Сталіна” – не бярэцца. Кажа, у той час куды больш разумна і бясьпечна было ўступаць у бойку не ў безабаронных дотах, а хоць бы пад прыкрыцьцём лесу.

Гл. таксама • Для Аляксандра Лукашэнкі ў Заслаўі арганізавалі “вайну” (фотарэпартаж з адкрыцьця "лініі Сталіна")
XS
SM
MD
LG