Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйная дэлегацыя Нацыянальнага сходу едзе ў Вашынгтон на сэсію Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, хоць беларускае пытаньне там абмяркоўвацца ня будзе


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Вашынгтоне распачынае працу 14-я штогадовая сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Яе тэма - "30 гадоў пасьля Гэльсынкі: новыя выклікі". Сёлета спаўняецца 30 гадоў ад часу падпісаньня гістарычнага Гэльсынскага Заключнага акту і 15 гадоў ад прыняцьця Парыскай Хартыі. Зьбіраецца ў Амэрыку і афіцыйная дэлегацыя Нацыянальнага сходу Беларусі пад кіраўніцтвам віцэ-сьпікера Палаты прадстаўнікоў Сяргея Забалотца

У Нацыянальным сходзе пакуль не адкрываюць для грамадзкасьці пэрсанальны склад афіцыйнай дэлегацыі пад кіраўніцтвам Сяргея Забалотца. Прычыны такой засакрэчанасьці таксама афіцыйна не тлумачацца. У сувязі з адмысловым палажэньнем аб парадку накіраваньня ў службовыя камандзіроўкі за мяжу, якое нядаўна падпісаў кіраўнік краіны, узгадненьне гэтага пытаньня зацягваецца - магчыма, у Палаце чакаюць дазволу з прэзыдэнцкай адміністрацыі. Як было вядома раней, беларуская праблематыка ў парадку дня штогадовай сэсіі ня значыцца. Гэта пацьвердзіў старшыня дэпутацкай камісіі ў міжнародных справах Вадзім Папоў. Але тады які сэнс ехаць у Вашынгтон дэлегацыі афіцыйнага Менску, навошта траціць грошы?

(Папоў: ) “Мы зьяўляемся паўнапраўнымі сябрамі гэтай арганізацыі і што ж, мы павінны туды ехаць толькі тады, калі разглядаецца беларускае пытаньне?! Ёсьць жа цікавасьць нашай краіны да іншых пытаньняў, якія там разглядаюцца. Так нельга казаць, калі нашага пытаньня няма, то мы нікуды езьдзіць ня будзем. Так жа можна хутка адарвацца ад міжнародных праблемаў, ад тых нашых абавязацельстваў, якія мы маем перад парлямэнтамі іншых краін, зь якімі мы выступаем з узгодненымі пазыцыямі, дзе патрэбная падтрымка нам і нашая падтрымка патрэбная іншым. Так што гэта ўсё нармальна”.

Не плянуецца ў Вашынгтоне і паседжаньне спэцыяльнай рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якой кіруе Ута Цапф. Як паведамілі ў бэрлінскім бюро Уты Цапф, яна не зьбіраецца ў Вашынгтон з той прычыны, што занятая справамі, зьвязанымі з парлямэнцкімі выбарамі ў Нямеччыне. Гэткую інфармацыю падаў і Вадзім Папоў. Нагадаю, рабочая група па Беларусі была створаная ў кастрычніку 1998 году для спрыяньня ў разьвіцьці дэмакратыі ў Беларусі і аблягчэньня працэсу нацыянальнага замірэньня. Рабочая група некалькі разоў наведала Беларусь у сувязі з парлямэнцкімі выбарамі ў кастрычніку 2004 году, а таксама дзеля падрыхтоўкі адмысловага сэмінару, узгодненага афіцыйнай дэлегацыяй Беларусі ў сумеснай Эдынбургскай дэклярацыі ў ліпені мінулага году. Падчас усіх паседжаньняў група падкрэсьлівала важнасьць удзелу ў працы АБСЭ і неабходнасьць знаходжаньня мірных, усеабдымных рашэньняў розных палітычных праблемаў краіны. Што да Эдынбургскай дэклярацыі, падпісанай Утай Цапф з афіцыйнай дэлегацыяй Беларусі падчас мінулай штогадовай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, то ніводзін зь яе пунктаў афіцыйным Менскам ня выкананы. Нагадаю, у прамежку паміж сэсіямі адбыліся парлямэнцкія выбары, якія паводле ацэнкі экспэртаў АБСЭ, у значнай меры не адпавядалі абавязацельствам у правядзеньні дэмакратычных выбараў. Беларускія ўлады не забясьпечылі стварэньне галоўных умоваў, пры якіх волевыяўленьне народу зьяўляецца асновай дзяржаўнай улады. Правядзеньне сумеснага сэмінару ў Менску ў рамках праграмы Эўразьвязу аб добрасуседзтве некалькі разоў зрывалася зь віны беларускіх уладаў, якім не падабаецца плянаваны ўдзел у ім прадстаўнікоў апазыцыі. Афіцыйны Менск плянаваў у Вашынгтоне зноў узгадніць дату правядзеньня сэмінару, але з кім цяпер узгадняць, калі Ута Цапф у Вашынгтон не зьбіраецца? Паводле Вадзіма Папова, правядзеньне сэмінару наагул перанесенае на восень. Але ці будзе ў ім удзельнічаць апазыцыя?

(Папоў: ) “Мы абмяркоўваем гэтую тэму на заканадаўчым узроўні з Парлямэнцкай асамблеяй АБСЭ, а не з апазыцыяй. А вы паварочваеце пытаньне ў грамадзянскую супольнасьць, гэта ўжо наступныя моманты”.

Прадстаўнікі беларускай апазыцыі ў працы вашынгтонскай сэсіі ўдзельнічаць не зьбіраюцца. Адмысловай дэлегацыі апазыцыя не накіроўвала ў Вашынгтон у сувязі з тым, што беларуская праблематыка на сэсіі закранацца ня будзе. Аднак цяпер у рабочай паездцы ў Канадзе і ЗША знаходзіцца сябра палітрады АГП Валянціна Палевікова, і яна пры неабходнасьці можа далучыцца да парлямэнцкай дыскусіі. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька ацэньвае шанцы афіцыйнай дэлегацыі ў Вашынгтоне.

(Лябедзька: ) “Для нас ехаць на сэсію, дзе няма ў парадку дня беларускага пытаньня, бессэнсоўна, гэта называецца “палітычны турызм”. Але я думаю, няма сэнсу ехаць Забалотцу, Канаплёву і ўсім астатнім, таму што ў любым выпадку, у кулюарах, на камітэтах будзе згадвацца Беларусь ня ў самым лепшым сэнсе. Гэта значыць, проста чырванець і не прад’явіць ніякіх аргумэнтаў, што сытуацыя ў Беларусі паляпшаецца. Больш за тое, была магчымасьць у Палаты перад сэсіяй Парлямэнцкай асамблеі спрасьціць сытуацыю, было прапанавана правядзеньне сэмінару з удзелам палітычнай апазыцыі й прадстаўнікоў уладных структур, аднак, відаць, яны не атрымалі дазвол з адміністрацыі і фактычна адмянілі. Беларускаму боку няма чаго сказаць. Шанец далі, але ён аказаўся вельмі цяжкі – пупок надарвалі ”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG