Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнку трэба баяцца не рэвалюцыі, а змовы ў сваім атачэньні”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Чым бліжэй у Беларусі прэзыдэнцкія выбары, тым большы ціск адчуваюць тыя асобы і арганізацыі, якія маюць свой, адрозны ад афіцыйнага, пункт гледжаньня на далейшае разьвіцьцё краіны. Суды над удзельнікамі масавых акцяў пратэсту, закрыцьцё недзяржаўных газэтаў, ліквідацыі партыйных і грамадзкіх суполак… Прадстаўнікі апазыцыі лічаць, што ўсё гэта робіцца дзеля таго, каб не дапусьціць у Беларусі так званай “каляровай” рэвалюцыі — кшталту тых, што адбыліся ва Ўкраіне і Грузіі. Але ці толькі такі рэвалюцыйны шлях зьмены ўлады магчымы ў Беларусі? Вось як адказвае на гэтае пытаньне Аляксей Шаўко зь Менску. Слухач піша:

“Не разумею, чаму ўлада раптам так спалохалася каляровай рэвалюцыі. Беларусы да рэвалюцыяў ніколі не былі схільныя. Яны лепш пераседзяць навалу, чым будуць зь ёй змагацца. Згадайце, адкуль прыйшла рэвалюцыя ў Беларусь у 1905 годзе? А ў 1917-м? А колькі людзей выйшла на вуліцы і плошчы абараняць дэмакратыю ад ГКЧП у жніўні 1991-га? Некалькі дзясяткаў. Гэтак будзе і цяпер.

Зьмены, хутчэй за ўсё, прыйдуць у Беларусь з Расеі. Вось захопіць пасьля Пуціна ўладу ў Крамлі які-небудзь супэрдэмакрат — тады не ўтрымаецца на месцы і Лукашэнка. Так што беларусам застаецца, як заўсёды, адседжвацца ды чакаць. А беларускай уладзе замест таго, каб баяцца нерэальнай рэвалюцыі, варта было б лепш прыглядацца да ўласных шэрагаў. Вось знойдзецца які-небудзь змоўшчык, падбухторыць генэралаў ды міністраў, наладзіць пераварот — і не дапамогуць ніякія сілавыя ведамствы. Пратэставаць супраць змовы беларусы на плошчу ня выйдуць — яны надзейна запалоханыя арыштамі ды дубінкамі, любых несанкцыянаваных акцыяў баяцца. А Захад таксама на абарону Лукашэнкі ня стане, ён хутчэй зь цікавасьцю будзе прыглядацца да змоўшчыкаў і пры магчымасьці перацягне іх на свой бок ды прымусіць правесьці свабодныя выбары, на якіх тыя ж змоўшчыкі і перамогуць. Вось дзе для Лукашэнкі галоўная небясьпека. А ён тым часам змагаецца зь бяскрыўднымі Статкевічам, Севярынцам ды Клімавым”.

Ня думаю, спадар Шаўко, што прэзыдэнт Лукашэнка ўвогуле ігнаруе небясьпеку, якую можа ўяўляць для яго апісаны вамі варыянт падзеяў. Гучныя адстаўкі, перастаноўкі і нават арышты ў ягоным блізкім атачэньні, якія здараюцца даволі часта, сьведчаць хутчэй пра адваротнае. Да таго ж многія высокапастаўленыя чыноўнікі перакананыя, што іх падслухоўваюць і за імі сочаць спэцслужбы. Гэтыя страхі ня так даўно камэнтаваў сам Аляксандар Лукашэнка.

Што да гістарычных паралеляў. Так, былі рэвалюцыі 1905-га і 1917-га гадоў, якія прыйшлі ў Беларусь з Расеі. Але было і беларускае паўстаньне 1863 году, быў масавы партызанскі рух падчас фашысцкай акупацыі, былі, нарэшце, масавыя рабочыя страйкі 1991-га... У багатай беларускай гісторыі ўвогуле няцяжка знайсьці любыя параўнаньні — як на карысьць сьцьвярджэньняў аб пакорлівасьці беларусаў, так і наадварот — як доказ іхнай ваяўнічасьці і ўпартасьці.

Наступны ліст ад Зыгмунта Дзякевіча зь вёскі Пяньценішкі Воранаўскага раёну. Слухач піша:

“Апошнім часам Расею захліснула хваля п’янства ды наркаманіі. Паступова гэтая хваля перакідваецца і на тэрыторыю нашай незалежнай дзяржавы. Таму шмат цяпер клопатаў у міліцыянтаў — шукаюць самагоншчыкаў ды гандляроў, якія займаюцца нелегальнай рэалізацыяй гарэлкі. У адну зь мінулых суботаў у адной толькі вёсцы Пашкавічы выявілі адразу тры такія падпольныя гарэлачныя “пункты”.

А самыя дасьведчаныя самагоншчыкі ў нашай акрузе — у вёсцы Больцішкі. Усе там ведаюць цётку Веру. Стаж у яе ў гэтай справе велізарны, і пратаколаў з гэтай нагоды пісана-перапісана. Але можна яе і пахваліць, гэтую сьціплую працаўніцу самагоннай справы: сваёй віны яна ніколі не адмаўляе, адразу пагаджаецца з усімі абвінавачаньнямі”.

Ня сёньня і ня ўчора, спадар Дзякевіч, прыйшлі п’янства і самагонны бізнэс у беларускую вёску. І для Расеі гэтая праблема стала вострай зусім не цяпер, а шмат год (калі не стагодзьдзяў) таму. А памятаеце апошнюю антыалькагольную кампанію канца 1980-х гадоў? Зачынялі віна-гарэлачныя заводы, абмяжоўвалі час працы крамаў, высякалі вінаграднікі, нават стварылі Ўсесаюзнае таварыства барацьбы за цьвярозасьць… А самагоншчыкаў судзілі выязныя суды ў вёсках, на месцы, так бы мовіць, “злачынства”. Зьбіралі людзей у мясцовых клюбах, прыяжджала начальства… Быў разьлік на выхаваўчы эфэкт грамадзкага асуджэньня.

На адным такім судзе ў вашых, спадар Дзякевіч, мясьцінах мне давялося пабываць у 1987 годзе (я працаваў тады карэспандэнтам у шчучынскай раённай газэце). Было прылюднае зьнішчэньне трохсот літраў брагі, быў суд, былі сьлёзы асуджанай жанчыны, якая адна выхоўвала чатырох дзяцей. І было спачуваньне ўсіх прысутных аднавяскоўцаў, многія зь якіх самі займаліся гэтай жа справай, бо без “паўлітра” на вёсцы ні каня здабыць, ні соткі апрацаваць. І ніякага грамадзкага асуджэньня ў тым вясковым клюбе я не заўважыў. Думаю, нямногае зьмянілася ў гэтай справе і цяпер, амаль праз дваццаць гадоў.

Прэтэнзіі на адрас Беларускай “Свабоды” і мяне асабіста выказвае ў сваім лісьце наш слухач з Рыгі Міхаіл Леках:

“Вы, спадар Жданко, для агучваньня і камэнтароў выбіраеце зручныя для вас лісты слухачоў, якія не валодаюць аб’ектыўнай інфармацыяй. У гэтых лістах у асноўным агульныя эмацыйныя развагі. А вось аб’ектыўныя факты, лічбавую ды іншую інфармацыю, якую я даводжу ў сваіх лістах, вы ігнаруеце. Увогуле, інфармацыйная частка ў перадачах “Свабоды” зьменшылася, а паўпраўды стала больш”.

У сваім чарговым лісьце Міхаіл Леках асуджае аранжавую рэвалюцыю ва Ўкраіне. Пры гэтым аргумэнтуе сваю пазыцыю наступным чынам:

“Рэспубліка, якая калісьці была адной з самых багатых у Савецкім Саюзе, да 1997 году правалілася ў жабрацтва. Калі валавы ўнутраны прадукт у 1990 годзе ва Ўкраіне складаў 2620 даляраў на чалавека, то ў 1997-м — толькі 1200. Але мільярдэры ва Ўкраіне зьявіліся — у заходніх банках поўна ўкраінскіх грошай. Супэрзлодзеямі становяцца высокапастаўленыя чыноўнікі. А ўкраінскі супэрзладзюга, былы прэм’ер Лазарэнка бавіць час у амэрыканскай турме. Паміж Кіевам і беднымі датацыйнымі рэгіёнамі Ўкраіны пяціразовая розьніца ва ўзроўні жыцьця на карысьць Кіева.

І нанятыя рэвалюцыянэры і барацьбіты за свабоду, якія два месяцы бавіліся на кіеўскім Майдане, з добрай штосутачнай аплатай, бясплатнай гарэлкай ды закускай, добра зарабілі ды адпачылі. Але чамусьці ніхто зь пяці мільёнаў нелегальных украінскіх мігрантаў з Расеі пакуль не вярнуўся ў новы ўкраінскі рай. Матэрыяльнае становішча большасьці ўкраінскага насельніцтва не палепшылася, і наўрад ці палепшыцца ў блізкім часе. А новыя ўлады тым часам спрачаюцца, як перадзяліць між пераможцамі прыватызаваныя былой уладай прадпрыемствы ды іншыя аб’екты”.

У сваім лісьце Міхаіл Леках з Рыгі таксама выказвае пагрозу: калі ліст ня будзе зачытаны ў эфіры, ён паведаміць пра гэта ў дзяржаўны друк Беларусі з паведамленьнем прозьвішчаў тых, хто замоўчвае зьмест лістоў.

Гэта ваша права, спадар Леках, сыгналізуйце ў любыя органы. Што да прычынаў таго, чаму ня ўсе вашы лісты гучаць у аглядах пошты. Вы шмат і часта пішаце на “Свабоду”. На жаль, мы ня маем магчымасьці выкарыстаць усе допісы, асабліва аб’ёмныя, напоўненыя шматлікімі статыстычнымі зьвесткамі і газэтнымі выразкамі. Зачытваньне іх у эфіры заняло б не адну гадзіну. Тым больш, што найчасьцей зьмест вашых лістоў зводзіцца да адной тэмы — крытыкі цяперашняга эканамічнага і сацыяльнага становішча ў Латвіі. Паўтараць зь перадачы ў перадачу адны і тыя ж (альбо падобныя) тэзы і высновы не выпадае.

Што да вашага сёньняшняга ліста наконт становішча ва Ўкраіне. Не даводзіцца спрачацца з прыведзенымі лічбамі статыстыкі, якія сьведчаць пра глыбокі заняпад украінскай эканомікі і сацыяльнай сфэры, пра размах карупцыі і дэмаралізацыю ўлады ва Ўкраіне напрыканцы 1990-х гадоў. Але менавіта супраць усяго гэтага і паўсталі ўкраінцы ў лістападзе-сьнежні мінулага году, калі выйшлі на Майдан Незалежнасьці. Сотні тысяч людзей тыднямі не пакідалі плошчу ў непагадзь, у мароз і сьнег. Ім бескарысьліва дапамагалі многія жыхары Кіева — гатавалі ежу, прыносілі цёплую вопратку, коўдры. Пра гэта ёсьць тысячы сьведчаньняў: зьнятыя фільмы, напісаны дакумэнтальныя кнігі. Дзіўна, што вы, спадар Леках, пра гэта ня ведаеце.

І наўрад ці выпадае меркаваць пра эфэктыўнасьць новай улады ўжо празь некалькі месяцаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Эканамічныя і сацыяльныя зьмены патрабуюць нямала часу і намаганьняў. Але тое, што ўкраінцы сёньня маюць шэраг грамадзянскіх правоў і свабодаў, якіх яшчэ нядаўна ня мелі, што цяпер ва Ўкраіне цалкам забясьпечана свабода слова і друку, што расьсьледаваны і даведзены да суду справы аб палітычных забойствах — гэта факт.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG