Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29 чэрвеня ў Сыбір было вывезена 23 тысячы беларусаў


RFE/RL Каляндар Свабоды – 29 чэрвеня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 29 чэрвеня.

29 чэрвеня каталіцкі сьвет ушаноўвае сьвятых апосталаў Пятра і Паўла.

29 чэрвеня 1940 году адбылася адна з найбуйнейшых дэпартацыяў сялян Заходняе Беларусі ў Сыбір. Толькі за адзін гэты дзень было вывезена 23 тысячы чалавек. А ўсяго ў выніку аб’яднаньня усходняй і заходняй Беларусі ў ГУЛАГ патрапіла 120 тысяч заходнебеларускіх сялян. Гэта былі галоўным чынам найбольш заможныя гаспадары.

На 29 чэрвеня 1941 году ў Менску было заплянаванае ўрачыстае адкрыцьцё новага Камсамольскага возера і купальнага сэзону. У гэты ж дзень у сталіцы мусіў адбыцца грандыёзны Ўсебеларускі парад фізкультурнікаў перад Домам ураду. Аднак пляны былі перакрэсьленыя вайной. У гэты дзень у Менску кіравала жыцьцём ужо зусім іншая адміністрацыя.

29 чэрвеня 1944 году савецкая армія працягвала выцясьняць немцаў з тэрыторыі Беларусі. У гэты дзень быў вызвалены ад немцаў Бабруйск.

29 чэрвеня 1906 году прыйшоў на сьвет расейскі савецкі ваенначальнік Іван Чарняхоўскі, які камандаваў 3-м Беларускім фронтам. Яшчэ за нашай памяцьцю помнік Чарняхоўскаму стаяў пасярод Вільні на праспэкце Гедыміна. Пад помнікам была магіла Чарняхоўскага. Калі помнік сабраліся прыбраць, з ініцыятывай паставіць яго ў сябе выступілі беларускія ўлады. Аднак справа скончылася нічым. Помнік і магіла Чарняхоўскага былі перанесеныя на радзіму героя ў расейскую глыбінку.

29 чэрвеня 1925 году нарадзіўся беларускі акадэмік Юры Астроўскі. Прыйшоў на сьвет будучы вучоны ў Менску. Ён зрабіў вялікі ўнёсак у разьвіцьцё беларускае мэдыцыны, быў дырэктарам Інстытуту біяхіміі Акадэміі Навук. Юры Астроўскі – стваральнік Гарадзенскай біяхімічнай школы. Яшчэ ён быў вядомы як сьведамы беларус і браў чынны ўдзел у працы Таварыства Беларускай Мовы. Ня стала акадэміка Астроўскага ў 1991 годзе.

З сусьветна вядомых дзеячоў культуры, што нарадзіліся 29 чэрвеня, згадаем сёньня францускага пісьменьніка Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры. Чытаць яго пачынаюць зь дзяцінства ва ўсім сьвеце, у тым ліку і ў Беларусі. Экзюпэры шмат і добра перакладалі на беларускую мову. Скажам ягоная знакамітая прыпавесьць «Маленькі прынц» у беларускім выкананьні Ніны Мацяш даўно стала бібліяграфічнай рэдкасьцю.
XS
SM
MD
LG