Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка загадаў браць плату пры перасячэньні мяжы


Міхал Стэльмак, Менск Дзяржаўная мяжа Беларусі робіцца платнай. Уводзіцца плата за яе перасячэньне беларускімі й замежнымі грамадзянамі. Указ пра гэта сёньня падпісаў Аляксандр Лукашэнка. "Гэта сапраўдная дзікасьць браць грошы за перасячэньне мяжы", – так камэнтуе ўказ юрыст-аглядальнік "Белорусского рынка".

Паводле указу, збор за перасячэньне не павінен пераўзыходзіць чвэрці базавай велічыні. У грашовым эквіваленце гэта, на сёньня, складае крыху больш за 6 тысяч беларускіх рублёў альбо каля 3 даляраў.

Права ўвядзеньня такога збору дазволена абласным Саветам і Менскаму гарсавету. Як вынікае з афіцыйных тлумачэньняў, плаціць будуць як беларусы, так і замежныя грамадзяне.

І грамадзянаў Беларусі, і наведнікаў зь іншых краінаў, новаўвядзеньне, на думку экспэртаў, наўрад ці ўзрадуе. Гаворыць аглядальнік газэты “Беларускі рынак”, юрыст Сяргей Балыкін:

(Балыкін: ) “Гэта сьведчыць пра тое, што наша дзяржава недастаткова цывілізаваная. Бо гэта сапраўдная дзікасьць браць грошы за перасячэньне мяжы. А для замежных грамадзянаў яна і была, і становіцца, і будзе далей ўсё менш прывабнай для турызму, нейкіх дзелавых паездак і гэтак далей. Гэта азначае толькі тое, што ў дзяржавы няма нейкіх іншых магчымасьцяў браць грошы, напрыклад, ад прадпрымальніцкай дзейнасьці, і яна спрабуе браць нейкія цьвёрдыя сумы падаткаў, ад якіх немагчыма ўхіліцца”.

Меркаваньне пра чарговы захад камэрцыялізацыі дзяржаўнай мяжы падзяляе і былы намесьнік міністра замежных справаў Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) “Гэта сапраўды камэрцыялізацыя дзяржаўнай мяжы. Не існуе такой практыкі. Калі даюць права мясцовым саветам уводзіць такія падаткі, то існуе практыка экалягічных падаткаў. Калі ёсьць праблемныя экалягічныя зоны, то ўводзяцца зборы для належнага ўтрыманьня навакольнага асяродзьдзя. Але ж тое, што зараз усё больш і больш камэрцыі ў выкарыстаньні дзяржаўнай мяжы, то гэта мне незразумела. Я думаю, што тут ёсьць яшчэ такая нянавісьць з боку ўладаў да грамадзянаў, якія выяжджаюць на адпачынак. Мы ведаем, што вышэйшыя дзяржаўныя асобы ня могуць паехаць у краіны Эўропы, напрыклад. Па-першае, не запрашаюць, а па-другое, ёсьць сьпіс забароненых на ўезд”.

Зазначыў Андрэй Саньнікаў, былы намесьнік міністра замежных справаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG