Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі тэлеканал ZDF: "Уніформа ад дыктатара"


Алена Струвэ, Менск Больш за 10 год таму нямецкія сілавыя структуры пачалі шыць сваю уніформу ў Беларусі. Сёньня ў спэцвопратку беларускай вытворчасьці апранаюцца вайскоўцы Бундэсвэру, супрацоўнікі нямецкай крымінальнай паліцыі і мытні. У той час як вытворцы зь Дзяржынскай швейнай фабрыкі ганарацца сваімі нямецкімі заказамі, самі заказчыкі ў гэтым зьвязку не дэманструюць ніякага гонару і ўстрымліваюцца ад усялякіх інтэрвію на гэтую тэму. У сваім рэпартажы "Уніформа ад дыктатара" журналісты тэлеканалу ZDF нават ставяць пытаньне, наколькі маральнай ёсьць падобная сытуацыя.

Паводле аўтараў сюжэту, з кожным годам усё больш фэдэральных земляў замаўляюць адмысловую вопратку для вайскоўцаў, паліцыянтаў і мытнікаў у Дзяржынску. "Ці ня дзіўна, што нямецкія праваахоўныя органы робяць гэтыя заказы краіне, якую ў Нямеччыне называюць апошняй дыктатурай Эўропы за недапушчальную сытуацыю з правамі чалавека?" – пытаюцца аўтары рэпартажу.

Аднак, лічаць нямецкія тэлевізійшчыкі, наўрад ці гэты момант хвалюе заказчыкаў. Кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных справаў Нямеччыны, да якога зьвяртаюцца журналісты ZDF, пацьвярджаюць, што ўніформы шыюцца ў беларускім Дзяржынску, аднак ад інтэрвію ўстрымліваецца.

Дарэчы, як акцэнтуюць у сваім сюжэце нямецкія журналісты, невялікі беларускі горад названы так у гонар арганізатара чырвонага тэрору і заснавальніка савецкага КГБ Фелікса Дзяржынскага. Наўрад ці заказчыкі задумваюцца пра падобныя паралелі. Галоўнае для іх тое, што сярэднямесячная заработная плата дзяржынскіх швачак – 120 эўра ў месяц, што працуюць яны якасна і паводле гнуткага працоўнага графіку. Гэта і ёсьць вырашальным момантам.

У сваім рэпартажы нямецкія журналісты нагадваюць гледачам пра палітычную сытуацыю ў Беларусі, а таксама пра тое, што Бундэстаг на працягу апошняга часу пастаянна крытыкуе беларускі рэжым за недэмакратычны курс, аднак кіраўніцтва краіны на чале зь беларускім дыктатарам ніяк не рэагуе на гэтую крытыку.

"Ці правыя дэмакраты, калі яны робяць падобныя заказы дыктатарам?" – пытаюцца нямецкія журналісты.

Такое ж пытаньне вырашылі задаць немцам і мы. Супрацоўніца Дрэздэнскай мытні Катрын пагадзілася паразмаўляць з намі як прыватная асоба. Жанчына ведае, што яе ўніформа вырабляецца ў Дзяржынску і дае добрую ацэнку якасьці гэтага адзеньня. Паводле яе словаў, адказ на пытаньне ёсьць для яе далёка ня простым, у палітыку яна б улазіць не хацела:

(Катрын: ) "Для мяне Беларусь таксама частка Эўропы. І чаму не? Тым больш, што цяпер усё вырашае цана. Беларусы забясьпечваюць добрую якасьць... Зь іншага боку, можна было б пашукаць падобную фірму і дома. Бо тут, на тэрыторыі былой ГДР, шмат беспрацоўных. Тут шмат швейных фабрык і падобную ж фірму можна было б знайсьці. У любым выпадку: чаму не? Я так думаю".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG