Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле новага закону партыі можна прыпыняць на 1-6 месяцаў


Уладзімер Глод, Менск 29 чэрвеня, у апошні дзень веснавой сэсіі, Палата прадстаўнікоў унесла зьмены й дапаўненьні ў два законы – "Аб палітычных партыях" і "Аб грамадзкіх арганізацыях". На прапанову сьпікера Канаплёва, абодва пытаньні былі ўключаныя ў парадак дня сэсіі непасрэдна на самым пачатку сёньняшняга паседжаньня.

Хаця, паводле парлямэнцкіх дакумэнтаў, абодва пытаньні фармулююцца ў форме зьмяненьняў і дапаўненьняў да двух законаў, насамрэч можна казаць пра кардынальную зьмену адпаведнага заканадаўства.

Гэта, фактычна, прызнаў і дэпутат Аляксандар Сьвірыд, які прадстаўляў дакумэнты ад імя парлямэнцкай камісіі у справах правоў чалавека, нацыянальных адносінаў і сродкаў масавай інфармацыі. Вось што ён казаў пра закон аб партыях:

(Сьвірыд: ) "Законапраект прадстаўляецца ў новай рэдакцыі. Комплексная перапрацоўка закону, які пачаў дзейнічаць у кастрычніку 1995 году, выклікана тым, што за прайшоўшы час адбыліся зьмяненьні ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Грамадзянскім кодэксе. Прэзыдэнт прыняў шэраг актаў, якія разьвіваюць палітычна-грамадзкія адносіны ў сфэрах дзейнасьці палітычных партыяў, іх саюзаў і асацыяцыяў. У ім знайшлі сваё месца палажэньні трох дэкрэтаў кіраўніка дзяржавы".

У новым дакумэнце, які стане законам пасьля ўхваленьня Саветам рэспублікі і падпісаньнем яго Аляксандрам Лукашэнкам, уводзіцца новая норма – прыпыненьне дзейнасьці палітычнай партыі.

Тэрмін прыпыненьня дзейнасьці партыі – ад аднаго да шасьці месяцаў. Адпаведнае рашэньне прымае Вярхоўны суд Беларусі. У дзейным на сёньня заканадаўстве існуюць толькі дзьве нормы – папярэджаньне ды закрыцьцё. Прыпыненьня не прадугледжана.

Сярод новых нормаў – абмежаваньне для грамадзянаў Беларусі права быць сябрам некалькіх партыяў, што, на думку экспэртаў, зробіць больш складанай працэдуру вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты. Таксама цяпер дазваляецца знаходзіцца толькі ў адной арганізацыйнай структуры адной партыі. Забаронена ствараць на тэрыторыі Беларусі структуры палітычных партыяў замежных краінаў.

Каб зарэгістраваць новую партыю, цяпер патрэбна будзе папярэдне атрымаць станоўчае заключэньне Рэспубліканскай камісіі ў справе рэгістрацыі грамадзкіх аб''яднаньняў і толькі пасьля гэтага зьвяртацца ў Міністэрства юстыцыі. Дзейны закон такога заключэньня не патрабуе.

Намесьнік старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі адрэагаваў на зьмены наступным чынам:

(Беленькі: ) "Я думаю, тут камэнтар мусіць быць вельмі просты. На тэрыторыі Беларусі існуе небеларуская ўлада. І ўся лёгіка яе дзейнасьці накіравана супраць інтарэсу беларускага народу, яго карэнных інтарэсаў, беларускай нацыі і беларускай пэрспэктывы".

Што тычыцца закону "Аб грамадзкіх арганізацыях", дык тут таксама ёсьць істотныя зьмены. Прыкладам, зафіксавана, што грамадзкія арганізацыі й іх саюзы цяпер могуць быць ліквідаваныя за "парушэньне патрабаваньняў, якія прад''яўляюцца да выкарыстаньня замежнай бясплатнай дапамогі". Да таго ж грамадзкія арганізацыі прымусяць даваць справаздачу Міністэрству юстыцыі. Да 1 сакавіка неабходна будзе штогод паведамляць, колькасьць сябраў арганізацыі, колькасьць структураў, праведзеныя за год мерапрыемствы.

Старшыня Беларускага Гэльсінскага камітэту Твацяна Процька:

(Процька: ) "Практычна ўсе апазыцыйны арганізацыі могуць быць закрытымі. Апазыцыйных арганізацыяў проста ня будзе".
XS
SM
MD
LG