Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларуськалій” і “Народная Воля” дасягнулі міравога пагадненьня


Ганна Соусь, Менск Судовы разгляд пазову аб абароне дзелавой рэпутацыі вытворчага аб’яднаньня “Беларуськалій” да рэдакцыі газэты “Народная Воля” ў Гаспадарчым судзе Менску скончыўся міравым пагадненьнем.

Пазоў тычыўся публікацыі ў “Народнай Волі” ад 23 красавіка артыкулу “Такая воля народу”, дзе паведамлялася, што шэраг супрацоўнікаў прадпрыемства падпісаліся пад зваротам аб стварэньні грамадзкага руху “Воля народу”. Прадстаўнікі “Беларуськалію” патрабавалі прызнаць распаўсюджаныя зьвесткі несапраўднымі і зьневажальнымі для дзелавой рэпутацыі прадпрыемства.

Як паведаміла Радыё Свабода адвакат “Народнай Волі” Ларыса Атаманчук, перад пачаткам судовага паседжаньня намесьнік генэральнага дырэктара “Беларуськалію” Анатоль Махлай і юрыст прадпрыемства Валянціна Якімовіч прапанавалі заключыць міравое пагадненьне на наступных умовах: рэдакцыя газэты прыносіць прабачэньне за публікацыю непраўдзівай інфармацыі аб падтрымцы руху “Воля народу” работнікамі “Беларуськалію”, паколькі з 302 падпісантаў 262 чалавекі не працуюць на прадпрыемстве. У сваю чаргу “Беларуськалій” адмаўляецца ад сваіх прэтэнзіяў і бярэ на сябе аплату судовых выдаткаў.

17 чэрвеня Гаспадарчы суд спыніў вытворчасьць па аналягічнай справе аб абароне дзелавой рэпутацыі Салігорскага дзяржаўнага горна-тэхнічнага тэхнікуму з той прычыны, што гэтая спрэчка “не падлягае разгляду ў Гаспадарчым судзе”.

9 чэрвеня суд Ленінскага раёну Менску часткова задаволіў тры з чатырох пазоваў супрацоўнікаў “Беларуськалію” да рэдакцыі “Народнай Волі” і забавязаў газэту выплаціць кожнаму зь іх 2 мільёны рублёў.
XS
SM
MD
LG