Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністры прыходзяць у Нацыянальны сход усё радзей


Уладзімер Глод, Менск 29 чэрвеня прадстаўнікі беларускага ўраду адказвалі на пытаньні сябраў абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу. Так атрымалася, што сёньняшнія адказы супалі з завяршэньнем вясновай сэсіі Палаты прадстаўнікоў. Таму некаторыя дэпутаты спадзяваліся, што дзяжурнае мерапрыемства, якім сталі штомесячныя размовы (падчас сэсіяў) з прадстаўнікамі ўраду, ператворыцца ў сур’ёзны экзамэн для чыноўнікаў.

У сьпісе кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіраваньня, якія выступалі з адказамі на пытаньні парлямэнтараў, было 22 прозьвішчы афіцыйных асобаў на чале з намесьнікам прэм’ер-міністра Васілём Гапеевым. І толькі сем чалавек зь іх былі першымі асобамі, астатнія — другога і нават трэцяга ўзроўню.

Раней на паседжаньні дэпутатаў абавязкова хадзілі прэм’ер-міністар, ягоныя намесьнікі, міністры. Чым можна патлумачыць, што цяпер узровень урадавага прадстаўніцтва зьнізіўся, я паспрабаваў высьветліць у дэпутата Палаты прадстаўнікоў Віктара Кучынскага, які стаў сёньня лідэрам па колькасьці зададзеных яму пытаньняў:

(Кучынскі: ) “Я ня маю гэтаму тлумачэньня. Я лічу, што прэзыдэнт заўжды патрабаваў і патрабуе, каб на такія форумы прыходзілі (усё ж парлямэнт гэта галіна ўлады) самыя высокія асобы. Безумоўна, тут павінны былі быць прэм’ер-міністар і міністры. Паглядзіце, міністар аховы здароўя спадарыня Пастаялка прыйшла, і некаторыя іншыя міністры прыйшлі”.

Магчыма, што такія паводзіны ўраду ў пэўнай ступені зьвязаныя з узроўнем тых пытаньняў, якія ім адрасуюць дэпутаты. Прыкладам, сёньня бальшыня запытаў тычылася канкрэтных прадпрыемстваў — Аршанскага льнокамбінату, Салігорскага швейнага прадпрыемства “Купалінка”, прадпрыемства “Зэніт” у Вялейцы ды шэрагу іншых.

Парлямэнцкі карэспандэнт агенцтва БелаПАН Юры Пацёмкін бачыць цесную сувязь паміж вагай пытаньняў і адпаведна ўзроўнем кіроўных асобаў:

(Пацёмкін: ) “Калі б пытаньні мелі, так бы мовіць, нацыянальны характар, дык тады быў бы сэнс хадзіць сюды й прэм’ер-міністру, і кіраўніку Нацбанку, і іншых органаў кіраваньня. Дэпутаты, на жаль, не зьяўляюцца цяпер носьбітамі нейкіх нацыянальных ідэяў. Яны лічаць, што іхная галоўная задача тут — бараніць інтарэсы выбарцаў. Але гэтым павінны займацца дэпутаты мясцовых саветаў. Альбо ёсьць яшчэ Савет рэспублікі. Гэта іхныя пытаньні. А тут, у парлямэнце, трэба вызначаць прынцыповыя праблемы. Але няма асэнсаваньня гэтага, таму няма і адпаведных пытаньняў”.

Можа таму сёньня ў дзьвюх палатах Нацыянальнага сходу не знайшлося жадаючых задаць пытаньні прадстаўнікам такіх важных міністэрстваў, як эканомікі, працы і сацыяльнай абароны, энэргетыкі, гандлю.

У апошні дзень вясновай сэсіі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ухвалілі законапраекты аб палітычных партыях і грамадзкіх аб’яднаньнях, якія робяць умовы іх рэгістрацыі і працы больш складанымі. У прыватнасьці, прадугледжваецца магчымасьць прыпыненьня дзейнасьці партыі на тэрмін да паўгоду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG