Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскву запрасілі беларускую апазыцыю і Віктара Шэймана


Ігар Карней, Менск Цягам двух дзён, 30 чэрвеня і 1 ліпеня, у Маскве адбудзецца шэраг мерапрыемстваў з удзелам расейскіх і беларускіх палітыкаў, а таксама спэцыяльных гасьцей з краінаў Балтыі. Сярод арганізатараў палітычнага форуму — кіраўнік упраўленьня ў справах СНД адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Мадэст Колераў і расейскі палітоляг Глеб Паўлоўскі.

Гаворыць адзін з запрошаных удзельнікаў — акадэмік Аляксандар Вайтовіч:

(Вайтовіч: ) “Форум называецца “Эўропа: вынікі году пераменаў”. У прыватнасьці, плянуецца паседжаньне па тэме “Палітыка і легітымнасьць на постсавецкай прасторы”.

(Карэспандэнт: ) “Быццам у Маскву запрошаныя таксама і афіцыйныя прадстаўнікі?”

(Вайтовіч: ) “Як мне тэлефанавалі, то сказалі, што будзе запрошанае шырокае кола ўдзельнікаў, уключна прадстаўнікоў улады і грамадзкіх дзеячаў з розных краінаў”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы мяркуеце, прадстаўнікі беларускіх уладаў прымуць такое запрашэньне?”

(Вайтовіч: ) “Ня ведаю, як будзе заўтра, але калі падобны форум праходзіў у Бэрліне, то былі як незалежныя прадстаўнікі, так і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Казалі, што цяпер Шэйман запрошаны, але ён ня мае ніякага досьведу ўдзелу ў такіх мерапрыемствах. Тым больш, мяркую, там будзе досыць дэмакратычная абстаноўка — ня тое што выйшаў на трыбуну, з паперкі прачытаў. Мабыць, будуць і пытаньні задаваць. А гэта ўжо ня вельмі проста”.

А вось дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч у Маскву прыехаў загадзя і, як расказаў па тэлефоне, меў ужо цэлы шэраг кантактаў з прадстаўнікамі расейскай улады. На заўтрашні форум глядзіць з аптымізмам.

(Гайдукевіч: ) “Ёсьць пра што пагаварыць, падыскутаваць і выказаць свой пункт гледжаньня. Тым больш, што шырока будзе прадстаўлена палітычная эліта. Я вось сёньня правёў чатыры вельмі сур’ёзныя сустрэчы ў Дзяржаўнай думе і адміністрацыі расейскага прэзыдэнта. Гэтыя сустрэчы для мяне вельмі карысныя”.

Праўда, ад пытаньня — ці будуць такімі ж карыснымі кантакты з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі, якія таксама маюць намер удзельнічаць у форуме, спадар Гайдукевіч адразу ж засумаваў.

(Гайдукевіч: ) “А якія ў мяне зь імі могуць быць спрэчкі? Ну, прыяжджаюць Вайтовіч, Колас...”

Чакаецца, што ў працы маскоўскага палітычнага форуму возьме ўдзел і амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Грыгор’еў. 1 ліпеня да ўдзельнікаў круглага стала мае намер далучыцца і Аляксандар Казулін.
XS
SM
MD
LG