Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліцэй перабраўся ў Польшчу, ліцэісты сустрэнуцца з Занусі і Вайдам


Любоў Лунёва, Менск Ад 29 чэрвеня да 1 верасьня калектыў закрытага ўладамі Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа будзе знаходзіцца ў Варшаве. Ліцэісты будуць вучыцца і слухаць лекцыі па рэжысуры кіно. Асноўную частку арганізацыйнай працы ўзяў на сябе Клюб каталіцкай інтэлігенцыі ў Варшаве.

Польская інтэлігенцыя дапамагла ліцэістам і іх выкладчыкам сабрацца пад адным дахам, каб калектыў меў магчымасьць паўнавартасна працаваць і адпачываць. Цягам году дзецям складана было зьбірацца разам. Часам навучэнцы першага і трэцяга курсу маглі не сустракацца тыднямі пад адным дахам.

Дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас паведаміў Радыё Свабода, што галоўнай мэтай паездкі ў Варшаву ёсьць тое, што калектыў будзе мець магчымасьць зноў адчуць дух братэрства.

(Колас: ) “Ліцэй будзе займацца ў некалькіх гімназіях Варшавы ў выдатных умовах. У некаторых будынках ёсьць і басэйны, і стадыёны, і, безумоўна, усе неабходныя лябараторыі для заняткаў хіміяй, фізыкай, біялягічны кабінэт, кампутарныя клясы. Апроч таго, неабходна пабыць разам, адчуць еднасьць, адчуць ліцэйскае брацтва. Гэта нам цяжка зрабіць у сёньняшніх умовах у Беларусі. Нам дапамагае грамадзкасьць Польшчы. Тут пра ліцэй добра ведаюць, ён зрабіўся ўжо папулярным”.

Першы месяц дзеці будуць жыць у самым цэнтры Варшавы ў інтэрнаце. Потым дзеці будуць жыць у сем’ях сяброў Клюбу каталіцкай інтэлігенцыі. Тое ж будзе і ў Гданьску. Калектыў будзе спалучаць навучальны працэс з выхаваўчай працай.

30 чэрвеня адбудзецца сустрэча ліцэістаў зь легендарным польскім кінарэжысэрам Анджэем Вайдам, на наступны дзень сустрэча з Кшыштафам Занусі і з шэрагам іншых вядомых польскіх кінарэжысэраў-дакумэнталістаў у межах праграмы факультатыву журналістыкі. Курс кінарэжысуры будуць чытаць прафэсары кінашколы ў Лодзі. Ліцэісты будуць глядзець лепшыя дакумэнтальныя і мастацкія фільмы. Каб даць магчымасьць дзецям паўнавартасна адпачыць, на выходныя іх будуць вазіць на экскурсіі.

Клюб інтэлігенцыі ў Варшаве арганізаваў і прафінансаваў асноўную колькасьць мерапрыемстваў. Сябра Клюбу Эва Партыга так пракамэнтавала гэта Радыё Свабода:

(Партыга: ) “Нам дапамагае вельмі шмат людзей. Гэта такая грамадзянская акцыя. Чаму мы гэтым займаемся? Мы прачыталі ў польскай прэсе артыкулы пра ліцэй. Пра тое, як ён быў два гады таму ліквідаваны. Мы вырашылі, што нашым абавязкам ёсьць дапамога дзецям, каб яны маглі ў нармальных, чалавечых умовах вучыцца на сваёй роднай мове. Ліцэй — гэта вельмі сучасная школа. Мы ў Польшчы можам шмат чаму ад іх навучыцца. У іх цікавыя праграмы і цікавыя мэтады адукацыі. Тое, што беларускія ўлады ліквідавалі ліцэй, ёсьць вялікай памылкай. Мы ў Польшчы да канца ня можам зразумець, чаму беларуская мова — мова другой катэгорыі ў Беларусі? Мы лічым, што беларуская мова мусіць быць асноўнай. Застаецца спадзявацца, што ідэя ліцэю захаваецца дзякуючы такім грамадзянскім ініцыятывам, як, напрыклад, наша. І прыйдзе такі час, калі беларускія ўлады зразумеюць, што гэта справа важная”.

Такім чынам, у Варшаве знаходзяцца 100 чалавек. 87 зь іх ліцэісты, астатнія — пэдагагічны калектыў і некалькі бацькоў. У жніўні ў Польшчу прыедуць яшчэ некалькі бацькоў навучэнцаў.
XS
SM
MD
LG