Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валера Леванеўскага пераводзяць у Рэспубліканскі турэмны шпіталь


Алег Грузьдзіловіч, Менск Пра гэта паведамілі ў сям’і вязьня. Спадару Леванеўскаму спатрэбілася лячэньне пасьля перанесенай ім галадоўкі. Афіцыйныя крыніцы пакуль не паведамляюць інфармацыю пра стан здароўя Леванеўскага.

Пра тое, што 27 чэрвеня Валера Леванеўскага адвезьлі з Івацэвіцкай калёніі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь, які знаходзіцца ў Менску, сям’я вязьня даведалася 28 чэрвеня ад знаёмага з Івацэвіцкай калёніі. Сын Леванеўскага Ўладзімер мяркуе, што перавод бацькі ў шпіталь зьвязаны з хваробамі, якія абвастрыліся пасьля галадоўкі.

(Леванеўскі: ) “Гэта зьвязана з тым, што ён больш за тыдзень трымаў галадоўку на пачатку чэрвеня. У яго абвастрылася хвароба сэрца, падвысіўся ціск”.

Як сябе цяпер адчувае Валер Леванеўскі і якая яму аказваецца мэдычная дапамога, высьветліць не ўдалося. У Рэспубліканскім турэмным шпіталі паведамілі, што 28 чэрвеня Валера Леванеўскага да іх яшчэ не прывозілі, а зьвесткі за 29 чэрвеня патрапяць у канцылярыю толькі заўтра, 30 чэрвеня. Дзяжурная ня выключыла, што вязьня могуць везьці з Івацэвічаў у Менск некалькі дзён, і гэтым тлумачыцца затрымка інфармацыі. Паводле дзяжурнай, тэрмін пераезду залежыць не ад стану здароўя вязьня, а ад транспарту і ўкамплектаванасьці групы асуджаных, якіх перавозяць. У Івацэвіцкай калёніі, дзе адбывае пакараньне Леванеўскі, адмаўляюцца даваць пра яго любыя зьвесткі.

(Дзяжурная: ) “Даведак ніякіх не даем. Да пабачэньня”.

Такую ж адмову пачуў я і па тэлефоне Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС.

Сын Леванеўскага Ўладзімер згадаў, як паўгоду таму ягонага бацьку цягам амаль пяці дзён перавозілі з Івацэвіцкай калёніі ў Магілёўскую калёнію. Паводле пазьнейшых лістоў Валера Леванеўскага, падчас гэтай паездкі яму не аказвалі мэдычнай дапамогі, а харчаваньне было настолькі дрэнным, што ён мусіў паскардзіцца турэмнаму начальству. Сын Леванеўскага кажа, што хвалюецца за цяперашні стан здароўя свайго бацькі.

Сёлета ў сакавіку пасьля пераезду зь Менскага сьледчага ізалятара ў Аршанскую калёнію здарыўся інсульт з другім вядомым беларускім палітвязьнем — Міхаілам Марынічам. Пазьней было афіцыйна прызнана, што падчас пераезду ахоўнікі не давалі Міхаілу Марынічу лекі, якія прапісалі яму дактары. Цяпер у сям’і Валера Леванеўскага таксама непакояцца пра тое, ці мае Леванеўскі неабходную мэдычную дапамогу.
XS
SM
MD
LG