Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апытаньне: як зрабіць Беларусь прывабнай для турыстаў?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Ад 1 ліпеня абавязковай умовай для атрыманьня ліцэнзіі турфірмы будзе разьвіцьцё ўязнога турызму. Каб прыцягнуць турыстаў, у Магілёўскай вобласьці вырашылі аднавіць турыстычныя базы і рэстаўраваць помнікі архітэктуры ў сельскіх раёнах, будуць створаныя некалькі новых турыстычных зонаў і маршрутаў. Што трэба зрабіць, каб Беларусь стала прывабнай для замежных турыстаў? З гэтым пытаньнем нашая карэспандэнтка зьвярнулася да людзей на магілёўскіх вуліцах.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, калі ласка, што трэба зрабіць, каб Беларусь стала прывабнай для замежных турыстаў?”

(Спадар: ) “Яна і так прывабная для турыстаў з гледзішча экалягічнага турызму. А што зрабіць? Трэба імідж краіны ўмацоўваць, паляпшаць, каб народ не баяўся, верыў. Яны думаюць, што ў нас тут мядзьведзі бегаюць”.

(Спадарыня: ) “Рэкляму трэба рабіць, і тады паедуць. Я мяркую, што ў нас ёсьць шмат чаго цікавага паглядзець. Проста мы самі ня можам прэзэнтаваць нашую краіну належна”.

(Спадар: ) “Памяняць прэзыдэнта — і ўсё”.

(Спадар: ) “Канечне, з той палітычнай сытуацыяй, якая ў нас у Беларусі склалася, напэўна, людзі з Захаду ня хочуць прыяжджаць да нас. У сувязі з тым рэжымам, які ў нас ёсьць. Мы для іх непрывабныя ў гэтым пляне”.

(Спадарыня: ) “Чаму ня едуць? Абслугоўваньне — у першую чаргу. Напэўна, яшчэ ўмовы пражываньня”.

(Спадарыня: ) “Трэба, каб усе гэтыя кемпінгі і базы былі камфортнымі. Я б іх зрабіла прыватнымі ўвогуле. Утульнымі. Каб сустракалі з усьмешкай, бяз хамства, без усялякай цяганіны”.

(Спадарыня: ) “Неяк прыгажэй рабіць, азеляняць. Любіць свой горад, цаніць яго, тады і іншыя будуць цаніць”.

(Спадарыня: ) “Гэта трэба было рабіць даўно, яшчэ ў 1986 годзе. Раздулі паніку, Чарнобыль сваю справу зрабіў, і цяпер нічым нікога вы сюды не прыцягнеце”.

(Спадарыня: ) “Чаго сюды турысты паедуць, раскажыце? Чаму ў Прыбалтыку едуць турысты? Таму што там народ культурны, зусім іншы. А тут — хамы. Культура пачынаецца з таго, дзе чалавек жыве”.

(Спадар: ) “Каб горад яшчэ трохі папрыгажэў. Ён і так нядрэнны, канечне, але нечага не хапае”.

(Спадарыня: ) “Прывабнасьць перш за ўсё павінна быць тых месцаў, якія зьяўляюцца гістарычнымі помнікамі, яны павінны быць адрэстаўраваныя. Менавіта не хапае культурнай праграмы для турыстаў”.

(Спадарыня: ) “Каб можна было паказаць турыстам, каб яны прыехалі, адпачнулі, убачылі тут прыроду і яшчэ раз захацелі сюды прыехаць”.

(Спадарыня: ) “Ведаеце, я толькі што адпачывала ў санаторыі ў Віцебскай вобласьці. Там такая прырода! Нешта сапраўды незвычайнае. Таму прырода ў нас — гэта самае галоўнае. Багацьце нашае — гэта прырода”.

(Спадарыня: ) “Хутчэй за ўсё, каб было больш цывілізавана ў нашай краіне. Трэба практычна ставіцца для людзей — усё для іх, а ня супраць іх”.
XS
SM
MD
LG