Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На “Славянскім базары ў Віцебску” зьменяцца вядучыя


Браніслава Станкевіч, Віцебск Да пачатку фэстывалю “Славянскі базар у Віцебску” застаецца крыху больш за два тыдні. Звычайна гэта самы “гарачы час” для арганізатараў фэстывальных імпрэзаў, калі тэрмінова завяршаюцца работы на недабудаваных аб’ектах і цэнтральныя вуліцы Віцебску ўпрыгожваюцца да прыёму шматлікіх гасьцей. Адначасова ўдакладняюцца праграмы фэстывальных канцэртаў і карэктуюцца розныя іншыя арганізацыйныя пытаньні.

Звонку сёлетняя падрыхтоўка да фэстывалю праходзіць на дзіва спакойна, і звычайнае “гонкі”, каб дабудаваць і адрамантаваць усё ў апошні момант, няма. З абласнога ды гарадзкога бюджэту выдаткаваны на добраўпарадкаваньне досыць вялікія грошы – усяго 450 мільёнаў рублёў – і на гэтыя сродкі зроблены рамонт у амфітэатры, а таксама вакол яго.

143 мільёны рублёў выдаткаваныя з абласнога бюджэту на новае гукавое абсталяваньне, а яшчэ за 400 мільёнаў рублёў будзе набыты канцэртны раяль для абласной фільгармоніі, урачыстае адкрыцьцё якой пасьля працяглай рэканструкцыі адбудзецца 11 ліпеня. Завяршылася таксама й рэканструкцыя мосту імя Кірава, які быў зачынены для транспарту, з-за чаго гараджане цягам году мелі вялікія праблемы.

Цяпер у горадзе адносны парадак, нездарма ў віцяблянаў складаецца такое ўражаньне, што горад да фэстывалю амаль што падрыхтаваўся.

(Дзяўчына: ) ”Горад прыгожы стаў, кветачкі паўсюль!”

(Хлопец: ) ”Рыхтуецца горад, рыхтуецца да фэстывалю, да яго адкрыцьця”.

(Спадарыня: ) “Горад усё прыгажэе, усё прыгажэе! Мне падабаецца!”

Улады таксама задаволеныя выглядам гарадзкіх аб’ектаў, асабліва зважаючы на тое, што сродкі на ўпарадкаваньне выдаткоўваліся не з нацыянальнага, а зь мясцовага бюджэту. Пра гэта 25 чэрвеня на паседжаньні аргкамітэту фэстывалю казаў віцэ-прэм’ер Уладзімер Дражын, зазначыўшы, што сёлетні “Славянскі базар у Віцебску” “мае годна прадэманстраваць ужо ня толькі эўрапейскі, але нават сусьветны ровень”.

Праўда, пасьля таго, як запрошаныя на паседжаньне журналісты занатавалі ўсё, што ў горадзе зроблена добрага, сябры аргкамітэту папрасілі іх пакінуць памяшканьне. Бо пры адсутнасьці журналістаў аргкамітэт абмяркоўваў ужо ня вонкавыя прыкметы набліжэньня фэстывалю, а яго ўнутраныя праблемы. Гэта ўмовы харчаваньня ўдзельнікаў і акрэдытаваных гасьцей, а таксама тое, якім чынам запоўніць амфітэатар гледачамі, бо цэны на білеты сягаюць да 100 тысячаў рублёў, што даступна ня кожнаму грамадзяніну Беларусі.

Вытокі гэтых праблемаў у тым, што фінансаваньне фэстывалю, якое паступае зь беларускага бюджэту, бюджэту Саюзнае дзяржавы і прэзыдэнцкага фонду, засталося ў леташнім аб''ёме. Хаця з тае пары павысіліся і цэны на прадукты, і транспартныя выдаткі, і аплата гатэляў. Пра гэта адкрыта гаворыць дырэктар фэстывалю Радзівон Бас, але вось як будзе вырашацца гэтая праблема, журналістам на паведамілі.

Непрададзеныя білеты, зрэшты, можна раздаць у якасьці прэміяў найлепшым даяркам ды мэханізатарам, як было летась, але сваіх ганарараў запрошаныя артысты запатрабуюць, нягледзячы ні на што. Дарэчы, што да асабовага складу ўдзельнікаў канцэртных праграм, то ў асноўным прыедуць тыя самыя артысты, якіх можна штовечар убачыць па расейскім тэлебачаньні: Алег Газманаў, Барыс Маісееў, Людміла Гурчанка, Валеры Лявонцьеў. І ўжо дакладна вядома, што зьменіцца тройка фэстывальных вядучых: у яе складзе застанецца толькі прадстаўніца Беларусі Алена Сьпірыдовіч, Расею будзе прадстаўляць Ілона Бранявіцкая, а з Украіны прыедзе прадстаўнік “моцнае паловы чалавецтва”, праўда, прозьвішча гэтага спадара пакуль што невядомае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG