Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэкцыя Гомельскага краязнаўчага музэю змагаецца з палітычна актыўным супрацоўнікам, той бароніцца праз суды


Казімір Яноўскі, Гомель Цэнтральны суд Гомелю задаволіў пазоў старшага навуковага супрацоўніка, дэпутата гарадзкога савету Юрася Глушакова да дырэкцыі абласнога краязнаўчага музэю. Судзьдзя Сяргей Шыцікаў адмяніў заўвагу дырэктара музэю Аляксандра Алейніка, вынесеную спадару Глушакову нібыта за грэбаваньне працоўнымі адносінамі.

Пазовы дэпутата Глушакова Цэнтральны суд разглядае ня першы раз. Раней дэпутат судзіўся з гарвыканкамам. Апошні дазволіў, а пасьля забараніў правядзеньне мітынгу выбарцаў супраць падвышэньня камунальных выплат. Забарону якраз і аспрэчваў спадар Глушакоў. Судзьдзя Віктар Казачок пазову дэпутата да гарвыканкаму не задаволіў. У траўні гэты самы судзьдзя адхіліў пазоў Юрася Глушакова да адміністрацыі краязнаўчага музэю. Дэпутат аспрэчваў вымову за спазьненьне на працу на паўтары хвіліны.

І вось цяпер сапраўды невялікая перамога. Цэнтральны суд абвясьціў незаконнай вынесеную дэпутату заўвагу за грэбаваньне працоўнымі адносінамі.

Сутнасьць у тым, што дырэкцыя музэю вымушала супрацоўнікаў дзяжурыць у выхадныя дні. Абяцала за гэта адгулы. Юрась Глушакоў са згоды намесьніка дырэктара музэю выкарыстаў свае адгулы. Аднак дырэктар Аляксандар Алейнік пакараў дэпутата заўвагаю, якую суд першай інстанцыі і прызнаў незаконнай.

Меркаваньне самога спадара Глушакова:

(Глушакоў: ) “Суду не было куды дзявацца, бо парушэньні з боку адміністрацыі былі відавочныя. Прыняць іншае рашэньне азначала пайсьці супраць закону на ўсе сто адсоткаў. Па-другое, маю справу ў гэтым выпадку разглядаў судзьдзя Сяргей Шыцікаў, а не судзьдзя Казачок, які першы раз прыняў рашэньне на карысьць адміністрацыі”.

Дарэчы, дэпутат не зьбіраецца здавольвацца сваёй невялікай перамогай:

(Глушакоў: ) “Я не зьбіраюся на гэтым спыняцца. Падаў яшчэ адзін пазоў, бо я атрымаў тры вымовы і зьбіраюся ўсе аспрэчыць у судзе”.

Ці заўважная нейкая сувязь паміж спагнаньнямі ў дачыненьні да дэпутата Глушакова і ягонай грамадзкай актыўнасьцю? Дырэктар музэю Аляксандар Алейнік абвяргае такую сувязь. Аднак камэнтаваць гэта публічна не захацеў.

Сам жа дэпутат Глушакоў у судзе заяўляў, што спагнаньні пасыпаліся на яго пасьля таго, як ён стаў прад’яўляць прэтэнзіі да гарвыканкаму.

Дарэчы, у такой самай сытуацыі апынулася і няштатная памочніца дэпутата навуковая супрацоўніца музэю, сябра сацыяльнага руху “Разам” Марыя Багдановіч. Напачатку дырэкцыя музэю вынесла ёй шэраг вымоваў, а 25 траўня наагул звольніла з працы.

Спадарыня Багдановіч таксама працягвае судзіцца з адміністрацыяй. І вось якую заканамернасьць яна выявіла:

(Багдановіч: ) “Падчас маіх працэсаў і працэсаў Юр''я Глушакова высьветлілася багата парушэньняў з боку адміністрацыі музэю: то яны тлумачальнай ня ўзялі перад тым, як вынесьці вымову, то яны акту ня склалі на спазьненьне і абвінавачваньні атрымліваюцца галаслоўнымі, то яны забыліся загад выдаць на дзяжурства. Адно з двух: альбо наша адміністрацыя сама недастаткова кампэтэнтная, тады яна ня мае маральнага права патрабаваць ад іншых; альбо яны думаць, што яны недатыкальныя, якім усё можна, для якіх Працоўны кодэкс неабавязковы. Ну, тады гэта проста нахабства”.
XS
SM
MD
LG