Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі Сталага камітэту саюзнай дзяржавы прамантачваюць бюджэт


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў выканаўчым камітэце СНД у Менску зьбяруцца экспэрты, якія маюць падрыхтаваць неабходныя дакумэнты для стварэньня Бюро ў пытаньнях каардынацыі барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю ды іншымі небясьпечнымі відамі злачынстваў на тэрыторыі краінаў Судружнасьці. На абмеркаваньне гэтага пытаньня адведзеныя тры дні. А літаральна за два дні да гэтага сябры Парлямэнцкага сходу Саюзу Беларусі й Расеі ўбачылі прыклад арганізаванай злачыннасьці ў дзейнасьці Сталага камітэту так званай саюзнай дзяржавы. Яны заклікалі Найвышэйшую дзяржаўную раду гэтага фармаваньня прыцягнуць да адказнасьці службовых асобаў, вінаватых у растраце сродкаў саюзнага бюджэту.

Гаворка ідзе пра 1 мільён 600 тысячаў расейскіх рублёў. Найбольшым парушальнікам закону стаў Сталы камітэт так званай саюзнай дзяржавы, які ўзначальвае Павел Барадзін. Вось толькі адзін красамоўны прыклад – у Сталага камітэту ёсьць аж 39 службовых аўтамабіляў. І гэта пры тым, што поўны штат камітэту складае 112 супрацоўнікаў. Для параўнаньня: Сакратарыят саюзнай дзяржавы, які не саступае паводле колькасьці супрацоўнікаў Сталаму камітэту, мае менш за 10 аўто. Вялікія сродкі ішлі на камандзіроўкі ды так званыя прадстаўнічыя выдаткі. Кантрольныя органы лічаць: гэта адбываецца таму, што й сёньня няма палажэньня аб камандзіраваньні й выдзяленьні прадстаўнічых выдаткаў.

І яшчэ адзін красамоўны прыклад. У саюзны бюджэт у 2003 годзе павінны былі вярнуць 456 мільёнаў расейскіх рублёў, якія раней пазычаліся ў якасьці крэдытаў. Фактычна ж вярнулі толькі 105 мільёнаў.

І так адбываецца штогод. Пра парушэньні неаднойчы казалі кіраўнікі кантрольных органаў Расеі ды Беларусі – Сяргей Сьцяпашын і Анатоль Тозік. Але нават іхныя заўвагі засталіся без адпаведнай рэакцыі. Чаму так адбываецца? Вось як адказвае на гэтае пытаньне вядомы палітык, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі XIII скліканьня Ўладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк:) "Калі цяпер закрануць Барадзіна, дык, на мой погляд, за ім пацягнецца вялікі ланцужок людзей, якія маюць дачыненьні да гэтых злоўжываньняў. Таму што Барадзін адзін нічога рабіць ня будзе. Ён заўсёды намагаецца зрабіць так, каб абаперціся на нейкія структуры, на нейкіх людзей. І таму я баюся, што гэта ўсё застанецца ў тым стане, у якім яно ёсьць цяпер. Можа, некаму, прыкладам, прэзыдэнтам Пуціну й Лукашэнку, пакажуць там рэальныя матэрыялы, рэальныя лічбы. Але ніхто ня будзе заводзіць крымінальных справаў, бо інакш будзе, як у выпадку з унтэр-афіцэрскай удавой, якая сама сябе высекла. Барадзін жа займае гэтую пасаду са згоды двух прэзыдэнтаў. Таму тут проста адбываецца абарона гонару мундзіра".

Штучнасьць, якая прысутнічала пры стварэньні так званай саюзнай дзяржавы, ня можа не адбіцца на яе дзейнасьці. Экспэрты адкрыта называюць гэтыя адносіны несур’ёзнымі. Пра што казаць, калі саюзны бюджэт на 2005 год зацьвердзілі толькі ў траўні... 2005 году. Хаця бюджэты асобных краінаў – Расеі й Беларусі – ухвалілі яшчэ летась. Вось што кажа кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" вядомы беларускі эканаміст Леанід Заіка:

(Заіка:) "Бюджэтныя выдаткі лабіююць тыя ці іншыя ведамствы, тыя ці іншыя прадпрыемствы. Прыкладам, прадпрыемствы аўтамабільнай прамысловасьці лабіявалі грошы на пастаўку рухавікоў зь Яраслаўлю ў Беларусь. Ёсьць такая праграма "Саюзны тэлевізар", празь якую падтрымліваюць камплектацыяй заводы абедзьвюх краінаў. Такога лабіяваньня, такіх праграмаў наагул не павінна быць. Па вялікім рахунку, нельга траціць грошы на прадпрыемствы. Грошы павінны ісьці на вялікія прарыўныя дасьледаваньні, для таго, каб ствараць агульную інфармацыйную й высокапатэнтную прастору, распрацоўваць новыя ідэі й новыя тэхналёгіі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG