Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер-міністар на дэпутацкія пытаньні не адказвае?


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня прадстаўнікі ўраду Беларусі мусяць адказаць на пытаньні дэпутатаў Нацыянальнага сходу. На гэтым завяршаецца праца другой сэсіі Палаты прадстаўнікоў. Пра што будуць пытацца дэпутаты? Гэта сур''ёзны экзамэн для міністраў або дзяжурнае мерапрыемства?

Акцыя пад назовам "Адказы ўраду на пытаньні дэпутатаў" стала ўжо традыцыйнай. Сёньня ў Авальную залю да дэпутатаў прыйдзе намесьнік прэм’ер-міністра Васіль Гапееў -- ён курыруе сфэры будаўніцтва, сувязі, жыльлёва-камунальнай гаспадаркі ды іншыя. Як ставяцца ва ўрадзе да такога дыялёгу? Сваім досьведам дзеліцца былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч.

(Парфяновіч: ) "Толк вельмі вялікі, калі ўрад адносіцца да парлямэнту на ўзроўні прэм’ера, а калі туды прыходзяць людзі, другі ці трэці ўзровень, то ў гэтым толку вялікага няма. Калі дэпутат мае магчымасьць задаць пытаньне прэм’еру, то, відаць, і прэм’ер можа зрабіць адказ на гэтае пытаньне і вырашыць гэтае пытаньне. Прэм’ер не заўсёды прыходзіў, прыходзілі віцэ-прэм’еры, а сёньня я бачу, што нават віцэ-прэм’еры не прыходзяць, то бок зьмяншаецца аўтарытэт парлямэнту ў вачох выбарcаў."

На якія ж магчымыя пытаньні будзе адказваць гэтым разам намесьнік прэм’ер-міністра Васіль Гапееў?

Пытаньні часьцей за ўсё зьбіраюцца загадзя і закранаюць у асноўным праблемы, якія ня ў стане вырашыць мясцовыя ўлады ў акругах. Да прыкладу, дэпутаты пытаюцца пра газыфікацыю пасёлку Копысь Аршанскага раёну, дзе ніводзін жыхар так і ня змог падключыцца да газаправоду, альбо пра фінансаваньне зь мясцовых бюджэтаў мэдычных установаў дзеля забесьпячэньня іх гарачай і халоднай вадой, каналізацыяй ды іншымі выгодамі. У міністра адукацыі дэпутат просіць фінансавай дапамогі ў справе ўвядзеньня першай чаргі школы ў полацкім мікрараёне "Аэрапорт". Другі дэпутат перадае скаргі гандляроў сельскіх крамаў на нізкія заробкі і просіць вырашыць праблему камплектацыі школьных бібліятэк мастацкай ды мэтадычнай літаратурай. Дэпутат Ігар Катляроў ставіць пытаньне рубам - калі будзе завершаная рэформа жыльлёва-камунальнай гаспадаркі ў Беларусі? Гэтае пытаньне, як і пытаньне пра кампэнсацыю ўкладаў насельніцтва, фактычна можна аднесьці да спрадвечных. Іншыя патрабуюць ва ўраду навесьці парадак у квотах на ўвоз вырабленай прадукцыі з адной вобласьці краіны ў іншую. Як высьветлілася, яны павялічваюцца. Іншыя дэпутаты вяртаюцца да беларуска-расейскіх адносінаў і пытаюцца, ці будзе ўніфікаваная сыстэма сацыяльнага страхаваньня з расейскай. Што яшчэ зьдзіўляе, дэпутаты-заканатворцы зьвяртаюцца да ўраду з пытаньнем, калі будзе распрацаваны той або іншы законапраект... Гэтым разам, напрыклад, хвалюе законапраект аб малым бізнэсе.

Дарэчы, пры абмеркаваньні тых ці іншых законапраектаў дэпутаты маюць магчымасьць задаць пытаньне якому-небудзь міністру. Дэпутатка Вольга Абрамава, напрыклад, пацікавілася нядаўна ў міністра юстыцыі, на якой жа падставе затрымалі Сяргея Скрабца? Аднак спадар Галаванаў дазволіў сабе не адказваць ні падчас паседжаньня, ні ў перапынку.

(Абрамава: ) "Ён проста нічога не сказаў пра гэта. Пытаньне было пастаўлена ў час, але яно не было прывязана да канкрэтнага законапраекту, вы ж разумееце..."
XS
SM
MD
LG