Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзевае беспрацоўе і пошукі працы (фота)


Вольга Канапелька, Ягор Маёрчык, Менск (эфір 26 чэрвеня). Новая перадача сэрыі “Маладыя галасы”.

(Ягор Маёрчык: ) “Вітаем усіх на хвалях Радыё Свабода ў праграме “Маладыя галасы”!”

(Вольга Канапелька: ) “Пры мікрафоне Вольга Канапелька і Ягор Маёрчык. У нас адмысловы выпуск. Тэма: моладзевае беспрацоўе і пошукі працы”.

(Маёрчык: ) “Выпускнік юрыдычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Іван атрымаў вольны дыплём. Уладкавацца паводле спэцыяльнасьці ў міліцыю, пракуратуру альбо суд хлопец не пажадаў і на дадзены момант выбірае, чым заняцца. Мы вырашылі дапамагчы яму”.

Гаворкі пра беспрацоўе

(Канапелька: ) “Ягор, перад тым, як мы будзем слухаць Івана, хачу, каб ты падзяліўся ўласным досьведам пошуку працы”.

(Маёрчык: ) “Маё працоўнае мінулае асабліва нічым не вылучаецца. Некалькі месяцаў быў кур’ерам, спрабаваў пісаць адукацыйныя кампутарныя праграмы і нават пасьпеў папрацаваць на студыі відэазапісу. Вось, уласна кажучы, і ўсё”.

(Канапелька: ) “М-да, нешта нягуста”.

(Маёрчык: ) “Я ведаю, што ў цябе багацейшы досьвед. Чым ты пахвалісься?”

(Канапелька: ) “Працавала я шмат дзе. Аднойчы нават на завод будаўнічых матэрыялаў занесла. Там падносіла дошкі...”

(Маёрчык: ) “А мая фантазія малюе такую карціну: Вольга Канапелька ў спэцоўцы і з чэпчыкам на галаве апрацоўвае драўніну пры дапамозе цыркулярнай пілы. Проста супэр! А фатаздымкі з колішняга месца працы засталіся? Дай паглядзець!”

(Канапелька: ) “Ніколі табе не пабачыць тых фатаздымкаў!”

(Маёрчык: ) “Усё як заўсёды. Ніякай узаемнасьці. А яшчэ чым на жыцьцё зарабляла?”

(Канапелька: ) “Калі я была малая, у мяне была вельмі вынаходлівая сяброўка, якая з усяго знаходзіла спосаб зарабіць грошы на марозіва. Напрыклад, мы хадзілі гандляваць кацянятамі на кірмаш. Ці назьбіраем у парку алычы, а потым дзе-небудзь станем і гандлюем ёй. Грошай, канечне, шмат не зарабілі, але згадаць ёсьць што”.

(Маёрчык: ) “Звычайна, калі людзі хочуць зарабіць, яны ходзяць у парк зьбіраць піўныя бутэлькі…”

(Канапелька: ) “Мушу прызнацца, што было і такое. З той жа сяброўкай назьбіралі бутэлек ад шампанскага. Падышлі да прыёмнага пункту шклатары. Там была доўгая чарга. Але калі пабачылі мяне, сямігадовую дзяўчынку, з торбай у руцэ, прапусьцілі, бо падумалі, што ў мяне бутэлькі ад малака. Калі ж я пачала даставаць свае бутэлькі ад шампанскага і выстаўляць іх у акенца, якое было вышэй за маю галаву, увесь натоўп пачаў рагатаць. Гэтых бутэлек не прымалі. Я хуценька сабрала іх у торбу і, чырвоная ад засмучэньня, пабегла ад гэтага пункту”.

(Маёрчык: ) “Усё зразумела, адкуль у цябе цяга да бутэлек! Вось чаму цябе занесла на вінаробчы завод! Ты там уладкавалася дэгустатарам?”

(Канапелька: ) “Маёрчык, не мяркуй пра людзей паводле сябе! Я ўсяго толькі дапамагала перабіраць ягады”.

(Маёрчык: ) “І няўжо ніводнага разу не пакаштавала прадукцыю свайго роднага прадпрыемства? Ну, хоць паўкілішка...”

(Канапелька: ) “А на гэтае пытаньне я адказваць не зьбіраюся! Да тэмы нашае гутаркі яно ня мае ніякага дачыненьня!”

(Маёрчык: ) “Перайначыўшы клясыка, можна канстатаваць: доўга трымалася Воля на допыце. Бяры прыклад з Івана. Ён пра ўсё гаворыць шчыра і ахвотна”.

(Іван: ) “Не хачу быць правазнаўцам, а жадаю стаць палітычным тэхнолягам, працягваць навуковую кар’еру, паступіць у магістратуру ці асьпірантуру. А працу я буду шукаць такую, каб быў прыбытак. Магчыма, якім мэнэджарам у фірме. Усе працаўладкоўваюцца з мэркантыльных меркаваньняў, а не паводле спэцыяльнасьці”.

Маладыя галасы

(Маёрчык: ) “Давайце ўявім сытуацыю: вы хочаце знайсьці высокааплатную, добрую, утульную, прыемную працу. Але ў нас гэта не атрымліваецца. Што тады?”

(Іван: ) “Прыму тую працу, якую знайду”.

(Маёрчык: ) “Любую?”

(Іван: ) “Любую”.

Гаворкі пра кандуктараў

(Канапелька: ) “Мы пачынаем пошукі працы для Івана. Першае, што прыйшло ў нашыя галовы, — гэта кандуктарства. Аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў у вялікім горадзе шмат, а кантралёраў у іх не хапае. Між тым, сачыць ёсьць за чым. Ня ўсе пасажыры плацяць за праезд. Такіх раней ці пазьней ловіць кантралёр. І ад штрафу тады ўжо не адверцісься”.

(Маёрчык: ) “Але штраф усё адно выгадней, за квіткі і праязныя”.

(Канапелька: ) “Што ты маеш на ўвазе?”

(Маёрчык: ) “Выключна матэматычны разьлік. Месяцовы праязны на адзін транспарт (ня кажучы пра два і тры) каштуе болей, чым сплата аднаго штрафу. А ловяць ў грамадзкім транспарце ня болей за раз на месяц. Атрымліваецца, што заплаціць штраф выгадней, чым набываць праязныя”.

(Канапелька: ) “Менавіта каб супрацьдзейнічаць такім разумнікам, як Ягор Маёрчык, на сваіх маршрутах аўтобусныя паркі ставяць кандуктараў. І тут адразу паўстае іншая альтэрнатыва: набыць квіток альбо выйсьці на наступным прыпынку”.

(Маёрчык: ) “А кандуктар ці кандуктарка? Калі кандуктарка, то за праезд заплачу. І калі кандуктаркай будзе такая дзяўчына, як Галіна, ня тое што квіток набуду, уласны прыпынак магу праехаць”.

(Канапелька: ) “Цікава, што за Галіна і чым яна цябе зачаравала?”

(Маёрчык: ) “Паказаць не пакажу, а паслухаць дамо”.

(Галіна: ) “Я працую кандуктарам. У мае абавязкі ўваходзіць правяраць квіткі на праезд, парадаваць талёнчыкі і кантраляваць, каб усё было добра, каб не было няшчасных выпадкаў”.

(Маёрчык: ) “Ці заўсёды людзі адгукаюцца на ваш заклік набыць квіткі? Што вы робіце, калі яны адмаўляюцца?”

(Галіна: ) “Збольшага людзі адгукаюцца. Але часта сутыкаесься з тым, што яны кажуць: “Я нашаму грамадзтву ўжо ўсё аддаў. Я больш нічога не вінны”. Стараесься нармалёва весьці зь імі размову. Часам я зь імі жартую. Кажу: “Гэта робяць усе, і няма чаго тут саромецца”. Вельмі часта гэта мае сэнс. Але калі ўзьнікае спрэчка, прапануеш ім пакінуць аўтобус. Збольшага яны слухаюцца”.

Маладыя галасы

(Маёрчык: ) “Калі не сакрэт, ваш заробак залежыць ад таго, колькі чалавек вы абілецілі, ці вы атрымліваеце стаўку? Людзі часам разважаюць такім чынам: яны ня супраць падмануць дзяржаву, але калі кандуктар ад гэта будзе мець прыбытак, то 360 рублёў на квіток ім не шкада”.

(Галіна: ) “Наш заробак залежыць ад таго, колькі мы прадамо квіткоў. За месяц мы павінныя выканаць плян. Калі не атрымліваецца, наш заробак зьмяншаецца. Калі я працую штодня 12 гадзінаў, за месяц мне патрэбна здаць 1 мільён 400 тысяч. Бываюць выпадкі, калі прыходзіцца дакладаць свае грошы, каб не застацца без заробку”.

(Маёрчык: ) “А што самае цяжкае ў працы кандуктара?”

(Галіна: ) “Цяжка ня столькі фізычна, колькі маральна. Хоць правесьці 12 гадзінаў у машыне, якая рухаецца, дзе тлум і вібрацыя, гэта вельмі цяжка. Але псыхалягічны фактар больш сур’ёзны. Шмат стамляесься ад размоваў зь людзьмі. Кожны, хто прыйшоў працаваць кандуктарам, схуднеў. Я скінула 13 кіляграмаў, хтосьці нават 20. У нашае працы штодня нешта адбываецца. Сядзіць жанчына, разглядае пустую пушку ад цукерак і разважае ўголас: “Дзьве зьела я, а хто зьеў трэцюю?” Стаіш і ня ведаеш, куды падацца. Шмат сьмешнага з моладзьдзю адбываецца. Бываюць такія асобы, што зь імі нават ня хочацца расставацца. Ехалі тры хлопцы. Пачала патрабаваць аплаціць праезд. Яны кажуць: “Мы бедныя студэнты” Я кажу: “Усе мы бедныя. Вы тут ня знойдзеце ніводнага чалавека, які будзе задаволены сваім матэрыяльным станам”. Яны кажуць: “Грошай няма, але мы станчым і сьпяем”. Адзін зь іх акампануе, а астатнія пяюць”.

(Маёрчык: ) “Як вашая сям’я ставіцца да такой працы?”

(Галіна: ) “Муж за мяне вельмі хвалюецца. Ад пачатку я яму распавядала пра розныя прыгоды. Але апошнім часам перастала гэта рабіць”.

(Маёрчык: ) “Шкадуеце ягоную псыхіку?”

(Галіна: ) “Так, шкадую. Ён разумее, што праца цяжкая, але пакуль што іншага выйсьця няма”.

(Маёрчык: ) “Цяпер зноў дамо слова Івану. Ці даспадобы яму стаць кандуктарам?”

(Іван: ) “Мне гэтая праца падаецца вельмі цікавай. Але яна мне падаецца болей жаночай, чым мужчынскай працай. У маёй сьвядомасьці ёсьць гендэрныя стэрэатыпы — розьненьне жаночай і мужчынскай працы”.

(Маёрчык: ) “А вы маральна гатовыя ўявіць сябе на гэтым месцы?”

(Іван: ) “Я пераважна ежджу безь білета, і мне будзе ня вельмі проста пераключыцца на кандуктара, аднак можна гэта паспрабаваць”.

(Маёрчык: ) “Якімі мэтадамі вы будзеце пераконваць безьбілетнікаў плаціць за карыстаньне грамадзкім транспартам?”

(Іван: ) “На гэта ёсьць адмысловыя палітычныя тэхналёгіі, якая дапамогуць пераканаць чалавека зрабіць патрэбны выбар”.

Гаворкі пра прамоўтэраў

(Канапелька: ) “Ягор, якое ў цябе стаўленьне да прамоўтэраў? Да тых, хто рэклямуе рознага кшталту тавары і паслугі?”

(Маёрчык: ) “Прызнаюся шчыра, што ўвагу зьвяртаю менавіта на прамоўтэрак. Тое, што яны рэклямуюць, адыходзіць на другі плян”.

(Канапелька: ) “Карацей, дарэмна дзяўчаты стараюцца? А каб ты ведаў, наколькі гэта цяжкая праца, хоць бы зь меркаваньняў гуманнасьці мог бы зацікавіцца, што табе прапануюць”.

(Маёрчык: ) “А хто табе, Канапелька, сказаў, што я не гуманіст? Любую з прамоўтэрак я гатовы выслухаць і пашкадаваць па-за ейнай працай. Доказам будзе наступнае інтэрвію. З Вольгай мы сустрэліся не на рэклямнай акцыі. І ў нас было дастаткова часу, каб шчыра пагутарыць”.

(Вольга: ) “На вуліцах гораду стаяць дзяўчаткі, пераапранутыя ў спэцыяльную форму, і прапануюць нешта пакаштаваць, альбо проста рэклямуюць тавар. Такую працу знайсьці вельмі проста. Даволі часта зьяўляюцца аб’явы ў інстытутах ці ў газэтах. Прыходзіш. З табой размаўляюць. Табе могуць прапанаваць адразу разрэклямаваць нейкі тавар. Пасьля гэтага, калі праводзіцца нейкая акцыя, табе тэлефануюць — і ты прыходзіш”.

(Маёрчык: ) “А якія крытэры адбору тых, хто будзе працаваць?”

(Вольга: ) “У чалавека павінна быць больш-менш прыцягальная зьнешнасьць. Трэба ўмець размаўляць зь людзьмі і ўмець пераканаць, што ім патрэбны менавіта гэты тавар. Усяго толькі патрэбна — умець размаўляць зь людзьмі, трэба быць вельмі гаваркім”.

(Маёрчык: ) “А вы дзе такому навучыліся?”

(Вольга: ) “Вось тут і навучылася. Насамрэч, да таго як прыехала і паступіла, я была вельмі сьціплым дзіцём. А на гэтых рэклямных акцыях я і навучылася размаўляць”.

Маладыя галасы

(Маёрчык: ) “А як пераканаць людзей, што ім патрэбныя нажы для гародніны альбо пральны парашок?”

(Вольга: ) “Ад нас заўсёды патрабуюць, каб вы ўсьміхаліся. Апроч таго, патрэбна быць настойлівым. Была ў нас акцыя па піве. Ідзе народ, які ня хоча яго набываць. “Вы не спрабавалі, але пакаштуйце! Можа, вам спадабаецца! А калі не — можа, вам смакуе іншы гатунак”. І вось такімі абыходнымі шляхамі чалавека трэба прымусіць пакаштаваць гэты прадукт”.

(Маёрчык: ) “Што вам даводзіцца выслухоўваць? Як людзі рэагуюць на вашыя прапановы?”

(Вольга: ) “Звычайна людзі ўсьміхаюцца. Некаторыя адмахваюцца, як ад мухі. Да гэтага мы прызвычаіліся і не зьвяртаем увагі. Некаторым сапраўды цікава. Але збольшага стаўленьня ня вельмі добрае. Трапляюцца людзі, якія хочуць справакаваць канфлікт”.

(Маёрчык: ) “А знаёмяцца з вамі часам прамоцыяў часта?”

(Вольга: ) “Гэта залежыць ад таго, што за акцыя. Калі ты ў краме прапануеш пакаштаваць пяльменяў “Тры парасяці”, то ня вельмі часта. Але калі гэта акцыя рэклямы энэргетычных напояў, якія праходзіць на аўтазалівачных станцыях, тады вельмі часта. Людзі на машынах пад’яжджаюць. “Чаго ты тут стаіш? Лепш паехалі да мяне! Колькі ты тут зарабляеш? Паехалі са мной, я табе болей заплачу!” Усялякае было”.

(Маёрчык: ) “Самае некарэктнае пытаньне: колькі такім чынам можна зарабіць?”

(Вольга: ) “Звычайна ідзе пагадзінная аплата. Стандартная цана — паўтара даляра. Зімой плацяць болей, бо тады халодна”.

(Маёрчык: ) “Пасьля рэклямных акцыяў ці зьмяняецца стаўленьне да прадуктаў, да гэтых рэчаў?”

(Вольга: ) “Звычайна я іх не выкарыстоўваю. І гэта менавіта пасьля рэклямных акцыяў. Часам перападае крыху і нам. І, прыкладам, мятных цукерак я наелася так, што яны мне болей ня лезуць”.

(Канапелька: ) “Надышла чарга Івана. Ці закарцела яму стаць прамоўтэрам? Я б на такога рэклямніка абавязкова зьвярнула б увагу. А можа, нават нешта і набыла б”.

(Іван: ) “У мяне ёсьць досьвед працы прамоўтэрам. Я быў кансультантам у продажы касмэтыкі. Жанчын прываблівала тое, што фарбу для валасоў ім прапануе хлопец. Гэта было вельмі цікава і незвычайна. І таму мае прыбыткі былі большыя за тыя, што атрымлівалі дзяўчаты-прамоўтэры”.

Гаворкі пра няню

(Канапелька: ) “Нашую наступную госьцю буду прадстаўляць я! Вам, хлопцам, падаецца, што гадаваць дзяцей — гэта ня цяжкая праца, а забава”.

(Маёрчык: ) “Тут той рэдкі выпадак, калі я мушу прызнаць, што Канапелька мае рацыю. Асабіста ў мяне няма досьведу выхаваньня малых. Таму аддаю ініцыятыву ў твае рукі”.

(Канапелька: ) “Гэта вельмі добра, што няма досьведу. Уяўляю, чаму наш Маёрчык мог бы навучыць малое дзіця. Адно толькі, як езьдзіць зайцам у грамадзкім транспарце. Шаноўныя слухачы, у “Маладых галасах” бярэ ўдзел Алена — маладая нянька. У кадравай агенцыі яе адрэкамэндавалі як адну зь лепшых у сваёй справе”.

(Алена: ) “Я гэтым займаюся са сваіх 17 гадоў. У мае абавязкі ўваходзіць дагляд дзяцей, стараюся іх выхоўваць”.

(Маёрчык: ) “У вас ёсьць нейкая спэцыялізацыя?”

(Алена: ) “Так. Узрост ад 3 месяцаў да 4 гадоў. Я лічу, што гэта самы цікавы час, бо тады дзеці вучацца гаварыць і хадзіць. Калі гэта бачыш упершыню, то наварочваюцца сьлёзы. Часам ў гэты момант бацькоў побач няма, а калі ты гэта бачыш, то разумееш, што твае намаганьні недарэмныя”.

(Маёрчык: ) “Каб займацца такім бізнэсам, ці патрэбная адмысловая адукацыя? Вы гэтаму дзесьці вучыліся?”

(Алена: ) “Я навучалася на багаслоўскім факультэце. У нас выкладалі пэдагогіку і псыхалёгію. Мне гэта вельмі дапамагае”.

(Маёрчык: ) “Моўны аспэкт выхаваньня дзіцяці. Ці былі нейкія адмысловыя пажаданьні?”

(Алена: ) “Я працавала ў беларуска-польскай сям’і, дзе тата быў палякам, а маці зь Менску. У 3 гады дзяўчынка ведала польскі і беларускі альфабэты. Бацькі прасілі, каб у аднолькавай ступені я вучыла гаварыць і па-беларуску, і па-расейску, і па-польску”.

(Маёрчык: ) “Калі казаць пра кантынгент тых людзей, што зьвяртаюцца да вас, хто звычайна замаўляе няньку?”

(Алена: ) “Гэтыя людзі напружана працуюць і ня могуць прысьвяціць дзецям шмат часу. Калі казаць пра статус і дабрабыт, гэта людзі з прыбыткам сярэдняга і вышэйшага роўню”.

(Маёрчык: ) “На Захадзе на такую працу вельмі цяжка ўладкавацца без рэкамэндацыяў. Вы таксама маеце калекцыю водгукаў, альбо за вас дае гарантыю агенцтва, альбо ўсё робіцца з рызыкай для вас і бацькоў?”

(Алена: ) “Калі такую працу знаходзіць праз знаёмых, рэкамэндацыяў не патрабуецца. У агенцыі іх патрабуюць адразу. І ў мяне такія паперы ёсьць. За мяжой рэкамэндацыі сапраўды адыгрываюць вялікую ролю. Гэта страхуе ад таго, што чалавек проста прыйшоў з вуліцы”.

(Маёрчык: ) “Ці шмат моладзі зарабляе такім чынам?”

(Алена: ) “Я ня думаю, што ў Беларусі шмат моладзі зарабляе такім чынам. Збольшага гэтым бізнэсам займаюцца пэнсіянэры, жанчыны 40—55 гадоў”.

(Маёрчык: ) “Перад тым, як даць слова Івану, маленькае адступленьне. Калі рыхтавалі праграму, я пацікавіўся ў нашых радыйных мовазнаўцаў, як можна назваць мужчыну, які даглядае дзяцей. І адная супрацоўніца заявіла літаральна наступнае: “Няма такога слова, бо не мужчынская гэта справа!” Мы ня будзем цяпер кранаць тэму гендэрных стэрэатыпаў. Паслухаем лепей, што наконт гэтай прафэсіі мяркуе Іван”.

(Іван: ) “Працаваць зь дзецьмі і мяняць ім пялюшкі падаецца вельмі цікавым. Праца падаецца ня вельмі цяжкай, хаця могуць быць асаблівыя патрабаваньні да выхаваньня дзяцей. Я ня супраць паспрабаваць так працаваць, але не назаўсёды”.

(Маёрчык: ) “А ў вас ёсьць досьвед, ці глядзелі дзеці?”

(Іван: ) “Я заставаўся з малымі дзецьмі, калі мой брат быў малы”.

(Маёрчык: ) “А чым вы будзеце забаўляць дзіцёнка?”

(Іван: ) “Ёсьць інстынкт маці, а інстынкту бацькі няма, на жаль. Мяркую, што я знайду агульную мову зь дзіцёнкам, бо яны мне падабаюцца. Я буду гуляцца ў цацкі і розныя гульні, буду апавядаць ім казкі”.

(Канапелька: ) “Спадарства, мы ня ведаем, які з прапанаваных заняткаў выбярэ Іван. Ён і сам яшчэ ня вызначыўся, што яму даспадобы”.

(Маёрчык: ) “А высновы з нашых пошукаў працы будуць такія. Варыянты ёсьць заўсёды, было б толькі жаданьне іх шукаць. І ніколі ня трэба адступаць перад цяжкай працай. Паглядзіце на тую ж Канапельку. Гандлявала кацянятамі і алычой, працавала на заводзе будаўнічых матэрыялаў, пасьля перабралася на віна-гарэлачны. Якая маладая, а ўжо дарасла да вядучай радыёпраграмы. Вось з каго трэба браць прыклад!”

(Канапелька: ) “Дзякуй за камплімэнт! Няўжо дачакалася?”

(Маёрчык: ) “Дачакалася!”

(Канапелька: ) “Цягам 30 хвілінаў з вамі былі Вольга Канапелька і Ягор Маёрчык”.

(Маёрчык: ) “Да новых сустрэчаў на хвалях Радыё Свабода!”

(Канапелька: ) “Пакуль!”
XS
SM
MD
LG