Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўныя робяць "эўрарамонт" у барочным Архірэйскім палацы


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Магілёўская грамадзкасьць занепакоена тым, як вядуцца рамонтныя работы ў Архірэйскім палацы, вядомым гістарычным будынку абласнога цэнтру. Рамонт, які робіць праваслаўная царква, нікім не кантралюецца, але ўлада не хоча ўмешвацца. Радыё Свабода днямі распавядала пра скандал вакол рэканструкцыі палацу.

Магілёўская праваслаўная эпархія рамантуе Архірэйскі палац – гэта выбітны помнік архітэктуры 18-га стагодзьдзя, у якім месьцілася рэзыдэнцыя вядомага асьветніка, архіепіскапа Георгія Каніскага. Нядаўна палац быў перададзены праваслаўнай царкве.

Аднак у звязку з рамонтам выказала сваю занепакоенасьць грамадзкасьць Магілёва: гісторыкі, журналісты, жыхары абласнога цэнтру. Ім падалося, што рамонт у стылі “эўраофіс” не пасуе помніку архітэктуры позьняга барока. Магілёўскія рэстаўратары паведамілі, што рэканструкцыя палацу ўвогуле нікім не кантралюецца. Разгарэўся скандал.

Намесьнік старшыні Магілёўскага аддзяленьня таварыства аховы помнікаў Сяргей Бяспанскі паведаміў, што яго арганізацыя звярнулася да гарадзкой і абласной уладаў з просьбай разабрацца, і цяпер чакае рэакцыі. Вось меркаваньне Сяргея Бяспанскага:

(Бяспанскі: ) “Тое, што праваслаўная царква не зрабіла праект і будуе без узгадненьня з грамадзкасьцю і гісторыкамі, – гэта, канечне, пляма. Таму што так ня робіцца, асабліва установай, якая імкнецца быць духоўным пастырам”.

Магілёўская праваслаўная эпархія настойвае на тым, што рамонт у Архірэйскім палацы робіцца цалкам законна. Айцец Сергій, які кіруе будаўнічымі работамі, увогуле зьдзіўлены прэтэнзіямі да ўласьніка будынка:

(Айцец Сергій: ) "Помнік архітэктуры мы не зьнішчаем, а, наадварот, яго аднаўляем. Калі будынак быў у жахлівым выглядзе, каналізацыя цякла ў падпол, нікому да гэтага не было справы, а цяпер, калі яно адрамантаванае, практычна гатовае, то тут жа ўзьнікаюць пытаньні".

Сёньня галоўны спэцыяліст у справе аховы помнікаў ў Магілёўскай абласной управе культуры Аляксандар Ліпскі заявіў, што пасьля кансультацыяў з саветам у справе рэлігіяў вырашана наступнае: праваслаўная эпархія нічога новага у зьнешнім выглядзе рабіць ня будзе, а ўнутранае аздабленьне – гэта прэрагатыва ўласьніка будынку, і таму ўлада ня будзе ўмешвацца ў гэтую справу.

Але спрэчкі вакол палацу працягваюцца. Цяпер Сяргея Бяспанскага і магілёўскіх гісторыкаў хвалюе хаця б тое, як будзе здымацца культурны слой на пляцоўцы вакол палацу.

(Бяспанскі: ) “Вось тут важна, каб тут быў археалягічны нагляд над гэтымі працамі. Калі будзе зьнішчаны – як гэта раней здаралася – культурны слой, гэта будзе цалкам недаравальна ні для царквы, ні для грамадзкасьці, ні для нас – аховы помнікаў”.

Працы на Архірэйскім палацы сёньня працягваюцца. Там зьбіваюць з будынка старую тынкоўку, каб тынкаваць нанова. Ужо сёлета ў Архірэйскім палацы мяркуюць адчыніць эпархіяльны цэнтар. А ў наступным годзе ў Магілёве пройдзе міжнародная канфэрэнцыя на тэму захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны.
XS
SM
MD
LG