Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Скрабец атрымлівае прадукты, каб выйсьці з галадоўкі


Алег Супрунюк, Берасьце У Берасьцейскай абласной пракуратуры не камэнтуюць інфармацыю пра стан здароўя Сяргея Скрабца і чакаюць, што апазыцыйнага палітыка хутка накіруюць у Менск. З іншых крыніцаў вядома, што спадар Скрабец пачаў выходзіць з галадоўкі.

Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Анатоль Ляўковіч паведаміў, што ён і ягоныя паплечнікі ўжо некалькі разоў прыносілі ў Берасьцейскі сьледчы ізалятар перадачы для Сяргея Скрабца. Паводле крыніцаў спадара Ляўковіча, Сяргей Скрабец сапраўды спыніў галадоўку.

(Ляўковіч: ) “Зараз Сяргей Скрабец пачаў выходзіць з галадоўкі. Непасрэдна ён мне пра гэта не казаў, але мы пачалі перадаваць яму апэльсіны, яблыкі, моркву, ваду. Ён сам рыхтуе сябе сок, разбаўляе з вадой і выходзіць з галадоўкі”.

Анатоль Ляўковіч ўражаны тым, што ў гэты небясьпечны для стану здароўя Сяргея Скрабца час сьледчыя органы не пажадалі зьмяніць яму меру ўстрыманьня. Спадар Ляўковіч, які стала жыве ў Берасьці, таксама зьдзіўлены, што ліст да яго зь мясцовага ізалятару ад Сяргея Скрабца трапіў толькі праз тыдзень.

Анатоль Ляўковіч заўважае яшчэ адну акалічнасьць: ахоўнікі даволі прыязна рэагуюць, калі чуюць, што перадача прызначаная для Сяргея Скрабца. Аднак спробы даведацца ў іх пра стан здароўя апазыцыйнага палітыка посьпеху ня маюць.

Начальнік аддзелу Берасьцейскай абласной пракуратуры ў барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю Сьцяпан Ляшок паведаміў, што не валодае зьвесткамі пра галадоўку Скрабца і ўвогуле гэтую справу ўжо цалкам дасьледуе генэральная пракуратура. На пытаньне ці варта чакаць, што Сяргея Скрабца неўзабаве перавязуць у Менск, спадар Ляшок адказаў:

(Ляшок: ) “Напэўна будуць перавозіць. Можа, сьледчы будзе плянаваць тут нейкія дзеяньні, часова тут ён будзе. Але пэўна нічога не магу вам зараз адказаць”.

Што да сьледчага Берасьцейскай пракуратуры Андрэя Ліванава, які раней дасьледаваў справу Сяргея Скрабца, ён цяпер знаходзіцца ў адпачынку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG