Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйная партыя зьмяніла назву, выдаліла слова "народны"


Уладзімер Глод, Менск 28 чэрвеня Ўладзімер Нісьцюк – адзін зь лідэраў беларускай сацыял-дэмакратыі атрымаў у Міністэрстве юстыцыі Беларусі пасьведчаньне аб рэгістрацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Такім чынам адбылося зьмяненьне назову адной з найстарэйшых беларускіх партый.

Міністэрства юстыцыі зарэгістравала зьмяненьні ў статуце былой Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Цяпер у назове гэтай партыі больш ня будзе слова "Народная".

Фармальнай падставай для зьмяненьня стала патрабаваньне Міністэрства юстыцыі выключыць з назоваў любой партыі й арганізацыі слова "народны".

Гаворыць першы намесьнік старшыні гэтай партыі Уладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) "Я атрымаў сёньня пасьведчаньне новае, статут новы, з новай назвай. Мы ўжо зараз завёмся Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). Усё, пачынаем працаваць згодна з законам".

Я спытаў спадар Нісьцюка, ці пацягне за сабою перайменаваньне зьмену ў дзейнасьці партыі? Мой суразмоўца адказвае, што зьменаў ня будзе:

(Нісьцюк: ) "Не, партыя была й засталася той, якой яна была, толькі зьмяніла назву. І цяпер гэта рашэньне будзе па душы тым, хто прыйшоў з БСДГ (партыя Станіслава Шушкевіча), і нашыя калегі пагадзіліся. Мы ж рашэньне аб зьмене назвы прымалі на паседжаньні ЦК 19 лютага. І таму гэта будзе вельмі добра. Адраджаецца тая "Грамада", якая нарадзілася на пачатку мінулага стагодзьдзя".

Я пацікавіўся ў спадар Нісьцюка, колькі сябраў цяпер мае Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада):

(Нісьцюк: ) "Калі весьці размову дакладна, дык я баюся называць лічбу, таму што ідзе працэс перарэгістрацыі і ўдакладненьня. Мы са сьпісаў выкрэсьліваем падпісантаў, якія былі раней. І пакідаем толькі рэальных асобаў. Цяпер можна весьці размову пра дзьве тысячы сябраў партыі, гэта дакладна".

Кіраўніцтва партыі зьбіраецца правесьці яшчэ адну спробу арганізацыі зьезду партыі 10 ліпеня. Да гэтага тры спробы ня мелі посьпеху – прынамсі, Міністэрства юстыцыі не прызнала легітымным той сход, які прайшоў 10 красавіка на прыступках Дома культуры ў вёсцы Сеніца Менскага раёну, на якім старшыня партыі Анатоль Ляўковіч зрабіў заяву аб сваёй добраахвотнай адстаўцы. Тады, нагадаю, на ягонае месца быў абраны Аляксандар Казулін. Калі й гэта не атрымаецца, дык партыйцы маюць намер сабрацца за межамі Беларусі.

Хто ж цяпер кіруе сацыял-дэмакратамі з Грамады? Вось як адказвае на гэтае пытаньне Ўладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) "У нас склалася такая сытуацыя, што Ляўковіч падпісаў пратакол дзясятага зьезду, у адпаведнасьці зь якім ён падаў у адстаўку з пасады старшыні партыі. Казулін тады быў абраны кіраўніком партыі, але той зьезд Мінюст не прызнаў. Такім чынам, Казулін яшчэ не старшыня, але ён палітычны лідэр, якога ўся партыя лічыць кіраўніком партыі. Фармальна лідэрам быццам бы застаецца Ляўковіч, але ж ёсьць папера, падпісаная ім самім пра тое, што ён падаў у адстаўку 10 красавіка. Таму ў Мін''юсьце зараз вольны радок там, дзе патрэбна пісаць прозьвішча старшыні. Але ж усе яны маюць справу са мной. Я – адзіны, бясспрэчна, першы намесьнік старшыні партыі, які працуе й выконвае абавязкі старшыні ў ягоную адсутнасьць".

***

Нагадаем, 10 красавіка прайшоў так званы аб''яднаўчы зьезд сацыял-дэмакратаў. На ім аб''ядналіся Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада), якую ў той час узначальваў Анатоль Ляўковіч, і Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада Станіслава Шушкевіча. Спадар Шушкевіч не прызнаў легітымным праведзены ў той жа дзень зьезда БСДГ, на якім дэлегаты зьнялі яго з пасады старшыні і прынялі рашэньне аб самаліквідацыі партыі. Вынікам зьезду стала аб’яднаньне часткі сябраў распушчанай БСДГ з БСДП “Народная грамада”. Аб’яднаную партыю ўзначаліў былы рэктар БДУ Аляксандар Казулін. Мікола Статкевіч, які доўгі час узначальваў БСДП (Народная грамада), правёў зьезд сваіх прыхільнікаў і надалей лічыць сябе кіраўніком Народнай грамады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG