Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Саюзная дзяржава" адказная за рост злачыннасьці ў Беларусі?


Казімер Яноўскі, Гомель Сёньня ў Гомелі кіраўнікі падразьдзяленьняў крымінальнай міліцыі Беларусі і Расеі абмяркоўваюць пытаньні сумеснай барацьбы з эканамічнай ды арганізаванай злачыннасьцю, абаротам наркотыкаў, а таксама існуючымі перашкодамі ў гэтай справе. З Гомеля перадае наш карэспандэнт.

Жыхары абласнога цэнтру цяпер найбольш абмяркоўваюць жахлівыя злачынствы банды Сяргея Марозава. Яна дзейнічала ў Гомелі цягам 10 гадоў. Банда ўчыніла каля 30 забойстваў. Ахвяраў катавалі, пасьля расстрэльвалі, а целы з прывязанымі гірамі скідвалі ў раку Сож.

Цяпер высьвятляецца, што некаторыя ўдзельнікі банды Марозава хаваюцца ў Расеі, у прыватнасьці, тыя, што займаліся паборамі на Цэнтральным рынку.

Злачынцы скарыстоўваюць зручнае геаграфічнае становішча Беларусі ды адсутнасьць памежнага кантролю паміж дзьвюма дзяржавамі.

Намесьнік міністра ўнутраных спраў Беларусі Аляксандр Шчурко зазначыў на нарадзе, што злачынныя групоўкі імкнуцца ўсталяваць кантроль за найбольш прыбытковымі галінамі эканомікі, учыняюць махлярскія банкаўскія апэрацыі, адмываючы грошы:

(Шчурко: ) “Сур''ёзную пагрозу для ўнутранай бясьпекі саюзнай дзяржавы складаюць узрастаючыя маштабы наркаманіі, незаконнай міграцыі, гандлю людзьмі. Мабільныя, добра аснашчаныя злачынныя групоўкі не спыняюць спробы ўстанавіць крымінальнае бязьмежжа на аўтамабільным і чыгуначным транспарце”.

Ягоны расейскі калега, генэрал міліцыі Андрэй Новікаў паінфармаваў прысутных, што падчас сустрэчных праверак прадпрыемстваў Беларусі, якія перапрацоўваюць нафту, газ, каляровыя мэталі, ды расейскіх арганізацый, што атрымліваюць прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў, выяўлена звыш 70 злачынстваў. Па сутнасьці – у кожнай трэцяй праверанай арганізацыі.

Беларускае міністэрства ўнутраных спраў падае і такую статыстыку: за адзін толькі мінулы год грамадзянамі Расеі ўчынена на беларускай тэрыторыі каля 1100 злачынстваў. Гэта забойствы, разбойныя напады, рабаваньні, крадзяжы, махлярствы, іншыя супрацьпраўныя дзеяньні.

Беларусы ў дачыненьні расейцаў учыняюць у 4 разы меней злачынстваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG