Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПБ наведала высокая прадстаўніца польскай дыяспары з Лёндану


Сяргей Астраўцоў, Горадня Саюз палякаў Беларусі (СПБ) у аўторак наведала прэзыдэнтка эўрапейскага Зьвязу арганізацыяў польскай дыяспары Гэлена Мізіняк. Сядзіба арганізацыі знаходзіцца ў Лёндане. Госьця сустрэлася з актывістамі Саюзу ды яго кіраўніцтвам і выказала ім падтрымку ў сытуацыі, калі СПБ адчувае моцны ціск з боку ўладаў. Спадарыня Мізіняк адказала на пытаньні нашага карэспандэнта.

Некаторыя сябры Саюзу палякаў гаварылі прэзыдэнту эўрапейскага Зьвязу польскіх арганізацыяў, што канфлікту ўнутры СПБ насамрэч няма, а папросту беларускія ўлады вядуць вайну супраць іхняй незалежнай грамадзкай арганізацыі.

Вось што Гэлена Мізіняк мяркуе адносна таго, што мін''юст Беларусі прызнаў несапраўднымі вынікі апошняга зьезду СПБ, на якім было абрана новае кіраўніцтва:

(Мізіняк: ) “Я думаю, што цяперашняе становішча палякаў у Беларусі вельмі цяжкае. Мы за гэтым назіраем доўгі час. Палякаў па-за межамі Польшчы жыве каля 17 мільёнаў. І кожны з нас дзейнічае ў грамадзкіх і культурных арганізацыях. Але розьніца ў тым, што нацыянальная меншасьць у кожнай краіне мае нейкія свае правы. Кожны зьезд адбываецца паводле статуту і, шчыра кажучы, ніхто і нідзе ня ўмешваецца ў статутовыя справы нашых арганізацыяў. Кожны з нас мае права выбару”.

Спадарыні Мізіняк мяркуе, што стварылася дзіўная сытуацыя, калі былы старшыня Саюзу палякаў Беларусі Кручкоўскі, які склікаў апошні – шосты – зьезд, абвінавачвае новаабранае кіраўніцтва ў недэмакратычным правядзеньні гэтага зьезду.

Яна падкрэсьлівае, што існуюць міжнародныя дамовы адносна забесьпячэньня правоў нацменшасьцяў, і зазначае, што палякі ў Беларусі павінны карыстацца правам мець свае арганізацыі і праводзіць грамадзка-культурную дзейнасьць. Пры гэтым Гэлена Мізіняк гаворыць, што ўсе жыхары Беларусі чэрпаюць са скарбніцы беларускай культуры, але і самі ўзбагачаюць яе, гэта датычыць у тым ліку і палякаў.

Гэлена Мізіняк нарадзілася за польскім часам у Вільні, а яе маці паходзіць з Браслаўшчыны.

***

Нагадаем, шосты зьезд СПБ адбыўся ў Горадні 12-13 сакавіка. Дэлегаты абралі новага старшыню арганізацыі — Анжэліку Борыс. Праз два месяцы—12 траўні Мін''юст РБ абвясьціў, што лічыць вынікі зьезду несапраўднымі, таму легітымным ёсьць старое кіраўніцтва Саюзу на чале з Тадэвушам Кручкоўскім, і яно павінна падрыхтаваць паўторнае правядзеньне зьезду. З гэтага моманту адбываецца адкрытае супрацьстаяньне паміж уладамі і СПБ. Улады дэманстрацыйна не прызнаюць А.Борыс і, адначасова, усяляк падтрымліваюць Т.Кручкоўскага. Тым часам Польшча рашуча выступіла ў падтрымку новага кіраўніцтва СПБ, зазначаючы, што яно было абрана цалкам дэмакратычным шляхам.
XS
SM
MD
LG