Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь плянуе выйсьці з дамовы аб бязьвізавым рэжыме ў рамках СНД


Алесь Дашчынскі, Менск Беларусь рыхтуецца да выхаду з пагадненьня аб бязьвізавым перамяшчэньні грамадзянаў краінаў СНД па тэрыторыі яго ўдзельніц, падпісанага ў кастрычніку 1992 года ў Бішкеку. Пра гэта паведаміў намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Аляксандар Герасіменка ў сваім выступе на пасяджэньні камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах і сувязях з СНД. Ці азначае гэта, што Беларусь уводзіць візавы рэжым з Грузіяй?

Цяпер удзельніцамі пагадненьня засталіся некалькі краінаў, сярод якіх Грузія і Азэрбайджан. З усімі астатнімі краінамі садружнасьці Беларусь заключыла двухбаковыя пагадненьні аб бязьвізавых паездках грамадзянаў. Цяпер жа беларускі бок накіраваў уладам Азэрбайджану прапанову заключыць двухбаковае пагадненьне аб бязьвізавых паездках. Пасьля ўрэгуляваньня гэтага пытаньня, паводле спадара Герасіменкі, Беларусь будзе мець "поўнае права аб''явіць пра выхад зь Бішкецкага пагадненьня".

Паводле намесьніка начальніка ўпраўленьня інфармацыі беларускага Міністэрства замежных справаў Руслана Есіна, Рэспубліка Беларусь аддае цяпер перавагу заключэньню двухбаковых дамоваў у рамках СНД. З Бішкецкага пагадненьня ўжо выйшлі Расея, Узбэкістан і Туркмэністан. З Азэрбайджанам у Беларусі не было двухбаковай дамовы аб бязьвізавым перамяшчэньні грамадзянаў, таму цяпер такое пагадненьне рыхтуецца. А ці будзе аналягічнае пагадненьне з Грузіяй альбо з гэтай краінай уводзіцца візавы рэжым?

(Есін: ) “На дадзеным этапе гэтае пытаньне не разглядаецца. Сёньня ў першую чаргу разглядаецца пытаньне аб падпісаньні з Азэрбайджанам двухбаковага пагадненьня аб бязьвізавых паездках грамадзянаў. Што да ўвядзеньня візавага рэжыму з Грузіяй, то ніякага нарматыўнага прававога акта па гэтым пытаньні на разгляд прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь пакуль не ўносілася”.

Пасьля Азэрбайджану Грузія застанецца адзінай краінай СНД, зь якой у Беларусі ня будзе двухбаковага пагадненьня аб бязьвізавых паездках грамадзянаў. Паводле намесьніка міністра замежных справаў Беларусі спадара Герасіменкі, магчымае ўвядзеньне візавага рэжыму з Грузіяй ня мае палітычнага падтэксту.

Нагадаем, раней улады аб''явілі пра ўвядзеньне візавага рэжыму для грамадзянаў Грузіі, а потым, пасьля таго, як грузінскія парлямэнтары пачалі ў адказ абмяркоўваць пытаньне аб забароне на ўезд на тэрыторыю сваёй краіны Аляксандра Лукашэнкі, афіцыйны Менск адмовіўся ад сваіх заяваў і сказаў, што ўсё застанецца, як раней.

Тым часам, у апараце СНД у Менску сьцьвярджаюць, што Беларусь не падавала ніякіх заявак на выхад зь Бішкецкага пагадненьня. Гаворыць начальнік аддзела праўнага супрацоўніцтва спадар Астрэйка.

(Астрэйка: ) “ Не, ніякіх дакумэнтаў не было. Гэта беспрадметная размова”.
XS
SM
MD
LG