Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газэце “Народная Воля” пагражае закрыцьцё


Любоў Лунёва, Менск Вышэйшы гаспадарчы суд пакінуў у сіле папярэджаньне, вынесенае Міністэрствам інфармацыі газэце “Народная Воля”. Гэта другое папярэджаньне газэце цягам году. Паводле заканадаўства, дзейнасьць газэты могуць прыпыніць на нявызначаны тэрмін, а ў выпадку трэцяга папярэджаньня газэту ліквідуюць.

Вышэйшы гаспадарчы суд разглядаў скаргу рэдакцыі “Народнай Волі” два дні. Тое, што папярэджаньне газэце пакінулі бязь зьменаў, не было нечаканасьцю для калектыву рэдакцыі. Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджаньне за публікацыю артыкула Алеся Сівага “Віртуальная вайна ўнучкі з бабуляй” і за подпіс Алега Воўчака пад зваротам у падтрымку прадпрымальніка з Ваўкавыску. Насупраць прозьвішча Алега Волчака было напісана, што ён лідэр арганізацыі “Абаронцы Айчыны”. Паколькі арганізацыя не зарэгістраваная ў Мін’юсьце, гэта стала нагодай для вынясеньня папярэджаньня.

Аўтар артыкула “Віртуальная вайна ўнучкі з бабуляй” Алесь Сівы лічыць, што папярэджаньне, вынесенае газэце за публікацыю, ня мае падставаў. Ён у сваім артыкуле распавёў пра спрэчную сытуацыю паміж бабуляй, якая мела свой сайт у інтэрнэце, і ўнучкай, якая гэты сайт сапсавала нецэнзурнай лексыкай. Справа дайшла да суду. Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджаньне за тое, што артыкул надрукавалі ў газэце пасьля агалошваньня прысуду, але да ўступленьня яго ў законную сілу. Аўтар артыкула спасылаўся ў судзе на тое, што ўсе дзяржаўныя СМІ таксама распавядаюць пра суды адразу пасьля абвяшчэньня прысудаў, але не было выпадкаў, каб ім за гэта выносілі папярэджаньні.

Шэф-рэдактар “Народнай Волі” Сьвятлана Калінкіна разглядае рашэньне гаспадарчага суду як заканамернае ў цяперашніх умовах.

(Калінкіна: ) “Я лічу, што папярэджаньне выносілася дзеля таго, каб была зачэпка мець магчымасьць у любы момант закрыць газэту, прыпыніць яе выхад. Не вядома, як будуць разьвівацца падзеі. Цяпер у краіне ўжо пачынаецца падрыхтоўка да правядзеньня ўсебеларускага сходу. Што гэта можа азначаць — рэфэрэндум, ці датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары… Але да незалежных газэтаў гэты пэрыяд будзе вельмі і вельмі складаны. Я думаю, што Міністэрства інфармацыі будзе ў дачыненьні да газэтаў ужываць такую меру, як прыпыненьне выхаду”.

Супрацоўнікі рэдакцыі палічылі, што апошнім часам больш бываюць у судах, чым у рэдакцыі. Судовыя паседжаньні забіраюць шмат часу і намаганьняў, якія патрэбныя для творчага працэсу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG