Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“International Herald Tribune”: “Маяк надзеі для Беларусі”


Юрась Бушлякоў, Прага Газэта “International Herald Tribune” апублікавала сёньня артыкул прэзыдэнта чыкаскага Фонду Макартураў Джонатана Фэнтана “З выгнаньня: маяк надзеі для Беларусі”. Фэнтан піша пра зачынены летась беларускімі ўладамі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт.

“Ці магчыма, каб на пачатку ХХІ стагодзьдзя цэлы ўнівэрсытэт быў высланы ў выгнаньне ў Эўропу? – ставіць пытаньне Джонатан Фэнтан і адказвае на яго. – Праз 72 гады пасьля таго, як нямецкія вучоныя ўцяклі з гітлераўскай Нямеччыны, каб стварыць у Нью-Ёрку факультэт для асьпірантаў у Новай школе сацыяльных дасьледаваньняў, такое стала магчымым”.

Аўтар публікацыі ў “International Herald Tribune” працаваў рэктарам нью-ёрскай Новай школы сацыяльных дасьледаваньняў і таму, як ён піша, асаблівае значэньне для яго мае сёлетняе аднаўленьне ў Вільні дзейнасьці Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. “Адважныя выкладчыкі й студэнты, – піша Фэнтан, – кідаюць выклік дыктатару і становяцца сымбалем акадэмічнай свабоды”.

Сёлетняй восеньню ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце пачнуць дыстанцыйнае навучаньне праз Інтэрнэт 750 беларускіх студэнтаў. Яшчэ 250 студэнтаў будуць навучацца ў Вільні. Будзе працягвацца й рэалізацыя праграм Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў галіне студэнцкіх абменаў – у ліку партнэраў ЭГУ ўнівэрсытэты з 18 краін сьвету.

“Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт ня мае палітычных мэтаў, тым ня менш ён ператварыўся ў палітычны сымбаль”, – лічыць Джонатан Фэнтан, зазначаючы: – Выгнаньне ўнівэрсытэту змушае нас задаць пытаньне: як можа Эўропа дазволіць аднаму чалавеку трымаць у закладніках 10 мільёнаў людзей”.

Створаны ў 1992 годзе, Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт быў зачынены летам 2004 году загадам міністра адукацыі Аляксандра Радзькова насуперак пратэстам грамадзкасьці, міжнародных адукацыйных і палітычных колаў. Палітычную матываванасьць закрыцьця ЭГУ падчас аднаго з публічных выступаў прызнаў прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG