Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская Вільня – у небясьпецы


Тацяна Поклад, Вільня У Вільні склалася напружаная сытуацыя што да будучыні Базыльянскіх муроў, у тым ліку і будынку, дзе у міжваенным часе месьцілася Віленская Беларуская гімназія і Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча. Двое уладальнікаў Базыльянскіх муроў іх далейшы лёс бачаць па рознаму. Утварылася пагроза далучэньня Базыльянскіх муроў да сьпісу помнікаў культурнай спадчыны, якім пагражае небясьпека.

Базыльянскія муры, якія знаходзяцца пад аховай ЮНЭСКА – гэта комплекс Бызыльянскага (уніяцкага) кляштару, які утвараюць царква Сьвятой Троіцы (фундаваная Канстанцінам Астрожскім), званіца, будынкі жаночага і мужчынскага кляштараў, Паўночная і Паўдзённая брамы і бурса.

Усё гэта месьціцца на пагорку Сьв. Троіцы, непадалёк ад Вострай Брамы. Царква Сьв. Троіцы належала віленскім уніятам у 1601 – 1827 гадох. Пры ёй у 1617 годзе і быў створаны ордэн манахаў-базыльянаў і кляштар. У паўдзённым корпусе кляштару на пачатку 19-га стагодзьдзя расейскія улады утварылі вязьніцу – тут былі зьняволеныя студэнты Віленскага унівэрсытэту, сябры Таварыства філяматаў (у тым ліку і Адама Міцкевіча).

У 1919 – 1945 у Базыльянскіх мурах месьцілася Віленская Беларуская гімназія, Віленскі Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча, Беларускае навуковае таварыства.

Да нядаўняга часу гэты будынак выкарыстоўваўся Віленскім тэхнічным унівэрсытэтам імя Гедыміна. Гэты будынак належыць Курыі Віленскай Архібіскупіі, ва ўласнасьці якой знаходзіцца прыблізна тры чвэрці комплексу Базыльянскіх муроў.

Курыя вырашыла здаць увесь будынак у арэнду адной з нарвэскіх вышэйшых навучальных установаў. Тут распачаты рамонт і вырашана у двары кляштару дабудаваць дадатковае памяшканьне для аўдыторыяў. Як адзначае генэральны сакратар Літоўскай камісіі ЮНЭСКА Аста Дзірмайце, “пабудова 21-га стагодзьдзя разбурыць унікальны ансамбаль, зьнішчыць яго каштоўнасьць як гістарычнага помніка”.

Лёсам Базыльянскіх муроў заклапочаная і Дзяржаўная камісія па захаваньні спадчыны, якая дзейнічае пры Міністэрстве культуры Літвы. У літоўскіх мэдыях актыўна выступае сябра гэтай камісіі Гражына Дрэмайце, дачка літоўскага мастака Уладаса Дрэмы, які быў апошнім дырэктарам Віленскага беларускага музэя. Г. Дрэмайце лічыць, што літоўская дзяржава мусіць перагледзіць Акт аб рэстытуцыі. Яна таксама мяркуе, што неабходна большая ўвага і кантроль з боку дзяржавы што да помнікаў культурнай спадчыны, незалежна ад таго, хто ёсьць іх уласьнікам. Тут надзвычай шмат залежыць ад актыўнасьці грамадзтва, дадае Дрэмайце.

(Дрэмайце: ) “Калі была праблема з захаваньнем Старога гораду ў Вільні, жыхары аб''ядналіся у грамадзкія арганізацыі. Існуе цяпер, да прыкладу, “Абшчына па захаваньні Старога гораду”, “Абшчына па захаваньні Зьвярынца”, падобна на Зарэччы. Яны ідуць усюды, пішуць, нават дамагаюцца, каб удзельнічаць у паседжаньнях самаўрадаў, на якіх вырашаюцца важныя для іх пытаньні.Так што грамадзтва шмат што можа. Урэшце, ёсьць канвэнцыя адносна актыўнага удзелу грамадзтва у гэтай сфэры, якую і Літва падпісала. Трэба дзейнічаць адусюль. Беларускім грамадзкім арганізацыям трэба удзельнічаць, і паказаць, што беларусы тут ёсьць, і што яны не абыякавыя. Вось гэта найважней за ўсё.”

Гражына Дрэмайце адзначае, што трэба зрабіць усё магчымае, каб падзелены цяпер паміж двума уласьнікамі комплекс Базыльянскіх муроў захаваў сваю цэльнасьць.

Прыкладна чвэрць комплексу (царква, невялікае памяшканьне для манахаў) паводле Акту аб рэстытуцыі была перададзеная Базыльянскаму ордэну Сьв. Язафата. Базыльяне не аднойчы зьвярталіся з просьбай перадаць ім увесь комплекс. Уніяты заплянавалі зрабіць рэстаўрацыю, у тым ліку і арыгінальных фрэсак 15 ст., адкрыць капліцу, куды будуць перавезеныя рэліквіі Язафата Кунцэвіча з Рыму, дом для паломнікаў “У Базыльянаў”, дзе змогуць спыняцца прыежджыя вернікі, аднавіць тут колішні знакаміты сад зёлак, стварыць музэй друкарства, а на месцы колішняга зьняволеньня Адама Міцкевіча – асьветніцкі цэнтар для украінцаў, беларусаў і палякаў.

Правінцыял Базыльянскага ордэну Рыгор Кэвін Грэвін, прадстаўляючы плян рэстаўрацыі, адзначыў: “Мы хочам пераўтварыць гэты комплекс у цэнтар духоўнага прыцягненьня.” Працы плянуецца завершыць цалкам да 2017 году, калі будзе адзначацца 400-годзьдзе Базыльянскага ордэну у ВКЛ. Уніяты імкнуцца захаваць Базыльянскія муры як непадзельны комплекс, пляны Курыі разбураюць гэтую ідэю.

Беларускія грамадзкія арганізацыі у Літве толькі рыхтуюцца выявіць актыўнасьць. Як паведамілі прадстаўнікі грамадзкай арганізацыі “Віленскі беларускі музэй імя І. Луцкевіча”, рыхтуецца адпаведны ліст-зварот да літоўскіх уладцаў.

Літоўская Дзяржаўная камісія па захаваньні спадчыны папярэджвае пра пагрозу таго, што ЮНЭСКА улучыць Базыльянскія муры і Стары горад у сьпіс помнікаў культурнай спадчыны, якім пагражае зьнішчэньне. Віленскі Стары горад знаходзіцца у сьпісе аб''ектаў сусьветнай спадчыны пад аховай ЮНЭСКА. На пачатку гэтага году экспэрты ЮНЭСКА у сфэры спадчыны і ўрбанізацыі рэзка скрытыкавалі навабуды у Старым горадзе і адзначылі недахоп дзяржаўнай адказнасьці у захаваньні культурнай і гістарычнай унікальнасьці Старога гораду Вільні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG