Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень 45-ы: Сяргей Скрабец пачаў піць сокі, заяўляюць адвакат і начальнік СІЗА


Уладзімер Глод, Менск Начальнік Берасьцейскага сьледчага ізалятару Мікалай Сухадольскі і адвакат Сяргея Скрабца Міхаіл Хоміч паведамілі аб тым, што арыштаваны экс-дэпутат пачаў ужываць разьведзеныя сокі, прыпыніўшы такім чынам сваю галадоўку. Агулам спадар Скрабец галадаваў каля сарака дзён. Адвакат Скрабца гаворыць, што ягоны падабаронны робіць толькі перапынак у галадаваньні.

Сёньня 45-ты дзень, як Сяргей Скрабец — апазыцыянэр, кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня знаходзіцца за кратамі. Адразу па затрыманьні ён абвясьціў галадоўку пратэсту.

На маё пытаньне пра стан здароўя Сяргея Скрабца начальнік Берасьцейскага сьледчага ізалятару Мікалай Сухадольскі спачатку адказаў адным словам:

(Сухадольскі: ) “Выдатны!”

(Карэспандэнт: ) “Хіба ж можа быць выдатным стан чалавека, які ўжо паўтара месяца галадуе?”

(Сухадольскі: ) “Я не жартую. Нармальны яго стан. Я зь ім учора размаўляў. Не хвалюйцеся. Нармальны стан ягонага здароўя”.

(Карэспандэнт: ) “Бацькам ён напісаў, што пачаў піць сокі...”

(Сухадольскі: ) “Так, пачаў піць. Ён з чацьвярга ўжо есьць кашы. Харчуецца...”

Паводле начальніка Берасьцейскага сьледчага ізалятару Мікалая Сухадольскага, Сяргей Скрабец пачаў ужываць сокі яшчэ на мінулым тыдні, дакладнай даты ён не сказаў. Такім чынам галадоўка Скрабца трывала каля сарака дзён.

Адвакат экс-парлямэнтара Міхаіл Хоміч інфармацыю пра тое, што ягоны падабаронны пачаў варыць сабе кашу, не пацьвердзіў, але прызнаў, што сокі Скрабец сапраўды п’е:

(Хоміч: ) “Каб зрабіць нейкі перапынак, ён пачаў ужываць пэўныя сокі. Таркі яму даставілі з самага пачатку, бурачкі ды іншую гародніну перадаюць празь мясцовых знаёмых. Гэта дае арганізму пэўны перапынак, але гэта ня ёсьць спыненьнем галадоўкі. Галадаваньне яго працягваецца”.

Нягледзячы на тое, што справу Сяргея Скрабца яшчэ тыдзень таму перадалі зь Берасьцейскай абласной пракуратуры ў рэспубліканскую, ён па-ранейшаму знаходзіцца ў Берасьці. Гэта пацьвярджае і супрацоўніца прэсавай службы Пракуратуры Беларусі Антаніна Літвінчук.

(Літвінчук: ) “Пакуль яго не зьбіраюцца пераводзіць. Ён знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Берасьцейскай вобласьці”.

Між тым, сёньня стала вядома, што да першай справы Сяргея Скрабца, заведзенай яшчэ ў красавіку 2003 году (тады яго абвінавацілі ў выманьваньні крэдытаў у дзяржавы ў той час, калі ён узначальваў Гандлёвы дом “БелБабаеўскі”), акрамя пракуратуры далучыўся і Сьледчы камітэт. Паводле крыніцы з праваахоўных органаў, Сьледчы камітэт цікавіцца, куды зьніклі амаль сто трактароў, якія былі канфіскаваныя ў “БелБабаеўскага” і яшчэ адной фірмы Дэпартамэнтам фінансавых расьсьледаваньняў. Сяргей Скрабец неаднойчы заяўляў, у тым ліку і кіраўніку беларускай дзяржавы, што, калі б гэтыя трактары былі прададзеныя, як ён спадзяваўся зрабіць, дык “БелБабаеўскі” адразу б разьлічыўся за абодва крэдыты. Ускосна гэта інфармацыя пацьвярджаецца такім фактам — 29 чэрвеня ў Сьледчы камітэт на допыт выклікаюць Аляксандра Скрабца, які праходзіць у гэтай справе разам са сваім старэйшым братам.

У красавіку 2003 году супраць Сяргея Скрабца завялі першую справу — тады яго абвінавацілі ў выманьваньні крэдытаў у дзяржавы ў той час, калі ён узначальваў Гандлёвы дом “БелБабаеўскі”. Што тычыцца другой справы, дык тут сьледзтва лічыць, што былы дэпутат падбухторваў жыхара гораду Бяроза даць хабар 30 тысяч даляраў супрацоўнікам Берасьцейскіх пракуратуры і абласнога суду, каб тыя паспрыялі вынясеньню апраўдальнага прысуду жыхару вёскі Альшаны Пінскага раёну Грыбу. Пазьней той быў асуджаны на 24 гады пазбаўленьня волі за цяжкія злачынствы. У гэтай вёсцы жывуць родныя жонкі Сяргея Скрабца.

Сяргей Скрабец летам 2004 году ўдзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў — нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
XS
SM
MD
LG