Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія вучоныя стварылі першую біянічную руку


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Амэрыканскія навукоўцы стварылі біянічную руку, якая дае людзям, што страцілі канцавіны, магчымасьць ізноў іх адчуваць. Паводле вучоных з рэабілітацыйнай клінікі ў Чыкага, новая тэхналёгія можа радыкальна зьмяніць жыцьцё тых, хто страціў канцавіны, альбо тых, хто паралізаваны. Аднак тэхналёгія стварэньня біянічных канцавінаў знаходзіцца пакуль у пачатковай стадыі, а галоўная перашкода для масавага выкарыстаньня такіх пратэзаў гэта іх кошт.

Чатыры гады таму Джэсі Саліван – лінейны манцёр энэргетычнай кампаніі штату Тэнэсі, выпадкова дакрануўся да высакавольтнай лініі з напружаньнем 7400 вольтаў. Абедзьве ягоныя рукі згарэлі да плячэй. Але пры дапамозе экспэрымэнтальнага пратэзу з шэрагам зашытых у ім нэрваў, 58-мі гадовы інвалід можа цяпер адчуваць канцавіны і нават узяць імі шклянку вады.

Новая рука Салівана, прадэманстраваная ў часе прэсавай канфэрэнцыі ў Інстытуце рэабілітацыі ў Чыкага дае надзею інвалідам і тым, хто мае пашкоджаны сьпінны мозг.

Ультрасучасная тэхналёгія, якая атрымала назоў “інжынэрыя нэрваў” у літаральным сэнсе далучае людзей да машынаў. Перад тым, як атрымаць новую руку, Джэсі Саліван прайшоў празь хірургічную апэрацыю – на пачатку трэба было прышчапіць нэрвовыя канчаткі зь ягоных плячэй на грудны мускул. Гэтыя нэрвовыя канчаткі ператварыліся ў мускул прыкладна праз 6 месяцаў.

Цяпер Саліван можа падумаць пра тое, каб сагнуць руку ці сьціснуць пальцы ў кулак і электроды, якія знаходзяцца ў ягоных грудзях прымаюць гэтыя імпульсы і актывуюць ягоную экспэрымэнтальную аўтаматызаваную руку.

Датчыкі на грудным мускуле “загадваюць” руцэ сагнуцца ці сьціснуць пальцы, праз маленькія правады. Трансплянтаваныя нэрвы ня толькі кіруюць рукой. У часе прэсавай канфэрэнцыі доктар Тод Куікэн з чыкаскага Інстытуту рэабілітацыі дакрануўся да штучнага пальца Салівана і той мог ня гледзячы сказаць, які гэта быў палец.

Джэсі Саліван кажа, што новая біянічная рука вельмі яму дапамагае.

(Саліван: ) “Яна амаль аўтаматычная. Канечне, гэта ня так добра, як калі я меў сапраўдныя рукі, але гэта значна бліжэй да сапраўднай рукі, чым усё, што я выкарыстоўваў раней”.

Саліван, аднак, прызнаў, што на пачатку ён баяўся, што апэрацыя ператворыць яго ў “Чалавека за шэсьць мільёнаў даляраў” – тут маецца на ўвазе папулярнае ў 1970-я гады амэрыканскае тэлевізійнае шоў з такім назовам, дзе скалечанага ў аварыі галоўнага героя нашпігавалі біянічнымі канцавінамі, якія далі гэтаму герою асаблівую моц.

Пакуль гэтая тэхналёгія ня робіць чалавека супэрмоцным, але можа радыкальна зьмяніць жыцьцё тых, хто страціў канцавіны, альбо тых, хто паралізаваны.

Пакуль што тэхналёгію, пры дапамозе якой у спадара Салівана зьявілася мэханічная рука, можна выкарыстоўваць толькі ў выпадку ампутаванай рукі. У ЗША гэта 8% з амаль 400 тысячаў інвалідаў, якім ампутавалі канцавіны. Але навукоўцы спадзяюцца, што пазьней такую тэхналёгію можна будзе выкарыстаць і ў дачыненьні да іншых канцавінаў.

Высокімі застаюцца кошты – выдаткі на стварэньне рукі Джэсі Салівану склалі 7 мільёнаў даляраў. Паводле навукоўцаў, першыя вопытныя экзэмпляры такіх вырабаў могуць зьявіцца на рынку прынамсі праз пяць гадоў.
XS
SM
MD
LG