Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іранска-амэрыканскія дачыненьні: новыя пэрспэктывы?


Кастусь Бандарук, Прага Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў, што Злучаныя Штаты лічаць непрымальным варыянт, пры якім Іран будзе валодаць зброяй масавага зьнішчэньня альбо будзе мець магчымасьць вырабіць яе. Буш асудзіў таксама прэзыдэнцкія выбары ў Іране. Паводле яго, яны не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі. 8 апошніх гадоў пры прэзыдэнту Ірану Мухамаду Хатамі амэрыканска-іранскія адносіны заставаліся напружанымі й складанымі. Ці можа зьмяніцца сытуацыя цяпер, пры новым іранскім прэзыдэнту Махмуду Ахмадзінэджаду?

Падчас прэс-канфэрэнцыі пасьля выбараў Махмуд Ахмадзінэджад заявіў, што палітыка Тэгерану ў дачыненьні да ЗША ясная і пасьлядоўная цягам дзесяцігодзьдзяў. Іран, паводле Ахмадзінэджада, – моцная дзяржава, якая ня мае патрэбы ў амэрыканцах. Аднак пры іншай нагодзе Ахмадзінэджад зьмякчыў свае словы:

(Ахмадзінэджад: ) “Мы будзем разглядаць магчымасьць дыпляматычных дачыненьняў зь любой краінай, якая ня ставіцца варожа да народу Ісламскай Рэспублікі Іран. Я думаю, што той, хто хоча разьвіваць дыпляматычныя адносіны з нашай краінай, павінен выразна выкласьці сваю палітыку, каб наш урад, наш народ і наша сыстэма маглі яе прааналізаваць”.

Ці азначае гэта, што Ахмадзінэджад хоча палепшыць адносіны з ЗША? На думку Тэда Карпэнтэра, экспэрта ў пытаньнях абароны й замежнай палітыкі вашынгтонскага Інстытуту Кэйта, пытаньне трэба паставіць іначай. Ці Злучаныя Штаты павінны імкнуцца да паляпшэньня адносінаў з Іранам? Адміністрацыя ЗША мае ўсе падставы меркаваць, што іранскія кансэрватары й рэлігійныя лідэры могуць мець сувязі з “Аль-Каідай”. Акрамя таго, новы прэзыдэнт Ірану мае намер працягваць ядзерныя праграмы без аніякіх абмежаваньняў. На думку Карпэнтэра, уяўленьні Вашынгтону пра Іран, пра сапраўдную падтрымку новага прэзыдэнта з боку іранцаў могуць не адпавядаць сапраўднасьці, паколькі Вашынгтон арыентуецца на думку іранскіх дысыдэнтаў у выгнаньні.

Паводле Энтані Кордэсмана, экспэрта ў галіне выведкі, не падлягае сумневу, што ў сваёй перадвыбарчай кампаніі Ахмадзінэджад ня рабіў акцэнту на паляпшэньне адносінаў з ЗША, хутчэй – наадварот. Цяпер надзвычай важна, ці, стаўшы прэзыдэнтам, ён зьменіць сваю пазыцыю. Кордэсман гавораць, што пакуль наагул цяжка прадбачыць, якой будзе замежная палітыка Ахмадзінэджада. Былы мэр Тэгерану ня мае дасьведчаньня ў гэтай галіне. Пакуль што невядома, як складуцца ягоныя адносіны з парлямэнтам, з рэлігійнымі лідэрамі і, галоўнае, зь вярхоўным лідэрам аяталом Хамэнэі. На думку Кордэсмана, вельмі важна, як Хамэнэі паставіцца да новага прэзыдэнта, бо менавіта аятала зьяўляецца першай асобаю ў дзяржаве і прымае асноўныя рашэньні.

На думку амэрыканскага экспэрта, пройдзе шмат часу, пакуль магчымая зьмена палітыкі Тэгерану стане відавочнай. І толькі ў разе зьмены пазыцыі Тэгерану заходнія лідэры павінны зьмяніць і сваю палітыку ў дачыненьні да Ірану.
XS
SM
MD
LG