Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: “Як зрабіць Беларусь прывабнай для турыстаў?”


Ганна Соусь, Менск Ад 1 ліпеня абавязковай умовай для атрыманьня ліцэнзіі турфірмы будзе разьвіцьцё ўязнога турызму. Што трэба зрабіць, каб Беларусь стала прывабнай для замежных турыстаў? З гэтым пытаньнем нашая карэспандэнтка зьвярнулася да людзей на менскіх вуліцах.

(Спадар: ) “Мне цяжка сказаць. Напэўна, патрэбна лібэралізацыя на ўсіх узроўнях”.

(Спадарыня: ) “Больш рабіць рэклямы”.

(Спадар: ) “Даць добрую рэкляму нашым помнікам архітэктуры. Я на працы кантактую з замежнікамі, дык многія ня ведаюць пра Нясьвіж ды іншыя нашыя каштоўнасьці. Трэба даць волю турыстычным агенцтвам, каб маглі нармальна працаваць, разьвіваць гатэльны бізнэс”.

(Спадарыня: ) “Езьдзяць жа да нас, і я думаю, што будуць езьдзіць, таму што наш край вельмі добры, прыгожы й зялёны. У нас столькі рэк, столькі прыгожых мясьцін”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што трэба перш за ўсё пашырыць сярод беларускага насельніцтва веды пра тое, якія прыгожыя мясьціны ёсьць у нашай краіне. А ўжо потым разьвіваць беларускі турызм за межамі”.

(Спадар: ) “Інфраструктуру цалкам зьмяніць. У нас на сёньня няма ўмоваў, якія былі б прымальныя для замежных турыстаў”.

(Спадар: ) “Наколькі я ведаю, у нас занадта дарагая ўязная віза. Думаю, што наш МЗС павінен паменшыць яе цану, і тады многія людзі (а я шмат кантактую з грамадзянамі іншых краінаў) маглі б сюды прыехаць. Наколькі я ведаю, беларуская віза цяпер каштуе 60 эўра. Для некаторых людзей гэта вялікія грошы”.

(Спадарыня: ) “Я так разумею, што трэба інфраструктуру Беларусі цікавейшай зрабіць, каб яна была больш прывабная для інтурыстаў. Бо яе я ведаю. Яна для мяне нецікавая. Мне цікавыя замежная інфраструктура і сэрвіс”.

(Спадарыня: ) “Вядома, неабходна разьвіваць турыстычныя паслугі, асабліва ў Беларусі. Напрыклад, мы хочам паглядзець Беларусь, але турыстычных буклетаў з рэклямай нашага краю вельмі мала”.

(Спадар: ) “Я думаю, трэба разьвіваць турызм на сяле. Я бачыў, як па тэлебачаньні паказвалі Берасьцейскую вобласьць, там робяць такія хутары, куды прыяжджаюць немцы, французы. Думаю, што менавіта такі турызм патрэбен пакуль што. А потым можна што-небудзь рабіць больш крутое”.

(Спадарыня: ) “Аднаўляць розныя архітэктурныя помнікі”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што трэба аднаўляць сельскі турызм. Гэта вельмі пэрспэктыўна, на маю думку. У Беларусі вельмі шмат такіх мясьцінаў, якія можна паказаць людзям. Яны ня бачылі такога ніколі”.
XS
SM
MD
LG