Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падвышаецца плата за тэхнічнае абслугоўваньне жылых дамоў


Юлія Шарова, Менск З наступнага месяца выдаткі беларусаў на жыльлёва-камунальныя патрэбы зноў узрастуць. Цяпер за тэхнічнае абслугоўваньне жылых дамоў давядзецца плаціць ужо не па 154 рублі, а па 180 рублёў за адзін квадратны мэтар агульнай плошчы.

Тэхнічнае абслугоўваньне – гэта ўвогуле дагляд жылых дамоў ды прылеглых тэрыторыяў. Сюды ўваходзіць бягучы рамонт жытла, прыбіраньне ды асьвятленьне пад’ездаў і склепаў ды некаторыя іншыя, здавалася б, незаўважныя рэчы. У агульнай суме выдаткаў на жытло тэхабслугоўваньне забірае ўсяго 8 адсоткаў. Аднак сума, якую штомесяц плацяць жыхары кватэраў, не такая малая. Напрыклад, калі гэта стандартная двухпакаёвая кватэра агульнай плошчай 60 квадратных мэтраў, то сума будзе дасягаць 11 тысячаў рублёў – па 180 рублёў за адзін мэтар. Выдаткі для гаспадароў такой кватэры падвышаюцца прыкладна на 1.500 рублёў штомесяц.

Прадстаўнікі Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі неаднаразова заяўлялі пра тое, што гэта яшчэ мала, трэба плаціць удвая болей. Але жыхары аднаго з дамоў па вуліцы Калініна ў Менску, зь якімі я пагутарыла, лічаць іначай. На думку маіх суразмоўцаў, тэхнічнае абслугоўваньне жытла, якім займаюцца ЖЭСы, нават такіх грошай не каштуе.

(Пэнсіянэрка:) “У мяне, напрыклад, 8.500 бяруць за абслугоўваньне. А што робяць яны для мяне? Нічога. Вось тут трэснула, плінтусы трэба пафарбаваць – ніхто нічога ня робіць. Ня хочуць. Дык а чаму я павінна плаціць?”

(Спадарыня:) “Колькі можна зь людзей браць ды нічога не рабіць? У выходныя дні прыяжджае машына па сьмецьце, як звычайна кантэйнэры перакульваюць і застаецца сьмецьце паўсюль раскіданае. Ніхто не прыбірае”.

(Пэнсіянэр:) “Сумленьня няма ў нашага бацькі Лукашэнкі ды ва ўсіх астатніх арганізацыяў. Вось ён у лістападзе пэнсіянэрам толькі хоча дадаць 10 тысячаў. А колькі ўжо сёлета з нас узялі?”

(Спадар:) “Вось шчыра – прыбіральніцы трэба плаціць. Я й на каленях перад ёй магу пастаяць, так яна прыбірае. А суседні дом – вы б паглядзелі… Гэта не паўсюль”.

Нагадаем таксама, што кіраўнік краіны раней загадаў не падвышаць тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі болей чым на 5 адсоткаў штогод. У Міністэрстве жыльлёва-камунальнай гаспадаркі цьвердзяць, быццам новае падвышэньне платы за тэхнічнае абслугоўваньне гэты загад не парушае.

Чаму адбываецца так, што кошт камунальных паслугаў расьце, а іхная якасьць па-ранейшаму выклікае абурэньне ў людзей? Эканаміст Міхал Залескі кажа, што прычына тут у адсутнасьці сапраўднай канкурэнцыі на рынку жыльлёва-камунальных паслугаў. Ёсьць дзяржаўныя арганізацыі – ЖЭСы, якія павінны аказваць такія паслугі. Але насельнікі дамоў ня могуць выбіраць сабе той ЖЭС, што лепей працуе. Калі здараюцца праблемы, жыхары дамоў найчасьцей вырашаюць іх прыватна, без дапамогі ЖЭСаў. Між тым дзяржава працягвае браць зь людзей грошы.

(Залескі:) “Калі ў мяне зламаўся кран, то я не паклічу баламута зь невядома якой канторы, у мяне ёсьць тэлефон хлопца, які прыйдзе, зробіць усё за пяць хвілінаў цудоўна ды пойдзе. Вось гэта канкурэнцыя. А калі тым баламутам будуць грошы спаганяць з нас на абслугоўваньне іхных, па-сутнасьці, выдаткаў, гэта нічога не дае”.

Паводле спадара Залескага, жыльлёва-камунальныя службы папросту вырашаюць свае эканамічныя праблемы за кошт грамадзянаў. Разам з тым экспэрт адзначае, што патрэба ў якасным тэхнічным абслугоўваньні дамоў узрастае, бо жыльлёвы фонд беларускіх гарадоў старэе. Але сытуацыю не ўратуе нават пашырэньне практыкі кандамініюмаў – усё адно дзяржава будзе вырашаць за насельнікаў дамоў, у якія арганізацыі ім трэба зьвяртацца па пэўныя паслугі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG