Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыйныя структуры Гарадзеншчыны рыхтуюцца да мясцовых сходаў, каб вылучыць дэлегатаў на верасьнёўскі Кангрэс дэмакратычных сілаў


Сяргей Астраўцоў, Горадня Аўторак увогуле — традыцыйны дзень, калі ў Горадні зьбіраецца гарадзкая Рада БНФ. Дарэчы, палітычны ляндшафт у вобласьці пэўным чынам зьмяніўся — пасьля таго, як зарэгістраванымі засталіся адно тыя суполкі, якія мелі юрыдычны адрас у нежылых памяшканьнях.

Традыцыйна лічылася, што на Гарадзеншчыне самыя моцныя структуры мае партыя БНФ. Даволі доўгі час, прынамсі ў самой Горадні, паважнай сілай выглядалі і сацыял-дэмакраты. Сёньня ў БНФ толькі адна зарэгістраваная арганізацыя — Гарадзенская гарадзкая, у сацыял-дэмакратаў такіх структураў няма.

А найлепш у гэтым сэнсе выглядаюць АГП і ПКБ. Пра Аб’яднаную грамадзянскую партыю ў нас некалі гаварылі як пра штосьці зьнікомае: як толькі выбары, нейкая кампанія — яны робяцца заўважнымі, у астатні час пра іх амаль не чуваць. Сёньня АГП мае ў пяці раёнах вобласьці па адной-дзьве першасныя суполкі, а таксама ў Горадні, усяго — 11 зарэгістраваных суполак, пра гэта мне паведаміў мясцовы лідэр партыі Юры Істомін.

Аднак зьмена сытуацыі не паўплывала на ўзаемадачыненьні паміж партыямі. Партыі па-ранейшаму супрацоўнічаюць. Ясна, што тыя, каму ўдалося афіцыйна захаваць свае структуры, адчуваюць сябе больш упэўнена. А ў партыі БНФ, прыкладам, на гэтую тэму размаўляць ня любяць. Яшчэ сёлета чатыры арганізацыі партыі і Руху былі зарэгістраваныя ў адным месцы, іх выселілі праз суд. Сёньня ім зарэгістраваць у адным памяшканьні адразу некалькі суполак не ўдалося. Тым часам АГП свае суполкі ў Горадні мае на адным юрыдычным адрасе. Некаторыя лічаць, што партыя БНФ менш займалася рэгістрацыяй, вось і вынікі. ПКБ таксама выселілі з памяшканьня адначасова з БНФ, але камуністы знайшлі сабе адрас і ўвогуле ня здолелі захаваць толькі дзьве арганізацыі ў райцэнтрах. Вось што распавёў Анатоль Іванчык — кіраўнік абласной арганізацыі ПКБ:

(Іванчык:) “На 1 чэрвеня было восем гарадзкіх і раённых арганізацый і абласная. Плюс сорак восем “пярвічак”. Усе яны былі афіцыйна зарэгістраваныя. Цяпер нас усяго 340 чалавек засталося. У апошні момант мы былі вымушаны на бюро ЦК зьліквідаваць Наваградзкую і Лідзкую арганізацыі, таму што яны былі па кватэрах, іхнія юрыдычныя адрасы”.

Камуністам таксама давялося зьліквідаваць 12 першасных суполак. Раённыя арганізацыі яны маюць у Мастах, Смаргоні, Ваўкавыску, Слоніме і ў Горадні. Паводле спадара Іванчыка, яму даводзіцца кантактаваць з членамі КПБ. У іх людзей менш, а сям-там у раёнах засталося толькі кіраўніцтва. Ён параўноўвае становішча сваёй партыі, якая ў апазыцыі, і сытуацыю КПБ:

(Іванчык:) “Да іх прэтэнзій ніякіх не было, гэта ж свая родная партыя. Ну я хачу сказаць, што яны таксама перажываюць цяжкі момант, як і мы. Новых сяброў партыі мы ня можам набраць і “выміраем як маманты”, таму што камуністычная ідэя ў цяперашні час не карыстаецца ў насельніцтва асаблівай цікавасьцю... Але тым ня менш яны так надзімаюць шчокі, як лібэрал-дэмакраты Гайдукевіча, ну і кажуць, што яны жывуць. Жывуць, натуральна, яны маюць грошы, яны маюць памяшканьні, маюць ільготы, яны ўсё маюць ад дзяржавы”.

На здымку: Анатоль Іванчык
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG