Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым тлумачацца новыя тэндэнцыі ў замежным гандлі Беларусі?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 24 чэрвеня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: журналіст газэты “Белорусский рынок” Кастусь Скуратовіч і эканаміст Валер Дашкевіч.

(Валер Карбалевіч: ) “Статыстычныя матэрыялы па выніках чатырох месяцаў, датычныя разьвіцьця замежнага гандлю Беларусі, зафіксавалі значныя зрухі ў гэтай сфэры. Некаторыя тэндэнцыі можна нават лічыць сэнсацыйнымі. Найперш, зьвяртае на сябе ўвагу тое, што ўпершыню за шмат гадоў Беларусь мае станоўчае сальда ў замежным гандлі, то бок прадае больш, чым купляе, на 770 мільёнаў даляраў. Усе мінулыя гады было наадварот. Адмоўнае сальда складала больш як 1 мільярд даляраў. Прычым экспарт вырас на 22% у параўнаньні з тым жа пэрыядам мінулага году. Перавышэньне экспарту над імпартам — гэта добра для эканомікі. Зь іншага боку, гэта прыкмета эфэктыўнага разьвіцьця нацыянальнай эканомікі. Як вы можаце пракамэнтаваць гэтую зьяву?”

(Кастусь Скуратовіч: ) “Усе ведаюць, што на ўсясьветных рынках вельмі вырасьлі цэны на нафту. Беларусь купляе нафту ў Расеі, перапрацоўвае яе ў нафтапрадукты: бэнзін, масла, керасін, мазут і іншае. Гэта ўсё добра каштуе. Гэтыя прадукты ахвотна купляюць, нягледзячы на палітычныя матывы. Напрыклад, рэзка вырас гандлёвы абарот зь Нідэрляндамі, хоць гэта невялікая краіна. А ўсё тлумачыцца тым, што там ў Амстэрдаме нафтапрадукты перакачваюцца ў танкеры і развозяцца па ўсім сьвеце.

Ці ўзяць трактары. Кажуць, што гэта найважнейшы экспартны тавар. Дамовіліся аб продажы трактароў Пакістану, які купляў іх яшчэ ў савецкі час. Там ёсьць інфраструктура дзеля абслугоўваньня і, наколькі я памятаю, нават зборка гэтых трактароў. Гэта часовая зьява. І як толькі патрэбы Пакістану будуць насычаныя, гандаль трактарамі таксама зьвернецца. І ніякай заслугі кіраўніцтва Беларусі ў зьяўленьні станоўчага сальда няма”.

(Карбалевіч: ) “То бок, згодна з вэрсіяй Скуратовіча, павелічэньне беларускага экспарту — гэта зьбег нейкіх абставінаў, прычым, абставінаў, якія зьявіліся за межамі Беларусі”.

(Валер Дашкевіч: ) “Хацеў бы зьвярнуць увагу на дзьве абставіны. Па-першае, ужо ня першы год 3—4 месяцы ў пачатку году Беларусь мае станоўчае сальда ў замежнагандлёвым абароце. Справа ў тым, што ў пачатку году ідзе працэс заключэньня новых кантрактаў. Таму агульны аб’ём імпарту ў Беларусь зьмяншаецца. Адсюль і станоўчае сальда ў пачатку году. Адзінае, што адрозьнівае сытуацыю цяперашняга году ад папярэдніх, гэта тое, што станоўчае сальда даволі вялікае — звыш 700 мільёнаў даляраў.

Я згодзен з Скуратовічам, што гэта не заслуга беларускай эканомікі ці беларускага ўраду. І гэта ня сьведчаньне павышэньня эфэктыўнасьці нашай эканомікі. Насамрэч гэта вынік зьмены каньюнктуры на сусьветных рынках. Лічбы паказваюць, што амаль на 10% скараціўся імпарт з Расеі. У той жа час экспарт у краіны Эўразьвязу павялічыўся. Гэта адбылося, найперш, за кошт нафтапрадуктаў, цана якіх вырасла ў 1,7 раза, прычым, вырас не фізычны аб’ём, а менавіта іх кошт.

На другім месцы па экспарце ў краіны далёкага замежжа стаяць лесаматэрыялы. І на трэцім месцы — прадукцыя чорнай мэталюргіі. Гэта тая невялікая група тавараў, на якую павялічыўся попыт у Заходняй Эўропе. Беларусь удала выкарыстала гэты момант. І тое, што яна магла перарабляць з расейскай сыравіны, прадала ў Эўропу. Ці захаваецца гэтая тэндэнцыя станоўчага сальда да канца году? Я вельмі сумняваюся. Таму што ў другой палове году імпарт у Беларусь рэзка павялічыцца. Пры тым, што экспарт такімі тэмпамі расьці ня будзе”.

(Карбалевіч: ) “Другой сэнсацыйнай высновай замежнагандлёвага абароту апошніх чатырох месяцаў зьяўляецца зьмена ягонай структуры. Шмат гадоў доля Расеі ў замежным гандлі Беларусі складала каля 60%. Цяпер яна стала менш за палову, недзе 48%. Затое значна ўзрасла доля краінаў Эўразьвязу. Калі браць толькі беларускі экспарт, то тут Эўразьвяз ужо абагнаў Расею: у краіны Эўразьвязу прадаецца 46% ад усяго экспарту Беларусі, а ў Расею — 35%. Прычым, назіраецца значны рост экспарту ў эўрапейскія краіны, за чатыры месяцы ён узрос больш чым ў паўтара разу. І гэта адбываецца на фоне працэсу інтэграцыі з Расеяй і амаль варожых адносінаў з Эўропай. Чым вы гэта растлумачыце?”

(Скуратовіч: ) “Напрыклад, калі ўзяць экспарт тэлевізараў за мяжу, то ў краіны СНД рост продажаў значны, у Расею — нязначны. А ў далёкае замежжа яны ўвогуле не экспартуюцца. Нашых прамысловых тавараў ніхто ў Эўропе купляць ня будзе. Існавала надзея, што атрымаўшы шмат нафтадаляраў, Расея стане на шлях устойлівага разьвіцьця, і нашыя станкі, прамысловае абсталяваньне будзе там купляцца. Але як адзначыў адзін расейскі экспэрт, у краіне адсутнічае мэханізм пераліву капіталу з сыравінных галінаў у іншыя галіны прамысловасьці. Таму попыт на нашую прамысловую прадукцыю ў Расеі не павялічваецца, яна асядае на складах.

Калі так пойдзе далей, то тыя грошы, якія мы цяпер атрымліваем за нафтапрадукты, будзем траціць толькі на імпарт расейскай нафты. А на астатняй прамысловасьці можна і крыж паставіць”.

(Дашкевіч: ) “Справа ў тым, што калі паглядзець на структуру нашага экспарту, асабліва ў краіны Эўразьвязу, то можна характарызаваць яго так: гэта экспарт калёніі ў мэтраполію. Гэта прадукцыя, якая ў лепшым выпадку прайшла адну перапрацоўку. Фактычна, мы прадаем сыравіну для яе далейшай перапрацоўкі ў Эўропе. Гэта па-першае. А па-другое, гэта нават ня нашая прадукцыя. Нафта і нафтапрадукты ў большасьці не належаць беларускім прадпрыемствам. Іх уладальнікамі ад пачатку да канца зьяўляюцца расейцы. Яны робяць першую перапрацоўку нафты на нашых прадпрыемствах. А далей атрыманыя нафтапрадукты ідуць ужо як беларускі экспарт. І калі браць тыя лічбы нашага экспарту, то значная частка даляраў — гэта ня нашыя грошы, якія не затрымаюцца ў Беларусі.

Чаму паменшыўся гандлёвы абарот з Расеяй? Цэны імпарту з Расеі павялічыліся значна менш, чым цэны экспарту ў краіны Эўразьвязу. Гэта асаблівая гульня расейскіх нафтавых кампаніяў, якія ня лічаць патрэбным павышаць цану нафты, пастаўлянай у Беларусь, каб атрымаць максымальную маржу на гатовых нафтапрадуктах. Таму лічбы нашай статыстыкі сапраўдныя, але яны не адлюстроўваюць сапраўднага малюнка беларускага замежнага гандлю”.

(Карбалевіч: ) “Яшчэ адна тэндэнцыя: гандаль з Расеяй за чатыры месяцы скараціўся і ў абсалютных лічбах. Цяпер ён складае толькі 91% ад узроўню мінулага году. Ці толькі праблемай з падаткам на даданую вартасьць гэта можна растлумачыць?”

(Скуратовіч: ) “Я ня буду кранаць праблему падатку на даданую вартасьць, а скажу пра іншае. Калі насельніцтва багацее, у яго мяняюцца спажывецкія арыентацыі. Яму патрэбныя ўжо ня проста тэлевізар, аўтамабіль, а тавары высокай якасьці. Прадукцыю, якую мы вырабляем, тыя ж тэлевізары — гэта другасны прадукт. На ўсясьветным рынку кожны тыдзень зьяўляецца нешта новае. Напрыклад, была ў Беларусі вытворчасьць фотаапаратаў. Потым зьявіліся “мыльніцы”, і ўсё, больш фотаапараты ў Беларусі не вырабляюцца. Ня стала цэлай галіны.

Да такіх тэндэнцыяў трэба было даўно падрыхтавацца і шукаць сваё месца ў гэтых зьменлівых абставінах. А яны могуць памяняцца так рэзка, што мы ўсе тут загінем”.

(Карбалевіч: ) “Наколькі я зразумеў, павелічэньне ў Расеі нафтадаляраў прывяло да таго, што расейцы за гэтыя грошы сталі купляць ня столькі беларускія тавары, колькі больш якасныя тавары заходніх фірмаў”.

(Дашкевіч: ) “Тое, што сказаў Скуратовіч, сапраўды мае месца, але гэта фактар больш доўгатэрміновы. Калі браць той невялікі адрэзак часу, які мы цяпер аналізуем (студзень-красавік гэтага году), то тут больш уплываў чыньнік падатку на даданую вартасьць. Увядзеньне гэтага падатку прывяло да значнага павелічэньня кошту на беларускія тавары ў Расеі. І на іх рэзка скараціўся попыт. Як ілюстрацыя да гэтага: за чатыры месяцы запасы гатовай прадукцыі на складах нашых прадпрыемстваў павялічыліся больш як на 40%.

Думаю, што гэтая праблема часовая. Зь цягам часу яна будзе вырашаная. Найперш таму, што ў Расеі вялікая інфляцыя, за пяць месяцаў гэтага году яна склала 7,3%. Таму ў другой палове году гэтае павелічэньне цэнаў на беларускія тавары за кошт павелічэньня інфляцыі ў Расеі будзе нэўтралізавана. Але ёсьць і іншы, больш уплывовы чыньнік. Гэта запавольваньне эканамічнага росту ў Расеі. У зьвязку з гэтым мы ня зможам нарошчваць продаж сваёй прадукцыі туды, асабліва машынабудаўнічай прадукцыі, транспартных сродкаў”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, можна канстатаваць, што апошнім часам назіраецца вельмі ўразьлівы кантраст паміж тэндэнцыямі ў замежным гандлі Беларусі і ў замежнай палітыцы. Калі ў замежным гандлі расьце роля Эўразьвязу і падае роля Расеі, то ў замежнай палітыцы ўсё наадварот. З Эўразьвязам дачыненьні амаль варожыя і працягваюць ускладняцца. А з Расеяй стасункі паляпшаюцца. Расея прадае і абяцае прадаваць Беларусі ў наступным годзе газ па льготных цэнах, дала крэдыт.

Лукашэнка езьдзіць на саміты такой напалову віртуальнай арганізацыі, як ЭўрАзЭС. Але, калі глядзець па структуры беларускага гандлю, там Беларусі няма чаго рабіць. Таму што доля краінаў СНД, за выключэньнем Расеі і Ўкраіны, у нашых абароце мізэрная. Таму несупадзеньне паміж замежнай палітыкай і замежным гандлем нарастае. Як доўга можа захоўвацца такі кантраст, такія супрацьлеглыя тэндэнцыі? Пакуль сёньня мы ня можам даць адказу на гэтае пытаньне”.
XS
SM
MD
LG