Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Хабарнікаў і злодзеяў вы называеце змагарамі за правы чалавека”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Гэтыя людзі ня вераць у пачутае па “Свабодзе”, абвінавачваюць яе ў неаб’ектыўнасьці і палітычнай ангажаванасьці, часам нават заклікаюць улады, каб тая зноў з дапамогай так званых “глушылак” замінала слухачам настройвацца на нашыя хвалі. І тым ня менш нешта прымушае гэтых жа людзей, якія катэгарычна не пагаджаюцца з намі, амаль кожны вечар уключаць радыёпрыймач і шукаць менавіта хвалю “Свабоды”.

Адна з такіх слухачак — Лідзія Палюхіна з Воранаўскага раёну. Свайго сапраўднага прозьвішча і адрасу яна не называе, спасылаецца на тое, што баіцца перасьледу з боку апазыцыі. У сваім лісьце на “Свабоду” Лідзія Палюхіна піша:

“Чым больш ваша радыё нясе несправядлівасьці, няпраўды, тым больш яно адштурхоўвае ад сябе народ. Напрыклад, Бандажэўскага вы называеце добрым чалавекам, барацьбітом за справядлівасьць. І многіх такіх жа, як ён, — напрыклад, Марыніча. Але ж усім вядома, што адзін зь іх хабарнік, а другі злодзей. І многіх з тых, хто сядзіць у турме за падобныя злачынствы, усялякіх прайдзісьветаў, якія падрывалі нашу дзяржаву, вы называеце барацьбітамі за правы чалавека. Як можна перадаваць такую несправядлівасьць?”

Асабліва вялікае абурэньне Лідзіі Палюхінай з Воранаўскага раёну выклікала асьвятленьне леташняга рэфэрэндуму і парлямэнцкіх выбараў. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Перад выбарамі прыяжджалі да нас у вёску на легкавой машыне два апазыцыянэры, прасілі падпісацца за кандыдата ў дэпутаты ад апазыцыі. Я хацела запярэчыць, дык адзін зь іх кажа: “Вы падпішыцеся, а галасаваць потым будзеце, як захочаце”. Вось як яны адпрацоўвалі свае даляры — іх нават не хвалявала, за каго я буду галасаваць. Вядома, мне давялося падпісацца. І так зрабіла ўся вёска. Бо страшна: у вёсцы няма міліцыянта, няма каму абараніць нас ад такіх, так бы мовіць, “гасьцей”. Што, як яны вернуцца ўначы ды адпомсьцяць?

Затое на выбарах мы ўсе як адзін галасавалі за кандыдата ад улады. Галасавалі датэрмінова, бо не маглі дачакацца нядзелі, так хацелася хутчэй заступіцца за свайго прэзыдэнта і за ўладу. Вось так было ў нашым раёне. Думаю, што гэтак жа і па ўсёй Беларусі. Мяркую, што вы таксама ўсё гэта добра разумееце і бачыце, але вам трэба адпрацоўваць даляры — таму і несяце на свой народ абы-што”.

Заканчвае свой ліст Лідзія Палюхіна з Воранаўскага раёну наступным чынам:

“Мы ганарымся сваім прэзыдэнтам. Яму працаваць вельмі і вельмі складана — ворагаў шмат. Але ён здолее ўсім ім даць дастойны адпор. Ён не прыніжаецца перад капіталістамі, трымаецца горда і незалежна. Я разумею, ваша радыё апазыцыйнае, яно павінна падаваць нэгатыў, вас да гэтага змушаюць. Але нэгатыў жа трэба праўдзівы, а ня выдуманы. Тым больш, што ў нашай краіне ёсьць шмат і нэгатыўнага. Вось і падавайце гэта: мы будзем толькі ўдзячныя”.

Радыё Свабода, спадарыня Палюхіна, існуе ня дзеля таго, каб падаваць нэгатыў ці служыць апазыцыі. У Беларусі (як, на жаль, і ў многіх іншых дзяржавах, на якія вяшчае “Свабода”) людзі пазбаўленыя магчымасьці мець дакладную і поўную інфармацыю пра тое, што адбываецца ў іх краіне і вакол яе. А ня ведаючы праўдзівых навінаў і разнастайных меркаваньняў і поглядаў на розныя праблемы, цяжка арыентавацца і рабіць самастойныя высновы, складана рабіць асэнсаваны выбар, у тым ліку падчас палітычных кампаніяў. Вось вы цалкам верыце рашэньням беларускіх судоў, паводле якіх прафэсар Бандажэўскі асуджаны як хабарнік, а былы міністар і амбасадар Марыніч — як злодзей. Але тысячы людзей у Беларусі і за яе межамі лічаць інакш. Ёсьць доказы і высновы кваліфікаваных спэцыялістаў і экспэртаў пра тое, наколькі хісткімі былі абвінавачаньні, прад’яўленыя гэтым людзям, і якія сур’ёзныя палітычныя матывы былі ў тых, хто санкцыянаваў арышты. Адсюль і такія маштабныя пратэсты, і патрабаваньні вызваліць гэтых вязьняў. Мы лічым, што вы, спадарыня Палюхіна, як і тысячы іншых нашых слухачоў, маеце права ведаць поўную інфармацыю пра ўсе абставіны гэтых справаў — падкрэсьлю — УСЕ, а ня толькі тыя, якія выгадныя таму ці іншаму боку, што задзейнічаныя ў канфліктах.

Гэта датычыць і выбараў, і рэфэрэндумаў, і любых сацыяльных праблемаў. Вось, для прыкладу, вы, спадарыня Палюхіна, лічыце, што ўсе як адзін вашы аднавяскоўцы галасавалі на выбарах за вылучэнца ад улады. Пра гэта вы мяркуеце, напэўна, абапіраючыся на лічбы, якія падала выбарчая камісія. Але няўжо вы, сустракаючыся і гутарачы са сваімі суседзямі і знаёмымі, не заўважалі, што яны думаюць і мяркуюць па-рознаму? Няўжо ў вас не выклікалі сумневу афіцыйныя лічбы, якія адлюстроўваюць такую стопрацэнтную аднадушнасьць? Калі вы сапраўды хочаце даведацца праўду, то павінны выкарыстаць розныя крыніцы інфармацыі, паслухаць меркаваньні розных людзей. Толькі пасьля гэтага зможаце самастойна зрабіць уласную асэнсаваную выснову наконт падзеі. Менавіта на гэтым грунтуюцца асноўныя прынцыпы дзейнасьці Радыё Свабода.

У наступных двух лістах, якія я выбраў для сёньняшняга агляду, слухачы зьвяртаюцца да адной і той жа тэмы — ролі і месца стваральніка Беларускага Народнага Фронту Зянона Пазьняка ў сучаснай палітыцы Беларусі. Напачатку допіс даўняга і пасьлядоўнага прыхільніка Пазьняка — афіцэра ў адстаўцы Міколы Канаховіча з Пружанаў. Зьвяртаючыся да кіраўнікоў дэмакратычных партыяў і рухаў, ён піша:

“Вы там у сталіцы валтузіцеся між сабой, як скарпіёны ў слоіку, дзелячы пасаду прэзыдэнта. Хоць нікому з вас ніколі не пабачыць той пасады. Таму што супраць сілы патрэбна адпаведная сіла, а не пустая балбатня — кшталту падтрымкі нейкага там прарасейца Марыніча. Сёньня неабходна, так бы мовіць, узводзіць барыкады супраць расейскага рубля — а вы заняты ратаваньнем саломінкі.

Ёсьць толькі адна сіла ў Беларусі — Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ пад кіраўніцтвам лідэра нацыянальнага адраджэньня Зянона Пазьняка, якая пасьлядоўна, бескампрамісна і рашуча змагаецца супраць марыянэтачнага рэжыму і расейскай акупацыі. А вы ня толькі не дапамагаеце Пазьняку ратаваць Беларусь, а наадварот — змагаецеся супраць яго.

Калі вы, спадары вызваліцелі, ня пойдзеце на падтрымку Зянона Пазьняка, калі не арганізуеце агульнанароднай барацьбы супраць расейскай акупацыі (якой па сутнасьці ёсьць увядзеньне расейскага рубля), дык ужо на пачатку вясны-лета 2006 году ўсе вашы партыі сілавым рашэньнем будуць забароненыя, а вы, іхныя лідэры, будзеце выкінуты на сьметнік”.

Ня думаю, спадар Канаховіч, што вы маеце рацыю, гаворачы ў такім паблажліва-прыніжальным тоне наконт лёсу Міхаіла Марыніча і намаганьняў, якія прыкладаюць людзі ў Беларусі і за яе межамі дзеля вызваленьня палітвязьня. Гэта толькі здаецца, што для палітыкаў ёсьць больш важныя праблемы, чым лёс асобнага незаконна пакрыўджанага чалавека. Насамрэч жа там, дзе безабаронны адзін чалавек — там вялікія праблемы і з усімі агульнадэмакратычнымі каштоўнасьцямі, пра якія вы, спадар Канаховіч, разважаеце ў сваім лісьце.

А што да асобы Зянона Пазьняка, то на гэты конт своеасаблівы завочны адказ дае вам у сваім лісьце Анатоль Жэрдзеў з Гомелю. Невялікі ўрывак зь ягонага допіса:

“Некалькі месяцаў таму я пісаў наконт Зянона Пазьняка — што за апошнія гады ён, мо, набыў досьвед. Як кажуць, за аднаго бітага двух нябітых даюць. Але, паслухаўшы яго імпэтныя выказваньні з нагоды дзесяцігодзьдзя галадоўкі ў беларускім парлямэнце, цалкам расчараваны ў ім. Як і раней, ён лічыць, што ўсе, акрамя яго, памыляюцца. Але ж гэта ня так.

Абвінавачваю яго і Шушкевіча ў тым, што падчас першых прэзыдэнцкіх выбараў яны не падтрымалі Генадзя Карпенку, а самі, стукнуўшыся, як бараны, ілбамі, адляцелі на ўзбочыну палітычнага жыцьця. Гэтым яны прынесьлі Беларусі непапраўную шкоду. Але ніводзін зь іх дагэтуль не пакаяўся ў тым. А яшчэ вельмі мне не падабаюцца гістарычныя практыкаваньні Пазьняка русафобскага кшталту”.

Такое вось супярэчлівае стаўленьне да асобы стваральніка Беларускага Народнага Фронту Зянона Пазьняка ў двух нашых слухачоў, якія, дарэчы, у мінулым абодва былі вайскоўцамі, афіцэрамі і абодва лічаць сябе дэмакратамі. Відавочна, гэтак жа розьняцца ацэнкі дзейнасьці Зянона Пазьняка і ў грамадзтве. З аднаго боку, гэта гісторык і грамадзкі дзеяч, які першы сказаў беларусам праўду пра Курапаты і які разам дэмакратычнай часткай Вярхоўнага Савету на пачатку 1990-х гадоў вёў Беларусь да незалежнасьці; з другога — гэта дзейны палітык, які ўжо дзясяты год жыве ў эміграцыі, кіраўнік Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, рэйтынг якой вымяраецца нязначнай лічбай.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG