Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

26 чэрвеня Мікалай Гастэла накіраваў свой самалёт на нямецкую танкавую калёну


RFE/RL Каляндар Свабоды – 26 і 27 чэрвеня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 26 і 27 чэрвеня.

Спачатку – пра каляндар мінулае нядзелі.

Учора ў Беларусі афіцыйна адзначаўся Дзень работнікаў пракуратуры. У адрозьненьне ад іншых прафэсійных сьвятаў, гэтае не супадае з календарамі іншых краінаў СНД, гэта значыць, не зьяўляецца спадчынай савецкага календара. Але не спасылаецца яно і на далёкую гісторыю, як напрыклад, у Расеі, дзе пракуратура сьвяткуе дату заснаваньня царом Пятром І інстытуту пракурораў. Пракуратура незалежнай Беларусі далей савецкага пэрыяду гісторыі не пайшла і сваё прафэсійнае сьвята адзначае ў дзень, калі ў 1922-м годзе была пранятая пастанова ЦВК БССР пра стварэньне адпаведнай інстытуцыі.

Сёньня адзначае свой дзень нараджэньня актор Віцебскага тэатру імя Якуба Коласа Ўладзімер Куляшоў, які найлепшым чынам увасобіў вобраз Кастуся Каліноўскага ў спэктаклі паводле аднайменнай п’есы Ўладзімера Караткевіча. Уладзімер Куляшоў нарадзіўся ў 1941 годзе.

А яшчэ 26 чэрвеня – у 1909 годзе прыйшоў на сьвет гісторык літаратуры Антон Адамовіч. Мянчук Адамовіч вучыўся ў БДУ і ўжо ў 19 гадоў напісаў манаграфію пра творчасьць Максіма Гарэцкага. Аднак праз два гады, у 1930-м, быў арыштаваны НКВД і высланы ў Расею, адкуль вярнуўся ажно праз восем гадоў. У часе другой сусьветнай вайны працаваў у розных установах акупацыйнае адміністрацыі. Пасьля патрапіў у Нямеччыну, дзе стаў рэдактарам беларускіх пэрыёдыкаў, пэўны час быў кіраўніком беларускае службы Радыё Свабода. З 1960 году жыў у ЗША, дзе выдаў некалькі кніг у галіне беларускага літаратуразнаўства і паліталёгіі.

26 чэрвеня ў 1941 годзе савецкі лётчык Мікалай Гастэла накіраваў свой ахоплены полымем самалёт у піке і ўрэзаўся ў нямецкую танкавую калёну. Адбылося гэта на старым Віленскім шляху каля Радашкавічаў. Подзьвіг Гастэлы стаў хрэстаматыйным.

Цяпер – пра каляндар сёньняшняга дня.

Сёньня – Сусьветны дзень рыбалоўства, які адзначаецца з 1984 году.

27 чэрвеня ў розныя гады нарадзіліся беларускі вучоны Аляксандар Дубах – першы тэарэтык балотазнаўства, і Віктар Вярсоцкі – мастак-пэйзажыст, заслужаны дзяяч культуры Беларусі.

А яшчэ 27 чэрвеня ў 1944-м годзе ў Менску пачаўся Другі Ўсебеларускі Кангрэс, апошні такога маштабу сход прыхільнікаў дзяржаўнае незалежнасьці Беларусі на ўласна беларускай тэрыторыі. Наступныя такія сходы адбудуцца толькі праз паўстагодзьдзя. А праходзіў Другі Ўсебеларускі Кангрэс у цяперашнім тэатры імя Янкі Купалы.

Наагул жа гэтыя дні – сёньня і заўтра – аб’ядноўваюць падзеі гісторыі ў суседняй Украіне. 27 чэрвеня 1709 году адбылася крывавая сеча пад Палтавай, у якой швэды і іхны хаўрусьнік Іван Мазепа панесьлі паразу ад расейскага войска. 27 чэрвеня 1905 году на браняносцы “Пацёмкін“ у Севастопалі ўспыхнула паўстаньне матросаў, якія адмовіліся есьці боршч з гнілым мясам. 27 чэрвеня 1964 году ў Вашынгтоне быў адкрыты помнік Тарасу Шаўчэнку. Статуя ўкраінскага кабзара ў поўны рост разьмясьцілася ва ўтульным кутку ў самым цэнтры амэрыканскай сталіцы. А заўтра ва Ўкраіне – Дзень канстытуцыі.
XS
SM
MD
LG