Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Глеба прадаюць у "Арсэнал" -- сума зьдзелкі можа дасягнуць 15 мільёнаў эўра


Ул.інф./Паводле БелаПАН Афіцыйны сайт ангельскага футбольнага клюбу Arsenal.com паведамляе, што 24-гадовы паўабаронца нацыянальнай зборнай Беларусі Аляксандар Глеб пераходзіць у іх клюб зь нямецкага "Штутгарту". Кантракт будзе падпісаны ў сераду пасьля мэдычнага абсьледаваньня футбаліста. Сума зьдзелкі можа дасягнуць 15 мільёнаў эўра, паведамляе arsenal.com.

Сайт "Штутгарту" цытуе спартовага дырэктара гэтага нямецкага клюбу Гербэрта Брыма: "Я задаволены, што працяглыя спэкуляцыі на гэтую тэму скончаныя. Алекс вельмі хацеў перайсьці ў "Арсэнал". У нас былі пэўныя ўмовы, выкананьне якіх рабіла магчымым гэты пераход. Цяпер яны выкананыя. З аднаго боку, мы бачылі Алекса і надалей у складзе нашай каманды, з другога - гэты трансфэр адкрывае нам новыя пэрспэктывы. Найбліжэйшымі днямі мы прымем адпаведныя рашэньні, і ў першым туры новага сэзону ў барацьбу ўступіць абсалютна баяздольная каманда".

Сайт "Арсэналу" цытуе трэнэра ангельскай каманды Арсэна Вэнгера: "Мы радыя, што Аляксандар Глеб пагадзіўся далучыцца да нас. Гэта футбаліст, якім я захапляюся. Зь ягоным прыходам гульня каманды набудзе новую якасьць. Глеб паказаў свае здольнасьці ў Бундэслізе, і ў яго ёсьць патэнцыял для добрага выступленьня ў "Арсэнале"".

Аляксандар Глеб выступаў за "Штутгарт" зь ліпеня 2000 году. Правёў 137 матчаў, забіў 13 мячоў.
XS
SM
MD
LG