Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяз сала куса няма жыцьця ў беларуса


Сяргей Вітушка, Вільня Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Бяз сала куса няма жыцьця ў Беларусі – у доказ хачу прывесьці асабістую гісторыю. Быў у нас такі клюб “Талака”, мы зьбіраліся, любілі вывучыць песьні і наладзіць нейкае сьвята – Купальле ці Каляды.

І вось аднойчы калядавалі ў Менску. На трамвайчыку мы аб’ехалі ўвесь горад – пабывалі і ў Зялёным лузе, і на Камароўцы, і ў Серабранцы. Заходзілі ў кватэры да сяброў, а побач не міналі й кватэраў суседзяў. Паўсюль нас сустракалі вельмі добра і шчодра частавалі за нашыя песьні. Мы накалядавалі цэлы мех прысмакаў, вярнуліся туды, дзе пачыналі, – у кватэру Віктара Івашкевіча. Вывернулі ўсе тыя прысмакі на стол, і цэлая гара атрымалася. Давялося кілбасу рэзаць на сале. Тады першы тост мы выпілі за Беларусь – багатую краіну. А пад другі тост нарэзалі ўжо сальца, а не кілбасы. І сальца трапілася такое нетаўстое – падбрушша. Яно, як ведаеце, з чырвонай мясной праслоечкай. Калі лустачку такога сала нанізаць на відэлец, падняць высока, то выглядае, як беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг. Тады мы ўсе зразумелі, адкуль ідзе незьнішчальная народная любоў да нашых патрыятычных колераў.

Так што трэба памятаць: бяз сала куса няма жыцьця ў беларуса.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)
XS
SM
MD
LG