Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 27 чэрвеня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 27 чэрвеня.

“Іскра”, 1925 год:

“Добра ведаеце, сколькі ўжо пашло газэт беларускіх на той сьвет, дзякуючы частым канфіскацыям. Ня лепшы лёс спаткаў толькі што нарадзіўшуюся нашу газэту “Іскра”: з першых трох нумароў два былі сканфіскаваны! Для нас — гэта забойства. Газэта ня ў сілах пакрываць вялізарныя страты ад гэтага, якія могуць давясьці і нашу часопісь да перадчаснае сьмерці. Наша газэта служыць беларускаму працоўнаму сялянска-работніцкаму народу. Дык Ваш абавязак да гэтага не дапусьціць. Споўніце свой прад ею абавязак! Сьпяшыце прыслаць грошы, хто вінават газэце”.

“Звязда”, 1935 год:

“У Менск прыехаў з Рэчыцкага раёна талантлівы мастак-самавучка Рэдзько Міхась. 15-гадовы сын калгасніка сельгасарцелі імя Дзяржынскага Рэдзько ў гэтым годзе скончыў няпоўную сярэднюю школу. Ён мае задаткі мастака. Яму асабліва ўдаюцца партрэты. Рэдзько прывёз з сабой 9 намаляваных ім алоўкам вялікіх партрэтаў, у тым ліку партрэты тт. Сталіна, Варашылава і Жданава. Малады мастак-самавучка будзе накірован на вучобу за кошт дзяржавы”.

“Советская Белоруссия”, 1995 год. Паведамленьне Міністэрства статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь “Аб сярэднямесячнай заработнай плаце рабочых і служачых”:

“Мінстат Рэспублікі Беларусь паведамляе, што сярэдняя заработная плата рабочых і службоўцаў у траўні 1995 году склала 786.811 рублёў (у красавіку было 743.758). У студзені-траўні яна склала 604.295 рублёў і ўзрасла ў параўнаньні з адпаведным пэрыядам мінулага году ў 17 разоў”.
XS
SM
MD
LG